Вы тут

Якую ролю адыгрывае куратар?


Арганізацыя маштабных выставак і выставачных праектаў сучаснага мастацтва патрабуе вялікіх часавых і фінансавых выдаткаў. Нярэдка засяроджванне ўвагі на арганізацыйных аспектах мерапрыемства (фарміраванне медыйнай прасторы, камунікацыя з мастакамі і выставачнымі пляцоўкамі і г. д.) становіцца перашкодай на шляху стварэння добрай выстаўкі або арт-праекта. Па гэтай прычыне такі важны этап, як вызначэнне характару мерапрыемства, становіцца другарадным або ігнаруецца зусім. Вельмі важна дакладна вызначыць, які матэрыял і з якой мэтай павінен быць прэзентаваны на выстаўцы, а таксама зразумець, якую ролю ў арганізацыі гэтага праекта іграе куратар.


У такіх сітуацыях арганізатары часта не толькі грэбуюць размеркаваннем абавязкаў і вызначэннем функцый, якія павінен выконваць кожны ўдзельнік мерапрыемства, але і, па нявызначанай прычыне, не кіруюцца мастацтвазнаўчымі навыкамі. Часам яны амаль не задумваюцца аб тым, што такія практычна энцыклапедычныя катэгорыі, як куратарскі праект і тэматычная выстаўка, адрозніваюцца па метадах арганізацыі, спосабу падачы, а таксама мэтамі і задачамі. Незразумела, чаму не ўлічваецца такая простая ісціна, што куратарскі праект прадугледжвае не толькі адбор твораў, але і стварэнне канцэпцыі, фарміраванне экспазіцыйнай прасторы, распрацоўку новай візуальнай мовы, якая будзе звязваць куратарскую ідэю, задумку мастака і гледача, а таксама тое, што куратарскі праект — самастойны мастацкі твор з уласным ідэйным напаўненнем і візуальным шэрагам. Таксама важна ўлічваць, што тэматычная выстаўка ствараецца для прэзентацыі твораў, аб’яднаных толькі адным крытэрыем: напрыклад, ідэйным пасылам або фабулай. Дзякуючы такім выстаўкам з’яўляецца магчымасць экспанавання работ вялікай колькасці аўтараў розных пакаленняў у адной прасторы.

Куратарскі праект Стэфана Антанэлі, прадстаўлены ў Палацы мастацтваў у рамках Міжнароднага фестывалю сучаснага мастацтва «Арт-Мінск», — прыклад такога нядбалага падыходу да важных этапаў стварэння куратарскага праекта. Пазнаёміўшыся з экспазіцыяй, задаешся пытаннем: справа ў куратары, які так імкнуўся перадаць лакальныя асаблівасці сучаснага мастацтва Беларусі, што ў яго атрымалася падобная прадстаўленым раней у гэтым жа выставачнай прасторы «Восеньскім салонам» выстаўка, ці справа ў сучасных беларускіх аўтарах, якія з году ў год прапануюць да ўвагі адныя і тыя ж творы?

Тут мы сутыкаемся з працай запрошанага куратара, які, мяркуючы па выніку, акрамя адбору твораў, не выконваў іншых, не менш важных функцый куратара. І калі меркаваць толькі па напаўненні экспазіцыйнай прасторы, таксама ўзнікае мноства пытанняў. Напрыклад, чаму ў выставачнай прасторы прадстаўлены шэраг твораў, якіх аб’ядноўвае толькі выставачная прастора? Незразумела таксама, чаму гэты куратарскі праект не мае выразна выяўленай канцэпцыі або пэўнай тэматычнай накіраванасці.

У выніку высакароднае імкненне прэзентаваць сучаснае мастацтва Беларусі выліваецца ў стварэнне гістарычнага зрэзу, які толькі суха канстатуе факты пра папулярныя мастацкія кірункі ў сучасным мастацтве нашай краіны і пра тэмы, якія хвалююць сучасных аўтараў.

Алена РУСАКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».