Вы тут

Магілёўскі абласны тэатр падарыў гледачу беларускамоўную прэм'еру


Два дні запар, пакуль на сцэне ішла новая пастаноўка «Таямніцы старой ратушы», у зале не было свабодных месцаў. Беларускамоўных пастановак у рэпертуары тэатра наогул няшмат, тым больш такі жанр, як гарадское фэнтэзі, напэўна, дэманструецца тут упершыню. Каханне, барацьба са злом, містыка ў сярэднявечным абліччы — падзеі разгортваюцца на фоне знамянальнай для Магілёва ратушы — сімвала Магдэбургскага права. У спектаклі ёсць прывіды, якія нападаюць на людзей; добрая вар'ятка, сваімі замовамі здольная вярнуць чалавека з таго свету; загадкавы жалезны вартаўнік — душа горада. І сакавіты беларускі каларыт, перададзены праз, у тым ліку, вялікую колькасць прымавак і дынамічныя саўндтрэкі.


Вядомы беларускі крытык, драматург і літаратуразнаўца Сяргей Кавалёў, п'есы якога ставіліся ў Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Славакіі, даўно марыў стварыць нешта на тэму роднага горада. Менавіта ў юбілейны для тэатра год зоркі склаліся так, што ён напісаў п'есу, а рэжысёр Уладзімір Пятровіч матэрыялізаваў яе на сцэне.

— Мне хацелася нагадаць, што Беларусь — не толькі вёска, але і гарады, якія мелі Магдэбургскае права і былі не горшыя за англійскія ці галандскія, — кажа Сяргей Кавалёў. — Звычайна дзеянні нашых казак адбываюцца ў вёсках з парабкамі, сялянамі, але ж у нас былі і войты, і лаўнікі, і розныя рамеснікі. Я вырашыў паказаць, якое багатае ў нас мінулае. І зрабіць гэта не ў кансерватыўнай гістарычнай форме, а ў папулярным для моладзі жанры — фэнтэзі, без пафасу, але з ярка выражаным здаровым патрыятызмам. Галоўныя героі п'есы — Пётра, Эстэрка, Юрасік, Магдалена — гэта мы з вамі, ад нашых дзеянняў залежыць будучыня.

Рэжысёр Уладзімір Пятровіч прызнаецца, што дзеля пастаноўкі, «каб не парушаць раўнавагу касмічнай прасторы», прыйшлося пералапаціць шмат фальклорнага матэрыялу. Для мабільнасці цёмных сіл мастак Андрэй Меранкоў прыдумаў абстрактныя перасовачныя перагародкі з калёсікаў, перамычак ды шасцярэнек. Гэтакі злавесны механізм, гатовы ў любы момант перамалоць усё і ўся. На пэўны час ён нават пераўтвараецца ў турму.

— Мне здаецца, што вельмі ўдала ўсё атрымалася, — ацэньвае пастаноўку галоўны рэжысёр тэатра Саўлюс Варнас. — Мастацтва — гэта вялікая сіла, якая прымушае нас мяняцца. Глядач сустракаецца са спектаклем, тымі людзьмі, якія некалькі месяцаў рыхтуюцца, збіраюць энергію, а потым яе аддаюць. Чалавек, які за гэтым назірае, сам мяняецца. І гэты абмен вельмі важны. Важна, каб паміж гледачом і тэатрам была шчырая любоў.

Дарэчы, тэатр і з'явіўся ў горадзе менавіта дзякуючы гэтай любві. Ён быў пабудаваны за добраахвотныя ахвяраванні гараджан. З гастролямі на магілёўскай сцэне выступалі кампазітар Сяргей Рахманінаў, Фёдар Шаляпін, Вера Камісаржэўская, жонка Аляксандра Блока — Любоў Мендзялеева. А сярод тых, хто сачыў за тэатральным дзействам на сцэне «юбіляра», быў і апошні рускі імператар Мікалай ІІ.

Сёння магілёўскі тэатр не менш запатрабаваны, чым у былыя часы. Толькі за апошнія тры гады, з 2013-га па 2017-ы, тут прайшло больш за 430 спектакляў, з якіх амаль кожны трэці выязны. А яшчэ тэатр — ініцыятар і адзін з арганізатараў папулярнага сярод моладзі міжнароднага фестывалю «М@rt.контакт», які сёлета праводзіўся ў горадзе трынаццаты раз.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Марыям ТАБАГАРЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?