Вы тут

Што атрымае сельская гаспадарка ад вырошчвання соі?


Гэту тэму падказаў наш чытач: у сваім лісце ён абураўся, чаму на Беларусі не вырошчваецца соя. Між іншым, «вялікі боб» (менавіта так называлі гэтую культуру ў Кітаі) з'явіўся на нашых землях больш чым сто гадоў таму, яго можна было сустрэць у агародах некаторых сялян. А ў канцы ХІХ стагоддзя аграном Асінскі клапаціўся пра вырошчванне соі ў Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губернях.

На жаль, сёння пад такую сельскагаспадарчую культуру ў нашай краіне занята толькі крыху больш за дзве тысячы гектараў, і гэта пры тым, што ў Беларусі створана 12 сартоў соі! У той жа час у Расіі беларускія сарты прадстаўлены на плошчы ў 150 тысяч га! І яны вырошчваюцца ў самых розных абласцях — ад Калінінграда да Уладзівастока, вытрымліваюць канкурэнцыю з канадскімі, французскімі, балканскімі сартамі і нават па сваіх якасцях перасягаюць замежнае насенне. Бо канадскія сарты не змогуць расці, напрыклад, у Разані ці Уладзіміры, а беларускія адаптаваныя да такіх умоў. Запатрабаваная беларуская соя і ў Еўропе (напрыклад, яна вырошчваецца ў Вялікабрытаніі). Што ж перашкаджае нам вырошчваць яе ў большых аб'ёмах?


— Важным кампанентам соі, дзеля якога яна пераважна і вырошчваецца, з'яўляецца бялок, другім па значнасці — алей. Ніводная культура не мае такога складу, як соя. За аптымальныя суадносіны незаменных амінакіслот сою шырока выкарыстоўваюць у вытворчасці прадуктаў харчавання. Напрыклад, колькасць лізіну ў соі шэсць працэнтаў, а ў збожжавых — два з паловай (для параўнання: у курыных яйках — сем), — расказвае загадчык лабараторыі нехрамасомнай спадчыннасці Інстытута генетыкі і цыталогіі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук Алег Давыдзенка. — Соевы шрот (жмых, які застаецца пасля таго, як з алейнай культуры выціснулі алей) выкарыстоўваюць для кармлення жывёлы. Калі мы маем сою, можам канкурыраваць з нашай прадукцыяй жывёлагадоўлі, таму што забяспечым сябе кармамі. Гэта харчовая бяспека краіны. Сёння, калі раптам нам адмовяць у амерыканскай ці ўкраінскай соі, усе птушкафабрыкі спыняцца: бройлер не вырасце за 40 дзён да двух ці двух з паловай кілаграмаў без такіх кармоў...

— У ЗША і Кітаі гэтую культуру ўжо даўно вырошчваюць у прамысловых аб'ёмах...

— Але Кітай і купляе сою ў вялікіх аб'ёмах, бо ўласнай ужо не хапае. З'явілася праслойка спажыўцоў (каля 100 мільёнаў чалавек), якія хочуць есці свініну, ялавічыну і г. д., а для вырошчвання ўсяго гэтага неабходна соя. Каб атрымаць кілаграм мяса, вам спатрэбіцца 10 кілаграмаў збожжа. Але можна замест гэтага выкарыстаць зернясумесь з соі і пшаніцы, ячменю — і гэта будзе два з паловай кілаграмы. Каб атрымаць кілаграм мяса на бройлерах, неабходна 1,7 кг зернясумясі.

Што датычыцца ЗША, то сёння гэта краіна вырошчвае сою на плошчы 30 мільёнаў гектараў. Наогул асноўнымі збожжавымі культурамі ў Амерыцы сёння з'яўляюцца кукуруза (32 працэнты пасяўных плошчаў) і соя (29 працэнтаў). Бачыце: яны займаюць прыкладна аднолькавыя плошчы, хоць ураджайнасць кукурузы 125 цэнтнераў, а ў соі — у шэсць разоў меншая, значыць, культуры роўна прыбытковыя. Калі б сою не было выгадна вырабляць, ёй бы не займаліся. І сёння Злучаныя Штаты прадаюць соі (і прадуктаў харчавання, атрыманых дзякуючы ёй) на суму большую, чым Расія прадае ўсёй нафты, газу і металу. Нафта і газ могуць скончыцца, а соя штогод вырастае новая.

