Вы тут

«Талерантнасць» з еўрапейскім акцэнтам


Карані глабальных канфліктаў даследуюць на беларускай сцэне

Прэм’ерны спектакль мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалая Пінігіна «Талерантнасць», пастаўлены паводле п’есы французскай актрысы і драматурга Ясміны Рэза «Бог разні», на прыкладзе дзвюх звычайных еўрапейскіх пар узнімае пытанні сям’і і шлюбу, пачуцця віны і адказнасці за свае ўчынкі, паходжанне ўнутраных і знешніх канфліктаў асобы і ўсяго чалавецтва.


П’еса «Бог разні» выйшла ў свет у 2006 годзе і з таго часу паспела з’явіцца ў тэатрах Цюрыха, Парыжа, Нью-Ёрка, Масквы і Лондана, дзе стала лепшай камедыяй сезона 2008 года і атрымала тэатральную прэмію Лорэнса Аліўе. На папулярны твор звярнуў увагу нават Галівуд: галоўных герояў у фільме рэжысёра Рамана Паланскі «Разня» ўвасобіў зорны склад акцёраў — Кейт Уінслет, Крыстаф Вальц, Джодзі Фостэр, Джон Сі Райлі. Нарэшце п’еса трапіла і на беларускую глебу. Натуральна, што стварыў спектакль той жа рэжысёр, які ўпершыню прыўнёс у айчынную тэатральную прастору імя Ясміны Рэза праз пастаноўку «АРТ».

У беларускім варыянце «Бога разні» Мікалай Пінігін наўмысна замяніў назву: на думку рэжысёра, першапачатковы варыянт мог выклікаць у аўдыторыі непатрэбныя для ўсведамлення ідэі асацыяцыі з вайной (нягледзячы на тое, што беларусы сустрэліся з творам спадарыні Рэза пад загалоўкам «Талерантнасць», па патрабаванні аўтара афіша ўтрымлівае і арыгінальную назву твора). Іншым у купалаўскім тэатры атрымаўся і фінал п’есы.

Спектаклі накшталт «Талерантнасці» ставіць цяжка і складана: сюжэта ў яго стандартным разуменні тут амаль няма, а рухавіком падзей з’яўляюцца размовы паміж героямі дзеі. Таму асноўны акцэнт — усё ж на працы акцёраў: усё дзеянне разгортваецца выключна вакол іх дыялогаў, і аўдыторыю нельга «страціць» на слоўнай дарозе ад пачатку да канца дзеі.

...Заслона адкрывае наведвальнікам тэатра сучасны пакой з еўрарамонтам, дзе сядзяць чацвёра галоўных герояў — Вераніка (Вікторыя Чаўлытка, Яўгенія Кульбачная) і Мішэль Валон (Аляксандр Зелянко, Аляксандр Паўлаў), Анэта (Святлана Анікей, Марына Гардзіёнак) і Ален Рэй (Алег Гарбуз, Сяргей Чуб). Іх акаляюць усе патрэбныя праявы цывілізацыі: кава і шарлотка (з сакрэтам: дабаўляйце ў цеста пернікавае крышыва!), вазы з цюльпанамі па 10 еўра і каталогі сусветнага жывапісу (вядома, у айчыннай апрацоўцы п’есы без імя Суціна не абышлося), тэлебачанне і лепшая сантэхніка. Цывілізаванымі і вытрыманымі падаюцца першапачатковыя зносіны паміж людзьмі ў кватэры. Але што ёсць тая цывілізацыя? Ці не пераўтварылася яна ў фарс, дзе жанчыны і мужчыны, бы малпы з афішы спектакля, з дапамогай выхавання і этыкету спрабуюць гуляць у лэдзі ды джэнтльменаў? Тут кожны ведае, як трэба «правільна» сябе паводзіць, але навошта быць правільным, ужо даўно забыліся. Канфлікт ідзе, бы снежная лавіна. Ён развіваецца настолькі паступова і натуральна, што паходжанне такога напалу цяжка прасачыць. У спрэчцы адкрываюцца ўсе прыхаваныя праблемы герояў. Персанажы перыядычна спрабуюць вярнуцца да прычыны сустрэчы — бойкі паміж іх сынамі, але слоўная бойка, якая ідзе сярод бацькоў, ужо перавышае па сваёй агрэсіі дзіцячыя сутыкненні.

