Вы тут

Меч і ружа


Кавальства з даўніх часоў лічылася рамяством таямнічым, сакральным.


У вірлівых языках полымя нараджаўся цуд. І няважна, была гэта звычайная падкова альбо ажурная падвеска. Каваныя рэчы захоўваюць у сабе жывое цяпло агню і часцінку душы майстра, аберагаюць дом, надаюць адметнасць інтэр’еру. Разам з Яўгенам САХУТАМ, старшынёй Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам, аўтарам кнігі “Беларускае народнае кавальства”, мы прасачылі шлях развіцця кавальскага рамяства на беларускіх землях ад старажытнасці да сённяшніх дзён.

Утаймаваць агонь

Кавальства на беларускіх землях зарадзілася ў далёкай старажытнасці (прыкладна VII-VIII стст. да нашай эры). Нашы продкі пачалі выплаўляць жалеза з балотнай руды. Беларуская зямля захавала шмат сведчанняў слаўнага мінулага. Якія толькі каштоўнасці не знаходзілі археолагі пры раскопках: сярпы, долата, малаткі, напільнікі, рыбалоўныя гаплікі, цвікі, брытвы, наканечнікі дзід і стрэл, нават філігранныя падвескі і бранзалеты.

Першымі карыстацца вырабамі з жалеза пачалі плямёны мілаградскай культуры, якія пражывалі на Палессі, у басейне ракі Прыпяць. Вёскі з назвай Рудня і з аднакарэннымі назвамі і сёння можна знайсці на карце Беларусі. А прозвішчы Кавалёнак, Кавалёў, Кавальчук, Кавальскі – вельмі папулярныя ў той мясцовасці. І невыпадкова, бо яны бяруць свой пачатак ад важнага старажытнага занятку нашых продкаў – кавальства. Каня падкаваць, барану паправіць, зрабіць матыкі, касу, сашнік – кавалі без працы не сядзелі. Няспынна даносіўся з кузні гучны перастук падчас пасяўной і жніва. “Валадары” агню і металу жылі практычна ў кожным мястэчку.

На мяжы Х-ХІ стагоддзяў кавальскае рамяство падзяляецца на гарадское і сельскае. Вырабы адрозніваюцца па якасці і асартыменце. У сельскіх кавалёў не было пышнасці або вытанчанасці. Нічога дзіўнага. Яны рабілі простыя, але патрэбныя кожнай сям'і прадметы побыту: падковы, нажы, косы і сярпы. Іншая карціна была ў горадзе. У неспакойныя часы войнаў і міжусобіц самым галоўным было ўмацаваць войска. Да кавалёў прыходзілі за мячамі, дзідамі, шчытамі, кальчугамі. На рукаяткі мячоў наносілася рэльефная разьба, на іх мудрагеліста перапляталіся срэбраныя і медныя змейкі. Многія вырабы былі сапраўднымі творамі мастацтва! Феадалы, магнаты, святары... У кузні заўсёды было поўна народу. Майстры павінны былі ўвесь час удасканальваць сваё майстэрства, асвойваць новыя тэхналогіі, пераймаць дасягненні і вопыт сваіх калег, каб заказчык не сышоў да канкурэнта.

Першая палова XVI стагоддзя. У Вялікім Княстве Літоўскім – «Залаты век». Развіваліся гарады і мястэчкі, наладжваліся гандлёвыя сувязі. У беларускіх кавалёў з'явілася высакаякаснае «заморскае» жалеза. Узводзіліся замкі розных тыпаў і канструкцый, якія адрозніваліся не толькі складанай будовай, але і прывабным, вытанчаным унутраным дызайнам. Рамеснікі сталі аб'ядноўвацца ў прафесійныя супольнасці – цэхі (тэндэнцыя прыйшла на нашы землі з захаду). Кавальскія цэхі адкрыліся ў Гродне, Мінску, Магілёве, Полацку, Віцебску. Трапіць туды было няпроста: вучоба займала ад трох да дзесяці гадоў, плюс выпускны іспыт. Старшыні цэхаў ацэньвалі талент і майстэрства па выніковай працы: «шэдэўру» або «штучцы». Цаніліся арыгінальнасць, складанасць кавання, трываласць вырабу.

У сярэдзіне XVII стагоддзя па нашых землях вогненным шарам пракацілася руска-шведская вайна. Рамесніцтва прыйшло ў заняпад. Лічбы гэта пацвярджаюць: у Віцебску, найбуйнейшым рамесным цэнтры,  працавалі ўсяго тры кавалі, у Гродне ў 1680 годзе іх засталося 12 замест сотні. Але заказы, хоць і не такія вялікія, як раней, усё ж былі. У асноўным ваенныя і бытавыя: выраб мячоў, замкоў, падсвечнікаў, прылад працы.