Выгады, звязаныя з вырошчваннем соі, заўважылі і нашы суседзі. Сёння Украіна вырабляе калі 2 мільёнаў тон соі ў год (для ўласных патрэб яна выкарыстоўвае толькі 500 тысяч тон, астатняе экспартуе). Каля 1,5-2 мільёнаў тон соі ў год ужо вырошчваецца ў Расіі, і з кожным годам гэта культура там моцна прырастае. Для прыкладу: у Белгародскай вобласці 10 гадоў таму было засеяна сояй 5—20 тысяч га, зараз — 200 тысяч, у Варонежскай вобласці было 4—6 тысяч га — стала 60 тысяч, у Ліпецкай зусім не было соі — сёння каля 70 тысяч гектараў, Курскай — пад 200 тысяч га, Бранскай — ужо 30 тысяч га. Як бачыце, соя выдатна расце вакол Беларусі.

— Але калі Расія будзе далей нарошчваць вытворчасць соі, ці можа гэта адбіцца на нашай жывёлагадоўлі, калі з больш дарагім мясам мы станем незапатрабаваныя на іх рынку?

— Канешне, каб канкурыраваць, трэба вырабляць прадукцыю якасную і таннейшую, чым у іншых. Але на дадзены момант у нас асноўная частка кампанентаў кармоў у фінансавых адносінах застаецца імпартнай. Калі вы паглядзіце на структуру камбікорму, напрыклад, для бройлераў, заўважыце, што 30 працэнтаў тут займае соевы шрот. Кошт яго на рынку — 400—500 долараў за тону (а збожжа каштуе 100 долараў). Сваім збожжам мы закрываем толькі 60 працэнтаў кармоў. Няцяжка падлічыць, у колькі можа абыходзіцца імпартны кампанент (тым больш што тут яшчэ выкарыстоўваюцца і замежныя амінакіслоты). Разлічваць на тое, што нехта нам будзе прадаваць шрот па больш нізкіх цэнах, не выпадае. Адсюль вынікае: трэба самім вырошчваць сою.

— І што для гэтага трэба зрабіць?

— Выдаткі на вырошчванне гектара соі такія ж, як на гектар жыта, пшаніцы, ячменю — каля 350 долараў. Калі мы патрацім такія грошы, можам атрымаць хоць бы 2,6 тоны з гектара (гэта цалкам дапушчальны ўраджай). Нават калі проста прадаць збожжа — мы ўжо атрымліваем 720 долараў. Калі перапрацаваць гэты ўраджай, на шроце мы ўжо будзем мець 1300 долараў і ў дадатак яшчэ 600 долараў на алеі. А калі ператворым гэта ў мяса, прыбытак на выхадзе — ужо 10 тысяч долараў!

Наша краіна з развітой індустрыяльнай жывёлагадоўляй штогод траціць паўмільярда долараў на набыццё шроту. І такім чынам мы кормім амерыканскіх, аргенцінскіх, украінскіх і іншых фермераў, падтрымліваем чужую эканоміку. Калі хоць бы 10 працэнтаў гэтых грошай было б выкарыстана на тое, каб стымуляваць вырошчванне соі ў Беларусі, мы б не толькі не набывалі на паўмільярда, а яшчэ б экспартавалі на такую суму.

Важна напачатку падтрымаць гаспадаркі матэрыяльна, каб яны змаглі набыць гербіцыды (бо без іх усё зарасце пустазеллем) і бактэрыяльныя ўгнаенні.

— Але калі вырошчванне соі настолькі выгаднае, чаму гэтай культуры няма на беларускіх палях?

— У нас 80 працэнтаў плошчаў занята збожжавымі культурамі. Калгасы змагаюцца за вал. Якая гаспадарка хоча сабраць меншы па колькасці ўраджай? Каб вырасціць сою, трэба не пасеяць нешта іншае. Напрыклад, з тысячы гектараў можна сабраць дзве тысячы тон соі, а са збожжавых той жа плошчы — чатыры тысячы тон. Лічбы ў справаздачы істотныя. Але... Соя каштуе 500 долараў, а збожжа — 100 (ячмень, жыта — 60). І гэта яшчэ не бяруцца ў разлік выдаткі на паліва — усё ж на дастаўку чатырох тысяч тон больш таннага тавару спатрэбіцца больш машын.

— Калі мы частку плошчы выведзем з-пад збожжавых, ураджайнасць у цэлым не ўпадзе, таму што соя паляпшае ўрадлівасць зямлі, яна назапашвае азот у колькасці 200 кілаграмаў на гектар (100 мы выносім з ураджаем, 100 застаюцца ў глебе). Калі сеяць пасля яе, можна атрымліваць ураджай на пяць цэнтнераў большы. Чаму б не пачаць вырошчваць сою, напрыклад, замест жыта, якое так цяжка прадаць? Каб вы ведалі: з кожнай тоны збожжа мы на вытворчасць прадуктаў харчавання бяром сто кілаграмаў, астатнія дзевяцьсот ідуць на корм скаціне, без чаго мы не зможам атрымаць малако, яйкі. Сёння не кожны чалавек будзе есці чорны хлеб, ды і на кармы жыта не падыходзіць. І я ведаю пра элеватар, на якім два гады ляжала 40 тон жыта, якое не маглі прадаць, а гаспадаркі працягвалі сеяць гэтую культуру. Ці вось яшчэ лічбы. Сярэдні ўраджай ячменю — 3 тоны, каштуе ён 80 долараў, разам з гектара мы атрымліваем 240 долараў. Але каб вырасціць гектар збожжавых, нам спатрэбілася 350 долараў! Падлічыце выдаткі.