Спачатку сямейныя пары спрабуюць рушыць адзіным фронтам. Мужы і жонкі падтрымліваюць адно аднаго, але толькі да пэўнага моманту: незаўважна для гледача мяжа іх агульных інтарэсаў пройдзеная, і ілюзія шчаслівай сям’і парушаецца. Атрымліваецца, што шлюб — таксама прыгожы фасад, за якім хаваецца непрыгожая рэчаіснасць. Сужэнцы ўжо даўно расчараваліся ў былых каханых, і градус праблемы ўзнімаецца на новы ўзровень. Нечакана разгортваецца і супрацьстаянне палоў, якое не мае дачынення да пытанняў фемінізму: незадаволеныя сваімі мужчынамі жанчыны згадваюць былыя ідэалы мужнасці, а мужчыны, у сваю чаргу, кідаюць фразы пра палкіх каханак, якія не ўмешваюцца ў вырашэнне глабальных праблем чалавецтва.

Адчуваецца татальная адзінота. На першы погляд, у пакоі ідзе размова паміж чатырма дарослымі людзьмі, але ж дыялогу няма: глядач чуе чатыры асобныя ўнутраныя маналогі, якія выпадкова загучалі ўслых. У такіх умовах нельга прыйсці да паразумення: ніхто не шукае кампрамісаў і не спрабуе зразумець апанента. Героі дбаюць толькі пра ўласныя праблемы, зацыкленыя на ўласным эгаізме. Але ці можам мы абвінавачваць гэтых глыбока няшчасных людзей?

Дзея абапіраецца на чацвёрку галоўных герояў, кожны з якіх увасабляе тыя ці іншыя праявы характару сучаснага чалавека. Вераніка — пісьменніца, якая займаецца даследаваннямі канфліктаў у афрыканскім рэгіёне. Яна ідэалістка, хоча падзяліць свет на чорнае і белае, бо гэта значна спрашчае жыццё. Вераніка спрабуе прывесці ўсіх і кожнага да адмысловага стандарту і настойліва імкнецца перайначыць сям’ю Рэяў. Менавіта яна ўвесь час патрабуе ад Фердынанда (сына Анэты і Алена) не проста прабачэння, а адчування раскаяння за свой учынак. Але ж ніхто не можа дыктаваць чалавеку, што трэба адчуваць. Пачуцці — рэч выключна асабістая, і ў выніку Вераніка, якая старанна падаўляе сябе і Мішэля, чыё дзікунства раз-пораз праглядае праз цывілізаваную абалонку, першая (і адзіная сярод герояў) лезе ў сапраўдную бойку са сваім мужам. Мішэль, муж Веранікі, напачатку падаецца найбольш прывабным сярод усёй кампаніі: пагаджаецца з Рэямі, спрабуе ўтрымлівацца ад канфлікту і разраджаць сітуацыю. Калісьці ён нават (вось дзе сапраўдны мужчынскі подзвіг!) гушкаў вазок са сваімі дзецьмі. Але ж і Мішэль не беззаганны. Высвятляецца, што гэты добры і шчыры чалавек, якога так бязлітасна «ганяе» жонка, без дакораў сумлення пазбавіўся ад надакучлівага хамячка — найслабейшага звяна ў сям’і Валонаў. Нерэалізаваныя амбіцыі і прыгнечаны мужчынскі пачатак (калі меркаваць па колькасці матуліных званкоў, Мішэль усё жыццё пражыў пад уладай той ці іншай жанчыны) нарэшце выходзяць з-пад кантролю і абрынаюцца на жонку і гасцей.

