Вы тут

Як Мінск летам ператвараецца ў горад-свята


«Мінск так змяніўся!» Гэтая фраза гучыць з вуснаў кожнага, хто быў знаёмы са сталіцай хоць бы пяцігадовай даўнасці. І карэнныя мінчане, і жыхары іншых рэгіёнаў, якія наведваліся ў сталіцу некалькі разоў на год, і даўнія мігранты сыходзяцца ў адным — Мінск імкліва змяняецца, прычым у лепшы бок. Калі раней турысты часцей узнагароджвалі горад эпітэтамі «спакойны» і «расслабляльны», то цяпер яны здзіўлена ўсклікаюць: «Нідзе яшчэ не бачылі такіх маштабных вечарынак!». Адзін з пунктаў, які робіць горад прывабным для турыстаў і мінчан, — шматлікія фестывалі, якія ў цёплую пару года набываюць асабліва шырокі размах.


Сёння ў Карэю ці ў Грэцыю?

Наогул фармат фестываляў пачаў настолькі актыўна выкарыстоўвацца ў Мінску ўсяго некалькі гадоў таму, але ўжо цяпер немагчыма ўявіць сабе той жа Верхні горад у выхадныя дні без гучнай музыкі і вясёлых натоўпаў. Да добрага хутка прызвычайваешся. Тым больш што забавы па гусце знойдуцца для кожнага: тут і канцэрты, і святы нацыянальных культур, і тэатральныя, і кінафестывалі, і нават мерапрыемствы, дзе пануе ежа. І самае прыемнае — амаль усюды можна трапіць бясплатна. Але пра ўсё па парадку.

Пачнём з таго, што, безумоўна, галоўнай пляцоўкай горада і цэнтрам прыцягнення ўсеагульнай увагі летам становіцца той самы Верхні горад. Уся справа ў тым, што калі не ведаеш, чым заняцца ў выхадныя, дакладна можна ісці туды: сумаваць не давядзецца. Амаль кожныя выхадныя, пачынаючы ўжо з 2 чэрвеня, у Верхнім горадзе будуць праходзіць дні нацыянальных культур. Упершыню такое мерапрыемства правялі ў 2015 годзе, тады можна было ўбачыць шырыню грузінскай душы на традыцыйным свяце «Тбілісоба». Дарэчы, яно да гэтага часу застаецца самым маштабным сярод нацыянальных. Так, летась на «Тбілісобе» пабывала каля 100 тысяч чалавек! Сёлета свята пройдзе ў першыя выхадныя верасня.

Усяго ж на цёплы час года ў беларускай сталіцы запланавана 15 фестываляў нацыянальных культур.

Упершыню ў такім фармаце пазнаёмяць з характэрнымі рысамі сваіх землякоў брытанцы і эстонцы. Адкрые шэраг фестываляў Швецыя ўжо ў першыя выхадныя лета. Раскажуць пра традыцыі і найбліжэйшыя суседзі: Расія, Украіна, Літва, Польшча. Акрамя таго, можна будзе больш даведацца аб грэчаскай, карэйскай, італьянскай, армянскай, малдаўскай, яўрэйскай і азербайджанскай культурах. Геаграфія сапраўды шырокая, таму кожнае свята абяцае быць самабытным і непаўторным. У праграме абавязкова — нацыянальная музыка і танцы, традыцыйныя забавы і, вядома ж, стравы.

Плата за магчымасць купляць

Дарэчы, аб прысмаках. За апошнія два гады ў сталіцы як быццам з'явілася цэлае пакаленне эканомных гурманаў, якое знаходзіцца ў вечнай пагоні за цікавымі і незвычайнымі смакавымі спалучэннямі, але за разумную цану. Доказ таму — мегапапулярныя гастрафэсты. Гэта калі на працягу месяца 20 устаноў прапануюць наведвальнікам дэгустацыйны сэт за фіксаваны кошт. Звычайна цэннік страў у рамках гастрафестывалю ў разы ніжэйшы, чым па звычайным меню. Тэма для сэту можа быць самая розная: ад кухні пэўнага рэгіёна да страў, якія засвяціліся ў вядомых фільмах. Цяпер, напрыклад, стартаваў «Гастрафэст.Крафт», падчас якога можна пакаштаваць найбольш прыдатныя, на думку шэф-кухараў, закускі пад піва. Калі пашанцуе, можна атрымаць аж да паўтара кілаграма рознай ежы за 20 рублёў. Мінчане, якія стаміліся ад высокіх цэн у кафэ, браніруюць столікі за некалькі тыдняў да пачатку гастрафэсту, а калі ў іх гэта не атрымліваецца, гатовыя гадзінамі стаяць у чарзе і чакаць, калі ж запаветнае месца вызваліцца. Не зразумела толькі, усё гэта дзеля таго, каб пакаштаваць нешта незвычайнае, ці каб заўсёды было пра што падтрымаць размову са знаёмымі.

