Вы тут

Праходзіць фестываль «Музы Нясвіжа»


Нясвіж часам называюць камернай сталіцай Беларусі. Тут маецца на ўвазе не столькі мінулае горада ў спалучэнні з яго сучасным статусам, але яшчэ ўкладваецца дадатковы культурны сэнс: больш за 20 гадоў таму менавіта з Нясвіжа па краіне пайшоў асветны культурны рух. Серыя фестываляў камернай музыкі, што заснаваў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, пачыналася тут. А фестываль «Музы Нясвіжа», які штогод праходзіць у маі, стаў культурнай адметнасцю горада. І няцяжка зразумець, чаму, калі ў каго ёсць магчымасць завітаць у горад з 24 па 26 мая падчас правядзення фестывалю.


Ад пачатку справу зрушыла Палігімнія: сапраўды горад, за якім стагоддзі, славутыя і вядомыя асобы, быў варты праслаўлення праз гімны і ўрачыстыя спевы: адбывалася адкрыццё музыкі Беларусі, за якой значна больш імёнаў і твораў, пра якія ведалі за савецкім часам. Нясвіж даў штуршок музычнаму падсумаванню пры заканчэнні ХХ стагоддзя, чаму паспрыяла праца музыказнаўцаў-даследчыкаў, у першую чаргу прафесара Вольгі Дадзіёмавай. Яна падтрымала ідэю народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга: іграць музыку ў горадзе, дзе захавалася аўра мінуўшчыны. Невыпадкова іх сёлета чакалі ў якасці гасцей на сустрэчы, што адбылася падчас фестывалю ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Яе назва «Музыка маёй малой радзімы» ўмоўная: вядома, кожнаму ёсць што расказаць пра свае родныя мясціны, але гісторыя сучаснай любові несвіжан да музыкі і рух камерных фестываляў, што злучыў адной мэтай кропкі ў розных абласцях, сведчыць пра тое, як малое(-ая) становіцца вялікім(-ай).

Яшчэ не быў адноўлены радзівілаўскі палац і ратуша, але музыка — якая ў ім гучала, якую стваралі ў тым ліку яго гаспадары — абудзіла думкі пра гэта. Можна лічыць, што ў тым і была задача першых фестываляў, якія аддалі належнае гісторыі. Тым больш што сама Кліа зразумела: яна можа вярнуць у горадзе страчаныя пазіцыі. Паклікала на дапамогу Уранію: праз навуковыя канферэнцыі, якія ладзіліся ў межах фестывалю, да яго сучасных жыхароў (і на ўзроўні кіраўніцтва раёна і вобласці) прыходзіла разуменне пра новае жыццё старога палаца з аднаўленнем яго былога духу. Варта прыгадаць, як у палацавым дворыку праходзілі фестывальныя імпрэзы, калі, здавалася, вось-вось прыбудзе той пан, пра які апавядала жартаўлівая опера «Агатка» Яна Голанда на лібрэта Мацея Радзівіла. Урыўкі з яе гучалі ў Нясвіжы: Талія пастаралася. Але тэатральнае жыццё ў горадзе змянілася на працягу стагоддзяў. Ініцыятыву перахапіла Мельпамена: сёлета фестываль пачынала драма «Бог ёсць любоў» заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага раённага цэнтра культуры (пастаноўка Яўгена Валабоева).

За гады правядзення фестывалю ў горадзе вырасла пакаленне, якое не толькі «Паланэз Агінскага» ўспрымае як гімн — мясцовыя жыхары наогул абазнаныя ў тым, як гучыць музыка розных эпох. Яе прадставіў сёлетні канцэрт «Зорныя вяршыні беларускай музыкі», падрыхтаваны заслужаным калектывам «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» і яго камерныя калектывы, у тым ліку ансамблі флейтыстаў і кларнетыстаў, струнны квартэт, вакальны ансамбль, а таксама дуэт арфы і скрыпкі. Фактычна ўся гісторыя беларускай музыкі (а гэта стагоддзі і імёны!), якую вярталі гісторыкі, даследчыкі і музыканты з забыцця, вядомая жыхарам Нясвіжа.

Тут яна ўваходзіла ў сучасны кантэкст. Тут віруе і напаўняе жыццём (бо ёсць людзі, якія спецыяльна прыязджаюць на гэтыя канцэрты) гістарычныя будынкі. За палацам да канцэртнага жыцця далучалася ратуша, і нават Фарны касцёл адкрыў дзверы для музыкі, якая калісьці стваралася для храмаў ці магла б у іх гучаць. Сёлета касцёл Божага Цела прымае канцэрт «Духоўны гукасвет Нясвіжскага храма». У суботу можна пачуць выступленні струннага аркестра і вакальнага ансамбля Заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі». А тэатральная зала Палацавага комплексу ўспомніць традыцыі радзівілаўскага мецэнацтва праз асобную музычную праграму.

Тэрпсіхора, Каліёпа, Эўтэрпа і Эрата пакуль чакаюць вечара выхаднога дня: у раённым цэнтры культуры — «Святочныя мелодыі ад ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці і яго аркестра для несвіжан». Хто ў нашай краіне трымае планку прадстаўлення эстраднай песні «жыўцом», тлумачыць не трэба. Салісты аркестра пад кіраўніцтвам М. Фінберга, лаўрэаты міжнародных конкурсаў спяваюць песні, у аснове якіх — паэзія, лірычная і з беларускім сумам, вясёлая і пра каханне. Яна вельмі пасуе гэтаму гораду, дзе ў старым радзівілаўскім парку любіць гуляць моладзь і можна пабачыць прыгожыя пары ў вясельных строях. Музыка прапанавала гораду жыць з натхненнем. Гораду, падобна, гэта падабаецца.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Музы ў карагодзе

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.