Вы тут

«Я жыву са «Звяздой» усё сваё жыццё...»


Міхаіл ІСАЕЎ, пенсіянер, былы рэдактар раённага радыё ў Горках:

— Я гляджу на «Звязду» не толькі як чытач, але і як журналіст з амаль 40-гадовым стажам. Справаздачы з афіцыйных мерапрыемстваў, у якіх удзельнічаюць кіраўнікі нашай дзяржавы, газета дае не так ужо сцісла, крыху можна пачытаць. Цікавая таксама рубрыка «Што ў свеце робіцца» і аналітыка Захара Бурака на старонцы «Кантыненты». Здагадваюся, што гэта псеўданім.

Мне падабалася, калі на першай старонцы газета давала навіны адным радком, якія датычыліся жыцця ўнутры краіны. Час цяпер імклівы, і ўсё, што падаецца коратка, увагу прыцягвае і чытаецца хутчэй. Шкада, што знікла інфармацыя пра курс валют. Журналістыка сённяшняга дня — гэта інфармацыя, інфармацыя і інфармацыя.

Фотакарэспандэнты ў «Звяздзе» — майстры ад Бога. Галоўны здымак на першай старонцы, аўтар якога, як правіла, Анатоль Кляшчук, — не проста фота, гэта карціна. Фота на першай — вельмі моцны бок газеты.

Чытаю ўсе тэматычныя дадаткі. Нешта знаходжу ў «Чырвонцы». Цікава выглядае калонка Надзеі Дрылы-Дрындрожык у «Сямейнай газеце». Спадабалася, як была пададзена «малочная» тэма ў «Союзе-Евразия». Адначасова адсочваў яе ў інтэрнэце. Мне шкада, што ранейшы фармат, калі восем палос «Союза-Евразия» былі цалкам запоўненыя журналісцкімі тэкстамі, не захоўваецца. Цяпер, на жаль, частку гэтага аб'ёму займае рэклама. Я разумею, што рэклама — гэта грошы, але ж хапае іншых старонак.

«Мясцовае самакіраванне» раней выходзіла ў сераду, я прывык да гэтага, і цяпер мне здаецца не вельмі зручным, што дадатак выходзіць у пятніцу, ды яшчэ з тэлепраграмай, у выніку атрымліваецца вялікі аб'ём. Магчыма, справа ў звычцы. Тэмы, якія ўздымаюцца ў «Мясцовым самакіраванні», актуальныя, але не хапае адказаў на пастаўленыя пытанні. Як акрэсленыя праблемы вырашаць? Мяне, напрыклад, хвалюе развіццё аграпрамысловага комплексу ў Дрыбінскім раёне, дзе жыву, у Горках, дзе працаваў. Я б хацеў больш атрымліваць інфармацыі пра гэта, знаходзіць аналіз няўдач, бачыць выхад са складаных абставін. Мне крыўдна, напрыклад, што сяльчане, у прыватнасці даяркі на ферме, атрымліваць заробкі, вельмі далёкія ад сярэдніх па краіне...

У пятніцу, дарэчы, выходзіць цікавая рубрыка Валянціны Доўнар «Алё, народ на провадзе!», аўтарская калонка Алены Ляўковіч «Неасабісты суб'ектыў». Гэта прачытваецца заўсёды.

Я жыву са «Звяздой» усё сваё жыццё, прычым не толькі дарослае. Мая маці працавала паштальёнам, а нарадзіўся я ў аддаленай вёсцы Кішчыцы спачатку Дрыбінскага, потым Шклоўскага раёна. Пошту прывозілі ў другой палове дня, зімой цямнела рана, таму ў суседнія вёскі маці развозіла газеты наступнай раніцай. Такім чынам, газеты «начавалі» ў яе сумцы ў нас дома. Я любіў чытаць іх усе. А «Звязда» настолькі запала ў душу, што я стаў сам «выдаваць» яе на лістках са сшытка, куды запісваў усё, што бачыў вакол. Трэба аддаць «Звяздзе» належнае — яна пры ўсіх рэдактарах захавала лагатып, той самы, які я ў дзяцінстве так старанна капіраваў на свае аркушы са школьнага сшытка.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: «Журналістыка сённяшняга дня — гэта інфармацыя, інфармацыя і інфармацыя»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?