Вы тут

У Мінску прайшлі кастынгі тэлепраекта «Талент краіны — 3»


Больш за 300 таленавітых дзяцей і падлеткаў з усёй Беларусі падалі заяўкі на ўдзел у трэцім сезоне конкурсу талентаў. Многія спрабуюць свае сілы не ўпершыню, дэманструючы строгай адборачнай камісіі, як за год-другі вырас узровень майстэрства. Чым уражвалі дзеці і якімі крытэрыямі кіраваліся дарослыя, разведвала «Звязда» непасрэдна падчас кастынгу.


У фае Акадэміі музыкі, дзе па традыцыі зладжаны папярэдні адбор, спакойная рабочая атмасфера: удзельнікі рэгіструюцца, рэпеціруюць, чакаюць сваёй чаргі. І, натуральна, нервуюцца. Усё ж канкурэнцыя вялікая: у праект трапяць толькі 48 канкурсантаў у дзвюх узроставых групах: ад 5 да 10 і ад 11 да 15 гадоў.

«Цяперашні кастынг праводзіцца раней за папярэднія, таму ва ўдзельнікаў будзе больш часу, каб падрыхтаваць арыгінальныя нумары, а ў нас — каб знайсці цікавыя рэжысёрскія хады. Таму адназначна трэці сезон конкурсу будзе відовішчны і яркі, — адзначае кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў АНТ Іван Падрэз. — Прыемна, што многія бачылі мінулыя сезоны і добра папрацавалі над рэпертуарам, зрабілі пэўную работу над памылкамі. Што яшчэ варта адзначыць, у параўнанні з першым-другім сезонамі стала нашмат больш артыстаў арыгінальнага жанру (цырк, тэатр, мастацкая дэкламацыя); хоць па-ранейшаму самая вялікая колькасць канкурсантаў спрабуе сябе ў вакале».

Дарэчы, у трэцім сезоне тэлепраекта працягнецца цудоўная традыцыя, распачатая яшчэ на конкурсе «Я спяваю»: на кожным адборачным канцэрце ў якасці спецыяльных гасцей будуць выступаць таленавітыя дзеці з няпростым лёсам, для многіх з якіх выступленне на вялікай сцэне — мара і шанс змяніць жыццё да лепшага.

...За дзвярыма нібыта шчоўкае і свішча салавей — так па-майстэрску імітуе яго спевы адна з патэнцыйных канкурсантак. Іншыя чытаюць вершы: хтосьці — аўтарскія, хтосьці — беларускую класіку, а хтосьці — нечакана — Высоцкага; дэманструюць надзвычайную, гутаперчавую пластыку ў цыркавых нумарах, уражваюць майстэрствам фокусніка; разыгрываюць пантамімы і цэлыя міні-спектаклі. Шмат у каго, заўважаем, гучыць тэма Вялікай Айчыннай вайны і Перамогі — у вершах, апавяданнях, тэатралізаваных нумарах. Але былі і нечаканыя знаходкі.

— Чаму вы выбралі менавіта гэты твор? — пытаецца старшыня журы рэктар Акадэміі музыкі Кацярына Дулава ў троіцы школьнікаў з Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў. Тыя «ажыўляюць» апавяданне Чэхава «Злы хлопчык».

— Таму што ён вясёлы, цікавы і пасуе нашай кампашцы, — бойка адказвае за ўсіх Каця Салодкая. «Кампашка» пастаралася развесяліць прысутных як след, але канчатковы вердыкт, як і ўсе іншыя, удзельнікі пачуюць пасля дэталёвага разгляду запісаў выступленняў і шматразовага абмеркавання журы.

У многіх дзяцей, хто прыйшоў на кастынг, вялізны «паслужны спіс» удзелу ў разнастайных конкурсах. «Нічога сабе, чатыры старонкі з пералікам дыпломаў!» — здзіўляюцца ў журы. Гэта можа стаць дадатковым плюсам — але важна таксама, як удзельнікі трымаюцца на сцэне, уступаюць у дыялог з адборачнай камісіяй і ўмоўнай публікай, баяцца або раскрываюцца. Некаторыя прыйшлі наогул без досведу заняткаў у якім-небудзь творчым гуртку ці студыі, але з прыроднай харызмай, смеласцю і жаданнем паказаць сябе. Хтосьці, відавочна, не ўгадвае з рэпертуарам або пераацэньвае свае сілы, і, тым не менш, усе дзеці абавязкова чуюць словы падзякі і пахвалы (крытыкуюць тут акуратна і толькі ў вузкім прафесійным коле).

...Пакуль суддзі ідуць на невялікі перапынак, у калідорах працягваюцца рэпетыцыі. Скрозь агульны шум чуецца звонкі галасок: «Карл у Клары ўкраў кала... ой, каралы!». Лізавета Патапчук і Мілана Хатулёва, бадай, — самыя маленькія ўдзельніцы кастынгу: першай ужо ёсць пяць гадоў, а другой споўніцца толькі ўлетку. Аднак трымаюцца малыя з годнасцю, як сапраўдныя артысткі, і замілоўваюць дзіцячай непасрэднасцю.

«Я глядзела мінулыя конкурсы «Талент краіны» і час ад часу задумвалася, ці не магла б туды трапіць наша Мілана. Але раней яна была занадта маленькая для конкурсу, ды і я сумнявалася: можа, гэта гаворыць мая бабуліна ўпэўненасць у таленце любімай унучкі, — прызнаецца бабуля дзяўчынкі. — А сёлета зноў убачыла рэкламу кастынгаў, і зусім спантанна ўсё склалася: знайшлі добры верш, вывучылі яго — але спачатку паказаліся акцёрам у нашым тэатры «Лялька», каб праверыць, як яна будзе рэагаваць на чужых людзей. Мілана смела прачытала верш, падтрымала дыялог з дарослымі, і ўсе сказалі, што атрымліваецца цудоўна, трэба спрабаваць свае сілы. Вось мы хуценька сабраліся і прыехалі з Віцебска ў Мінск — як лічыце, не дарэмна?».

Каму з прэтэндэнтаў пашанцуе трапіць у «Талент краіны», мы даведаемся ўжо восенню, у новым тэлесезоне. А пакуль актрыса Рускага тэатра Іна Савянкова, якая ўваходзіла ў журы намінацыі «Арыгінальны жанр», нагадвае пра важную рэч:

— Ні ў якім выпадку не засмучайцеся, калі вы не прайшлі, і не думайце, быццам з вамі штосьці не так! Кастынг — гэта толькі спроба сіл, а не абсалютны вердыкт, ёсць талент або яго няма. Наогул, вельмі цяжка сказаць, хто з цяперашніх удзельнікаў зможа стаць акцёрам, а хто — не. Пакуль што бачна, як многа ў дзецях ад педагогаў: інтанацыі, рухі, «правільныя» акцэнты... Калі вашым дзецям цікава займацца творчасцю — абавязкова рабіце гэта, працуйце над раскрыццём здольнасцяў і грукайце ў розныя дзверы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Ад Чэхава да акрабатыкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».