Сярод асоб


Ужо не першае дзесяцігоддзе ў беларускай літаратуры прыкметна не стае мастацкай публіцыстыкі. Не, кнігі, якія расказваюць пра сучасніка, жыццё ў розных рэгіёнах краіны, гісторыю айчынных прадпрыемстваў, выходзяць. Такіх кніжных выданняў звышдастаткова. На жаль, няма ці амаль няма той публіцыстыкі, якая традыцыйна не сыходзіла са старонак літаратурных часопісаў, была выкладзена ў форме сур’ёзных праблемных нарысаў. Дастаткова ўспомніць такіх аўтараў, як А. Шагун, Л. Левановіч, У. Саламаха, А. Сілянкоў, В. Карамазаў, Я. Сіпакоў... Публіцыстыка сягала за межы часопісаў, газет, збіралася ў кнігі і знаходзіла свайго шырокага чытача. Досыць часта і аўтары, якія дагэтуль працавалі выключна ў газеце, збіралі альбо дапаўнялі напісанае ў кнігах.


Таму на фоне адсутнасці тых ранейшых з’яў кожная з кніг, якую журналіст адважыўся сабраць з газетных ці часопісных публікацый, уяўляецца цікавай, вартай увагі з’явай.

Вось і я, раней знаёмы па «Звяздзе» з гутаркамі, інтэрв’ю кандыдата філалагічных навук Таццяны Падаляк, з задавальненнем перачытваю яе тэксты ў кнізе «Дыялогі на мяжы стагоддзяў: класікі і сучаснікі ў інтэр’еры часу» (другая частка; першая выйшла некалькі гадоў таму).

Таццяна Падаляк, працуючы ў аддзеле культуры ўрадавай і парламенцкай газеты «Звязда», зразумела, шукала суразмоўцаў у большай ступені сярод людзей творчых, актыўных у сваіх пошуках па вызначэнні галоўных адметнасцяў часу. Чытаем у гутарцы з Алесем Савіцкім: «Памяць ёсць не толькі ў людзей, яна ёсць і ў вольнай зямлі. Няма памяці толькі ў зямлі заваяванай, што скрылася чужынцу... У віхурныя часы выжывае тая зямля, якая памятае. І выжывае толькі той народ, які гэтай Памяці не здраджвае. Без гістарычнай памяці ў народа адзін шлях — рабства і выміранне». Сцяпан Лаўшук: «З чаго вы ўзялі, што мы кожны раз перапісваем гісторыю?!. Я ж, наадварот, да гэтага і падводжу, што мы, назапашваючы новыя і новыя факты, уздымаемся на новы ўзровень спасціжэння матэрыялу. Таму што факт — упартая рэч: калі твор напісаны, другім ён ужо не будзе. Канешне, пры змене сацыяльных, эканамічных, палітычных умоў у грамадстве мяняюцца і погляды, гэта непазбежна...» Вячаслаў Рагойша: «Перакананы, перспектывы ў роднай мовы ёсць. Але вельмі важна, каб кожны з нас, беларусаў (і асабліва работнікі культуры, навукі, асветы), самі былі і носьбітамі, і актыўнымі папулярызатарамі мовы — каб перадавалі яе ў спадчыну сваім дзецям і ўнукам...» Таццяна Шамякіна: «... мне здаецца, што метады нашага выхавання вызначаліся не стаўленнем бацькоў да кожнага, а нашымі ўласнымі душэўнымі якасцямі, якія закладзены генетычна, дараваны Богам, прыродай, зоркамі. Пры гэтым бацькі, безумоўна, імкнуліся быць аб’ектыўнымі і справядлівымі...» Алесь Петрашкевіч: «Мы дрэнна ведаем сваю гісторыю. Сапраўдную гісторыю ад нас хавалі і ў царскі, і ў савецкі час. Гістарычная праўда была непрыдатнай. Для мяне як для драматурга вельмі важна, каб людзі ўспрымалі сваю гісторыю эмацыянальна. Гісторыя наша настолькі цікавая, багатая і настолькі нераспрацаваная ў літаратуры — непачаты край работы...» Розныя суразмоўцы — і розныя ацэнкі часу. Гэтым зборнік гутарак і цікавы. На яго старонках сыходзяцца пазіцыі, меркаванні.

Таццяна Падаляк, рыхтуючыся да размоў з рознымі сваімі героямі, праявіла выключную дасведчанасць, здолела сабраць усе магчымыя звесткі пра лёсы сваіх суразмоўцаў, іх навуковыя і творчыя зацікаўленні. Часта пытанне і адказ сутыкаюцца ў канфлікце, супярэчанні. Тым і цікавейшымі становяцца гутаркі, інтэрв’ю. Упэўнены, кожнаму з чытачоў яны дапамогуць пераканацца, што «культура — гэта асяроддзе пражывання чалавека, яго цела і яго духу. Гэта сістэма каштоўнасцей...» (Міхаіл Савіцкі).

Кастусь ЛАДУЦЬКА

З кім нас чакаюць сустрэчы пад сімпатычнай вокладкай «Дыялогаў...»? Мікола Аўрамчык, Алесь Савіцкі, Уладзімір Карызна, Уладзімір Гніламёдаў, Сцяпан Лаўшук, Вячаслаў Рагойша, Таццяна Шамякіна, Алесь Петрашкевіч, Аляксей Дудараў, Янка Казлоў, Раіса Баравікова, Леанід Дранько-Майсюк, Міхась Башлакоў, Адам Глобус, Лідзія Возісава, Іван Міско, Нінэль Шчасная, Алег Аўдзееў, Валянціна Гаявая, Наталля Гайда, Эдуард Зарыцкі, Аляксандр Саладуха, Генадзь Аўсяннікаў, Наталля Качаткова, Андрэй Кавальчук... Пісьменнікі, мастакі, кампазітары...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».