Вы тут

Васіль Пяшкун: «...Гэта жыццё, у якім няма месца абыякавасці»


Васіль Пяшкун умее размаўляць з прыродай. Праз маўклівы дыялог адчувае стан, настрой і глыбіню наваколля. Але не ставіць мэты цалкам адлюстраваць убачанае, ён чапляецца за дэталі, ледзь улоўныя, але такія важныя. Спецыялісты адзначаюць, што майстэрня Васіля Пешкуна не мае даху і сцен: адкрытыя прасторы для яго — магчымасць адпачыць маральна, раскрыцца. У межах праекта «Арт-Мінск» у галерэі мастацтваў «Прадмесце» ён прэзентаваў выстаўку жывапісу «Адкрытае неба», праз якую запрашае разгледзець цудоўнае ў звычайным, надзённым і простым. Зараз творца рыхтуецца да вернісажу, які хутка адбудзецца ў Нясвіжы. У прамежку паміж адкрыццём выставак мастак распавёў, чаму ў час развіцця новых кірункаў ён працягвае цікавіцца рэалізмам і якім творчым сакрэтам навучыўся ў любімай жонкі мастачкі Ганны Сілівончык.


«Мінскія будні», 2018 г.

— Чаму вы, будучы маладым мастаком, застаяцеся верным традыцыі? Ці былі спробы знайсці сябе ў іншых жанрах?

— Жывапіс можна параўнаць з музыкай. Класічны кірунак музыкі заўсёды застаецца актуальным, запатрабаваным. Тая ж сітуацыя і ў выяўленчым мастацтве: колькі б ні з’яўлялася новых творчых плыняў, класічны малюнак працягвае быць цікавым. Я выхоўваўся на творчасці класікаў, сярод якіх былі і «перасоўнікі», і імпрэсіяністы, таму гэты напрамак быў мне блізкі з першых творчых крокаў, не надакучвае і цяпер. Мне важна не страціць навыкі і ўменні, якія я атрымаў падчас вучобы і руплівай працы ў рэалістычным жывапісе.

Апошнім часам шмат увагі трэндам у сучасным мастацтве. Існуе меркаванне, што самы актуальны кірунак — абстракцыя. Але я лічу, што класічны жывапіс таксама магчыма назваць сучасным. У ім гэтак жа можна гуляць фарбамі, даследаваць фактурнасць. Мне цікавы кірунак, у якім працую. Вядома, часам магу задумацца, ці не звярнуцца да іншага жанру, але ў рэалістычным жывапісе яшчэ вычарпаў не ўсё, ёсць куды расці.

— Ці сутыкаліся з крытыкай з пункту гледжання абранага кірунку?

— Сутыкаўся з крытыкай творчасці. Але ніколі не чуў, што рэалізм выйшаў з моды і нікому не патрэбны. Наадварот, апошнім часам усё часцей атрымліваю словы падтрымкі. Тым больш што класічны кірунак выбірае далёка не кожны. Менавіта гэты факт робіць рэалістычны жанр актуальным і запатрабаваным. Мне падабаецца берагчы традыцыі і ў той жа час знаходзіць у творчасці душэўную свабоду.

Цяпер такія праекты, як «Восеньскі салон», «Арт-Мінск», у асноўным звяртаюць гледача да заходняга мастацтва. Гэта таксама фарміруе густ айчыннай публікі. Лічу, што класічнае мастацтва можа спаборнічаць з новымі тэндэнцыямі, мой праект у межах «Арт-Мінска» даказвае гэта.

— Многія вашы творы знаходзяцца ў калекцыях замежных краін. Як, напрыклад, у Еўропе ставяцца да класічнага жывапісу?

— На мой погляд, прысутнічае дваякае стаўленне да рэалістычных твораў. Часта сутыкаўся з тым, што людзі бачаць майстэрства і адразу ж, не задумваючыся, набываюць карціны. Але некаторыя глядзяць на іх як на мастацтва мінулага. Пасля імпрэсіяністаў не здзівіш рэалістычным мастацтвам. Мы з жонкай Ганнай выстаўляліся і ў Берліне, і ў Польшчы, і ў Венгрыі... Аня абстрагавалася ад рэальнасці, яе творы больш прыцягвалі, яны бліжэй па ментальнасці. Калі выстаўляліся ў Кітаі з дачкой і жонкай, іх творамі, зноў жа, зацікавіліся больш, чым маімі.

— А што датычыцца айчыннага рынку? Ці ёсць у вас свой глядач і пакупнік?

— У нашай краіне і краінах-суседках адчуваю цікавасць да сваёй творчасці: мае карціны прадаюцца. На постсавецкай прасторы народ да гэтага часу прыхільны да рэалізму. Чалавек, які нават мала захоплены мастацтвам, з задавальненнем паглядзіць на бярозы ці адчуе праз карціны пах бэзу. На абстракцыю ён будзе глядзець не так ахвотна, бо ў ёй трэба разбірацца.