Другі мужчына ў п’есе, Ален, здаецца поўнай супрацьлегласцю Мішэля. Гэта паспяховы адвакат, які не расстаецца з мабільным тэлефонам і ставіць працу значна вышэй за сям’ю. Можна здагадацца, што размовы па сотавым у будзённым жыцці Алена адбываюцца часцей за размовы з сынам. Пагадзіцеся, сітуацыя больш як стандартная для постсавецкай прасторы. На нашай глебе стэрэатып аб тым, што сям’я і дзеці — абавязак, які цалкам ляжыць на жанчыне, больш трывалы за тыя ж з’явы ў жыцці еўрапейцаў. Такі стан рэчаў вельмі непакоіць яго жонку Анэту. Анэта першай не вытрымлівае напружання сітуацыі, яна больш «натуральны» чалавек з прысутных. Ад падзей п’есы ёй літаральна хочацца ванітаваць, арганізм жанчыны быццам адмаўляецца засвойваць навакольную крывадушнасць. Немагчыма ўтрымліваць усё пад кантролем, і яна першая выпускае падзеі з-пад сваёй улады. Кульмінацыяй яе незадаволенасці становіцца мабільны тэлефон мужа, які ляціць у вазу з дарагімі кветкамі.

Час ад часу Анэта згадвае эпізод з хамяком Сухарыкам. Небарака з’яўляецца ў сюжэце не проста так: хамяк — своеасаблівы сімвал сучаснага «цывілізаванага» чалавека. Трымаеш яго ў хаце — і ён непакоіцца, шамаціць па начах, выпусціш на вуліцу — і жывёлінка скамянее ад жаху. Хатні гадаванец так даўно сядзіць у клетцы, што ніхто не можа згадаць, дзе знаходзіцца яго першапачатковае жыццёвае асяроддзе. Тут перад гледачамі паўстае пытанне адказнасці. Ці нясе чалавек адказнасць за хамяка, якога спачатку прылашчыў, а потым выпусціў у варожы свет? Глыбей можна ўгледзецца і ў пошукі вінаватага ў канфлікце паміж дзецьмі. Хто адказны за праблемы сучаснага свету, ці можна адназначна падзяліць усіх удзельнікаў канфліктаў на катаў і ахвяр, як хоча Вераніка?

Глабальнасць дзеяння ўнутры двзюх сямей падкрэслівае і адмысловая сцэнаграфія, створаная Русланам Вашкевічам пры дапамозе відэакантэнту (Сяргей Тарасюк). Над сцэнай бесперапынна паказваюць відэанавіны, дзе распачынаюцца войны і б’юцца палітыкі, а падзеі ў кватэры трансліруюцца бы рэаліці-шоу. Сусветны і прыватны відэарад арганічна дапаўняюць адзін аднаго, выразна ілюструюць, што праблема гвалту і нават тэрарызму зыходзіць з такіх лакальных канфліктаў.

Цікава, што ў фінале Мікалай Пінігін не пераносіць канфлікт п’есы на беларускую глебу, не спрабуе зрабіць яго больш зразумелым айчыннаму гледачу, а дадае сцэну з мігрантамі, якой у арыгінальным сцэнарыі не было. Як зазначыў мастацкі кіраўнік Купалаўскага падчас сустрэчы з журналістамі, Беларусь — гэта таксама Еўропа. І таму ў завяршэнні спектакля пад назвай «Талерантнасць» мы бачым, як былыя гаспадары прыгожага цывілізаванага пакоя прыслужваюць мусульманскай сям’і: пакуль людзі трымаюць у сабе незадаволенасць жыццём і марнуюць унутраную энергію на тое, каб схаваць рэальныя жаданні і пачуцці, у іх не хопіць моцы супрацьстаяць знешняй агрэсіі. Але надзея ёсць: у сцэнічнай кватэры парушаецца прынятая раней цішыня, і героі пачынаюць агучваць сваю рэчаіснасць.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе». 

Культура

Алесь Бадак: ...Уся палітра беларускай літаратуры

Алесь Бадак: ...Уся палітра беларускай літаратуры

Мы сустрэліся з дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесем БАДАКОМ, каб пагаварыць пра найбліжэйшыя і, магчыма, больш далёкія перспектывы.