— Ці будзе рызыкаваць гаспадар, які возьмецца за вырошчванне соі, раптам з надвор'ем не пашчасціць і ён не атрымае ўраджаю?

— Беларускія вучоныя ўжо 30 гадоў займаюцца сояй. Калі мы выпрабоўвалі першы сорт у 1988 годзе, яго не было з чым параўноўваць, акрамя як з лубінам, і соя тады перасягнула яго па ўраджайнасці на пяць працэнтаў. Зразумела, нам былі патрэбныя спецыяльныя сарты, адаптаваныя пад наш клімат, да таго ж засухаўстойлівыя, таму што ў нас вельмі лёгкія глебы. У Расіі нашы сарты распаўсюджаны на Урале, Алтаі, у Амурскай вобласці. На Далёкім Усходзе Інстытут соі працуе з 1930 года, за гэты час расійскія вучоныя стварылі каля сотні сартоў, і тым не менш беларускія там канкурэнтаздольныя. Успомніце засуху 2010 года, калі да Разані ўсё гарэла, сохла, за лета не выпала ніводнага дажджу, а пасеяная ў той год соя дала шэсць цэнтнераў з гектара, і фермеры нават крыху зарабілі на ёй...

Нашы сарты генетычна не мадыфікаваныя, гэта прыродная селекцыя. На самым поўдні Беларусі выспяваюць у канцы жніўня — пачатку верасня. Патэнцыял ураджайнасці да 4,5 тоны. Змяшчаюць многа бялку, высокатэхналагічныя. Лёгка ўбіраюцца камбайнам. І мы працягваем селекцыю, увесь час скарачаем перыяд вегетацыі, пры гэтым растуць бялок і ўраджайнасць. Зразумела, бываюць хістанні клімату, што адбіваецца на любой культуры, і на соі ў тым ліку. У год, калі ў жніўні ідуць дажджы, соя дае большы ўраджай, для выспявання бобу патрабуецца многа вільгаці. Калі ж мы хочам зарабляць на зямлі, магчыма вырошчваць і з палівам. Але нават без яго паўтара цэнтнера з гектара мы ўсё роўна можам узяць, і гэта рэнтабельна.

Не было ж раней рапсу ў краіне. Калі яго пачыналі вырошчваць, атрымлівалі тры-чатыры цэнтнеры з гектара і казалі, што ён у нас не расце, клімат не падыходзіць. Але культуру падтрымалі матэрыяльна, і мы навучыліся атрымліваць добрыя ўраджаі. Так павінна быць і з сояй. Напрыклад, перапрацоўчыя заводы маглі б набываць гаспадаркам насенне, а пасля забіраць ураджай на перапрацоўку...

— І такім чынам перапрацоўчыя заводы маглі б развіваць сваю вытворчасць, ствараць новыя рабочыя месцы?

— Наогул, сёння мы маглі б перарабляць прадукцыі ў некалькі разоў больш, чым вырошчваем. І каб усе гэтыя магутнасці працавалі, а не стаялі, трэба, каб у нас былі і рапс (пакуль гэта адзіная алейная культура на Беларусі), і соя, і сланечнік. Апошні таксама можа выдатна расці ў нашай краіне. Ёсць беларускія сарты сланечніку, якія выспяваюць пад Мінскам з алейнасцю 51 працэнт, і зноў — імі найперш зацікавіліся расійскія гаспадаркі. У снежні гэтага года ўвойдзе ў строй завод у Смаргоні, разлічаны на перапрацоўку ў мільён тон, ён можа «ўвабраць» увесь рапс, і нашы заводы рызыкуюць застацца без сыравіны. Такія акалічнасці таксама трэба ўлічваць. Як бачыце, соя — важны складнік эканамічнай бяспекі для краіны. І ў нас няма ніякіх перашкод для яе вырошчвання. Мы маем уласныя сарты і адпрацаваныя тэхналогіі, дастаткова магутнасцяў для яе перапрацоўкі. Дзякуючы соі мы маглі б мець больш таннае мяса ў магазінах, прадукты жывёлагадоўлі экспартаваць па больш нізкай цане, а значыць, заваёўваць новыя рынкі.

Гутарыла Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Бабовая эканоміка

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.