З цягам часу ў моду сталі ўваходзіць ажурныя жалезныя вырабы. Тут варта ўспомніць Паўлюка Багрыма з яго непаўторным тварэннем – жырандоллю, якая нагадвае велічную каралеўскую карону. Беларускі каваль-легенда стварыў цуд, адлюстраваўшы ў метале палёт жаўрукоў, сплеценыя вянком кветкі. Праца народнага самародка і сёння вісіць пад скляпеннямі касцёла Божага Цела ў вёсцы Крашын.

З сярэдзіны XIX стагоддзя прамысловая вытворчасць стала выцясняць рамесную працу. Цэхі рамеснікаў закрываліся. Правілы гульні пачала дыктаваць індустрыялізацыя. Але ў той жа час кавальства набывае шырокую папулярнасць у вёсках, дзе свае кавалі за пэўнае ўзнагароджанне аказвалі патрэбныя паслугі.

Звонкія “спевы”

Працавалі кавалі ў асобным памяшканні – кузні. Звычайна гэта была простая драўляная хатка, якую ставілі далей ад жытла людзей, на водшыбе. Майстар ведаў: адзін неакуратны рух – і языкі полымя ўміг ахопяць кузню і нават суседнія дамы. Рызыкаваць было нельга.

Але такая адчужанасць і загадкавасць (каваля “слухаўся” агонь!) палохала многіх людзей. Нярэдка кавалёў называлі ведзьмакамі, прыпісвалі ім чараўнічыя сілы. Верылі, што ён можа не толькі ствараць цуды ювелірнага мастацтва, але нават лячыць людзей ад хвароб і пазбаўляць ад напасцяў.

Тры кіты, на якіх трымалася цяжкая праца ў кузні, – горан, кавадла і молат. У горне (спецыяльнай печы) адбывалася таемства ператварэння цвёрдага жалеза ў мяккі і падатлівы матэрыял. Раздзімалі агонь спецыяльным мехам-гармонікам. Прынцып працы класічнага кавальскага горна даволі просты. На палаючыя вугольчыкі ставяцца загатоўкі і  награваюцца да чырвані, потым іх хутка пераносяць на кавадлу. Нездарма кажуць у народзе: «куй жалеза, пакуль гарачае». Кавадла стаіць пасярод кузні нібы алтар у храме. Гэта велізарны металічны куб з адным ці двума ... рагамі! Незвычайныя штукі прыробленыя не проста так, для прыгажосці. На іх рабілі тонкую, ювелірную працу: гнулі дубчыкі, раскатвалі кольцы.

У арсенале прафесіянала было некалькі малаткоў. Самы вялікі, кувалда, служыў для апрацоўкі разагрэтых загатовак. Махіна важыла каля васьмі кілаграмаў! Нядзіўна, што ў кавальскім рамястве не было жанчын. Паспрабуй падымі такі цяжар! Кавалям часта дапамагаў вучань- малатабоец. Часцей за ўсё гэта быў сын майстра, які пазнаваў тонкасці прафесіі ўжо з дзяцінства.

У добрага спецыяліста быў пад рукой вялікі набор клешчаў. Асабліва калі ён займаўся тонкай мастацкай працай: каваў агароджы, крыжы. Для завострывання прылады выкарыстоўвалі тачыла – круглы камень, надзеты на гранёную вось з дзяржаннем. Песня-звон не сціхала ў кузні з рання да змяркання.

Часцей за ўсё да каваля прыходзілі з канём. Падкаваць. Каб улетку гняды не збіваў капыты, а зімой не слізгаў па лёдзе. Нашы продкі вельмі шанавалі скакуноў. А каб прывабіць, «падкаваць» свой уласны поспех, вешалі падковы ў хаце над дзвярамі.

«Абуць» каня ў жалезныя “чаравічкі” – справа няхітрая, яна была па сілах любому кавалю. Усё вырашалі яго шпаркасць, спрыт і ўменне. Менавіта ад гэтай працы залежала рэпутацыя майстра. Загнаў цвік глыбока ў капыт – конь пачне кульгаць, блізка ад краю – падкова адваліцца. І грош цана такому кавалю. Дарога да яго майстэрні зарастала пустазеллем. Самыя цікаўныя кліенты назіралі, колькі разоў каваль засоўваў загатоўку ў горан: добры прафесіянал спраўляўся з вырабам за рэкордныя 4-5 разагрэваў.