Але гастрафэсты ладзяцца на працягу ўсяго года, а вось летам у аматараў «смачненькага» з'яўляецца дадатковая пляцоўка, дзе можна весела бавіць час і пакаштаваць нешта новае. Фестываль Vulіtsa Ezha, дзе, як можна здагадацца, акцэнт робіцца на вулічнай ежы, некалькі разоў за сезон праходзіць у парку «Дрымлэнд». Самае дзіўнае, што ўваход на тэрыторыю, дзе размешчаны латкі, платны. Гэта значыць, ты плаціш проста за тое, каб мець магчымасць купіць ежу. Уяўляеце такую сістэму ў краме? Арганізатары тлумачаць гэта тым, што так лягчэй адсеяць патэнцыйных парушальнікаў спакою і ў суцяшэнне астатнім прапануюць насычаную праграму. Калі падчас першых фестываляў пад актыўнасцямі меліся на ўвазе некалькі фотазон і дзіцячая пляцоўка, то цяпер гэта шматлікія лекцыі, майстар-класы, кінапаказы і нават выступленні вядомых артыстаў. Што да ежы, то, здаецца, тут сапраўды сабрана ўсё, на што хопіць уяўлення: смажанае марозіва, ганконгскія вафлі, вустрыцы, фалафель, а ўжо выбар відаў бургераў і ліманадаў пералічыць немагчыма. Адзінае, на што па-ранейшаму з усмешкай наракаюць наведвальнікі, — што за кожную страву даводзіцца плаціць асобна.

Канкурэнцыі — слава!

Яшчэ адзін кірунак, які літаральна захліснуў Мінск апошнім часам, — гэта шматлікія музычныя фестывалі. Часцей за ўсё арганізатарам выступае вядомая фірма, якая такім чынам імкнецца прасунуць сваю прадукцыю. Чаму не, калі яна можа прывесці цікавых артыстаў без касмічных сум за квіток. Імкнучыся перафрантаваць адзін аднаго (дзякуй канкурэнцыі!), фэсты з кожным годам становяцца ўсё больш даступныя і, што асабліва прыемна, з'яўляюцца нават бясплатныя прапановы. Прычым гаворка не пра выступленні на сцэне сквера, а пра маштабныя фестывалі. Выдатны прыклад — A-Fest, які ладзіцца на тэрыторыі Лошыцкага парку. У мінулым годзе яго хэдлайнерам стаў брытанскі спявак Джон Ньюман. Нядзіўна, што падчас яго выступлення велізарная пляцоўка перад сцэнай была пад завязку забітая дзясяткамі тысяч людзей.

Дарэчы, музыкі летам сапраўды будзе шмат: ад джазавых вечароў каля Ратушы да электронных і рок-фестываляў у горадзе і яго ваколіцах.

«Космас наш», 21Vek, Stereo Weekend, «Рок за Баброў» — усе гэтыя назвы абяцаюць мора якаснай музыкі і пазітыву. А для аматараў даведацца і паспрабаваць нешта новае ёсць яшчэ штогадовы традыцыйны арт-пікнік FSP Freaky Summer Party, фестываль авіяцыйнага спорту «Пранеба», экафэст «Пастарнак»... І гэта мы нават ад Мінска яшчэ не ад'ехалі.

Самае прыемнае ў такіх падзеях — агульная хваля, якая аб'ядноўвае абсалютна розных людзей. А яшчэ — доўгачаканыя перамены да лепшага. Яшчэ пяць гадоў таму мінчане гатовыя былі стаяць шматкіламетровыя чэргі па ежу, трываць адсутнасць гульнявых зон для дзяцей ці месцаў, дзе з камфортам можна размясціцца, — альтэрнатывы ж не было. Цяпер жа, калі арганізатары не праводзяць работу над памылкамі, цікавасць да іх праектаў рэзка падае. Балазе, пытанне «А чым жа заняцца замест гэтага?» не ўзнікае.

Мінчане пагодзяцца, што сталіца выдатная ў любую пару года. Але лета, папраўдзе, — час яе сапраўднага росквіту: настолькі яна вясёлая, гучная і ЖЫВАЯ!

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Станцыя «Мінск Фестывальны»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».