— Што для вас галоўнае ў жывапісе?

— Перадаць стан і эмоцыі матыву, які пішу. Важна, каб, гледзячы на работы, чалавек не заставаўся абыякавы. Я нават не заўсёды ганюся за формай ці колерам, часта ўдакладняю дэталі, але абавязкова стараюся перадаць стан. Адштурхоўваюся ад натуры. Выдумляю досыць рэдка. Калі пішу рэальны пейзаж ці аб’ект, падзараджаюся энергіяй. Мяне натхняюць паходы на прыроду. Адчуваю, як вакол віруе жыццё. У межах цяперашняй выстаўкі я адправіўся працаваць на скрыжаванне вуліц Якуба Коласа і Куйбышава, запрасіў усіх ахвотных паназіраць за творчым працэсам. Гэта быў цудоўны дзень.

— Творчасць вашай жонкі Ганны Сілівочнык папулярная ў нашай краіне і за мяжой. Як вы ставіцеся да яе поспеху?

— Насамрэч я менш паспяховы, чым Аня. Спакойна гэта прызнаю. Яна, у адрозненне ад мяне, шмат сіл выдаткоўвае на прасоўванне і папулярызацыю творчасці. Калі я больш увагі аддаю жывапісу, то яна сумяшчае творчасць з распрацоўкай піяр-стратэгій. Дапамагае і мне прыдумаць адмысловыя мерапрыемствы для публікі.

Гэта нават цікава, што мы такія розныя. У Ані яркая індывідуальнасць, яна працаголік. А я не ўспрымаю жывапіс менавіта як працу, для мяне гэта адпачынак. Раствараюся ў сваіх творах, цалкам аддаюся працэсу. Цікава назіраць, як мяняецца пейзаж з заходам сонца, незабыўна атрымліваць у творы нечаканыя адценні. Мастацтва — гэта жыццё, у якім няма месца абыякавасці. Люблю наведваць новыя месцы, яны натхняюць на працу. Бывае, убачыў пейзаж і быццам перарадзіўся: хочацца ўзяць у рукі пэндзаль. Калі знаходзішся на прыродзе, ухапіць стан навакольнага свету прасцей, таму што ты сам унутры яго: чуеш, як падае лісце або цячэ рака, бачыш, як пакрывае зямлю туман...

— У вашых гарадскіх пейзажах сумяшчаюцца і прастата, і вытанчанасць, праз традыцыйную форму робіцца акцэнт на сучаснасці. Наўмысна ствараеце такі эфект?

— Сапраўды, я раблю гэта наўмысна. Дзесьці змазваю дэталі ці, наадварот, падкрэсліваю іх. Звярніце ўвагу на фары на гэтых палотнах: яны там быццам адны з галоўных герояў, ідзе гульня колераў. Яны надаюць карціне свячэнне, падкрэсліваюць вільготнасць мокрага асфальту, уносяць жвавасць у сюжэтную лінію... Літаральна год таму я пачаў пісаць невялікія па аб’ёме гарадскія пейзажы. Як кажа Аня, яны ў мяне добра атрымліваюцца. Малая работа — малыя памылкі. Пэўны памер ахапіць прасцей.

— Чаго не хапае сучаснаму беларускаму мастаку?

— Калі казаць пра майстэрства, то ў нас шмат годных мастакоў. Але ёсць праблемы, магчыма, з дэманстрацыяй айчыннага мастацтва ў кантэксце замежнага. Беларускіх мастакоў мала ведаюць у іншых краінах. Мяркую па сваіх знаёмых: мала творцаў прэзентуе сябе за мяжой. Вядома, гэта патрабуе высілкаў, складана беларускім мастакам рабіць такія крокі з-за абмежаваных фінансавых магчымасцяў. Мы варымся ў сваім соку, а гэта няправільна: мастак павінен ведаць, цікавы ён ці не.

Бывае, што аўтары выстаўляюцца толькі таму, што іх запрашаюць. А самі праявіць ініцыятыву баяцца ці лянуюцца. Я не кажу пра далёкія краіны. Чаму не паспрабаваць паказваць сябе ў Маскве ці Санкт-Пецярбургу, дзе мастацкае жыццё віруе? Напэўна, не хапае штуршка, матывацыі.

— На якім творчым узроўні цяпер знаходзіцеся вы?

— Я стаўлюся да сябе крытычна, таму мне здаецца, што знаходжуся на нізкім узроўні, калі параўноўваю сябе з Аняй. Прызнаюся, што ў нейкай ступені я гультай. І хоць у мяне шмат выставак, здаецца, што часам укладаю не столькі сіл, колькі б мог. Жонка мяне матывуе. Яна выдатны прыклад таго, як трэба працаваць. У Ані жыве азарт: калі пачала нешта рабіць, ёй складана спыніцца. Я ж больш спакойны, меланхалічны, імкнуся ў асноўным да жывапісу. Мяне стамляе адцягненне на іншыя рэчы.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».