На хвалі адраджэння

З цягам часу кузні на Беларусі пачалі знікаць. Рынак напаўнялі заводскія вырабы: штампуюцца яны хутчэй ды і каштуюць менш. Але сёння на хвалі нацыянальна-культурнага адраджэння, калі цэніцца ўнікальнасць і непаўторнасць традыцыйнага народнага майстэрства, да кавальства зноў вяртаецца былая слава. За горан становяцца маладыя майстры. Заказаў у іх шмат. Мастацкая коўка сёння перажывае адраджэнне. Кавалі сталі шукаць новыя напрамкі і формы. Раскошныя ажурныя вырабы, узорныя агароджы і брылі над ганкам, мэбля для загарадных дамоў, падсвечнікі, жырандолі, рашоткі для камінаў ізноў увайшлі ў моду.

Каванымі вырабамі ўпрыгожылі Траецкае прадмесце ў Мінску, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, іншыя культурныя ўстановы ў розных кутках Беларусі. Майстры часта сустракаюцца, дзеляцца вопытам, ведамі і ўменнямі, ладзяць сумесныя  фестывалі і святы, сярод якіх самыя вядомыя – “Багрымаў перазвон” (у гонар славутага паэта і каваля Паўлюка Багрыма), “Залатая падкова”. Дэманструюць сваё майстэрства на "Дажынках", "Славянскім базары ў Віцебску".  Кожны год нашы ўмельцы ездзяць і на прэстыжныя міжнародныя фестывалі, прафесійныя форумы. Без узнагарод, вядома, не вяртаюцца.

На вачах у зацікаўленых гледачоў падчас святаў кавалі, як у даўніну, выкоўваюць цвікі, падковы. Вырабы разбіраюць у імгненне – гэта лепшыя сувеніры на памяць. Гледачы прыходзяць у захапленне ад разьбяных падсвечнікаў, дэкаратыўных пано, попельніц у выглядзе мудрагелістых звяркоў.

Асаблівы кірунак у сучасным кавальскім рамястве – рэканструкцыя рыцарскіх даспехаў. Зіхатлівыя мячы, шлемы, выкаваныя нашымі майстрамі, захоўваюцца ў многіх музеях і прыватных калекцыях. Вайсковую амуніцыю заказваюць удзельнікі шматлікіх гістарычных клубаў.

Аўтэнтычнае можа быць сучасным! І кавалі гэта даказалі. У XXI стагоддзі ў старажытным рамястве цесна пераплятаюцца багатыя даўнія нацыянальныя традыцыі і новыя мастацкія кірункі. Ці не таму кожная выкаваная рэч здаецца цудам?

Самародкі

Глыбокае – невялікі горад на поўначы Беларусі. Менавіта тут у канцы 1980-х прайшоў першы ў нашай краіне фестываль кавалёў. Ён стаў месцам прыцягнення не толькі беларускіх майстроў, але і ўмельцаў з Урала, Казахстана, Таджыкістана, Чэхіі, Германіі. Ля вытокаў адраджэння забытых традыцый стаяў каваль Аляксандр Дубіна. Тонкасці справы ён спасцігаў сам, у савецкі час аб спецыяльным навучанні мастацкаму каванню можна было толькі марыць. Аляксандр Дубіна, каб стаць сапраўдным майстрам, хадзіў па вёсках, знаёміўся з дзядулямі, якія калісьці працавалі кавалямі. На жаль, кавальская справа на той час была амаль што згублена. Але яму ўдалося адрадзіць старажытнае майстэрства. Некаторыя з яго фантастычных твораў сёння можна пабачыць у краязнаўчым музеі Глыбокага.

У народзе пра такіх кажуць – самародкі. Усяму, што ўмеў і ведаў, Аляксандр навучыў сына Дзяніса. Захапіў. Зацікавіў. І сёння сын працягвае традыцыю бацькі, рупліва і дбайна, з душой апрацоўваючы кожную дэталь. Бо ўпэўнены, што штампоўка вырабаў, як пад капірку, знішчае ўвесь дыхт і прыгажосць.

Дарэчы, студыя “Беларусьфільм” зняла дакументальную стужку “Меч і ружа” пра Аляксандра і Дзяніса Дубінаў. Сёння вуліцы Глыбокага ўпрыгожваюць вырабы майстроў – вытанчаныя вароты, ліхтары, лаўкі, арэлі. Распазнаць іх нескладана. Спрадвеку кавалі ўпрыгожвалі свае працы кляймом з уласным імем. І, калі добра прыгледзецца, вы ўбачыце стылізаваныя літары А і Д – пачатковыя ад імёнаў бацькі і сына. Сімвал захавання традыцый, сямейнай справы – улюбёнага кавальскага рамясла.

Хрысціна ХІЛЬКО

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?