Вы тут

Засваенне новых паэтычных абсягаў: гімн Бангладэш па-беларуску


 

Незалежнасць, суверэнітэт часам набываюць досыць эмацыянальную, паэтычную афарбоўку. Дзесяцігоддзямі як гімн памкненняў беларусаў да вольнага жыцця гучыць верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?». Нешта падобнае адбылося і з гісторыяй верша Рабіндраната Тагора, які зрабіў сваім прачулым словам усё магчымае для ўслаўлення свабоды, волі народа Бангладэш. Невыпадковым падаецца і тое, што твор «Мая залатая Бенгалія» стаў гімнам новай краіны — Бангладэш, якая параўнальна нядаўна, амаль пяцьдзясят гадоў назад, атрымала незалежнасць. Гімнам верш стаў праз многія гады пасля смерці лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Рабіндраната Тагора.


Прапануючы чытачам розных краін беларускае пераўвасабленне неўміручага твора, здзейсненае лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколам Мятліцкім, хацелася б адзначыць, што існуюць і іншыя пераклады «Маёй залатой Бенгаліі» на беларускую мову. Іх ажыццявілі паэты Навум Гальпяровіч і Марыя Кобец. Дарэчы, гэтая публікацыя — як частка і анонс новага творчага праекта: у адным з кніжных выдавецтваў краіны рыхтуецца да выдання кніга аднаго верша Рабіндраната Тагора ў перакладзе на мовы народаў свету. Ужо далучыліся да рэалізацыі гэтага клопату і іншыя перакладчыкі, перастварыўшы легендарны твор на свае родныя мовы, — на сербскую (Даяна Лазарэвіч), чувашскую (Валеры Тургай), татарскую (Роберт Мінулін), агульскую (Шаміль Лутаў), армянскую (Эдвард Мілітанян), туркменскую (Агагельды Аланазараў), калмыцкую (Рыма Ханінава).

Сяргей ШЫЧКО

 

Рабіндранат ТАГОР

Мая залатая Бенгалія,

Я закаханы павек.

Заўжды тваё неба, паветра

Ў душы маёй граюць на флейце.

О маці, лясы твае мангавыя

Сакавік водарам поіць, ах!

О маці, у лістападзе налітаму полю,

Якое пабачыў, я усміхаюся шчыра.

Пышнасць якая, якое сутонне,

Якая пяшчота, сіла магічная —

Быццам сары краёк ты разгарнула бліз каранёў баньянаў

Ля прыбярэжжа ракі.

Матуля, вуснаў тваіх словы

Для слыху майго — нектар,

Ах!

Матуля, калі чало тваё светлае агортвае смутак,

О родная, я слёзы глытаю.

З бенгальскай.

Пераклад Міколы Мятліцкага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?