Вы тут

Трансфармацыя свету


Пакуль погляды кінааматараў свету прыцягнуў славуты Канскі фестываль, мы прапануем шукаць Францыю ў беларускіх кінатэатрах. У межах праекта «Лістапад. Калекцыя» фільм «Місіс Хайд» прадставіў сам рэжысёр Серж Базон. Выключны выпадак, але ён стаў магчымы дзякуючы Пасольству Францыі ў Беларусі.


Ізабэль Юпер у фільме «Місіс Хайд».

Серж Базон — знакавая фігура ў французскім кіно. Ён адносіцца да той плеяды французскіх аўтараў (пад уплывам «новай хвалі»), якія працуюць у малабюджэтным кінематографе, каб прадставіць аўтарскі погляд і распрацаваць уласны стыль. У 26 гадоў зняў свой першы поўнаметражны фільм «Сяброўства» за ўласныя грошы на працягу дзевяці дзён. Творчы калектыў, які складаўся з сяброў рэжысёра, працаваў бясплатна, а сам рэжысёр выканаў галоўную ролю...

На сёння Базон зняўся ў 47 фільмах і эпізодах як акцёр, рэжысёр сямі фільмаў, кінакрытык (вядзе пастаянную калонку ў французскім часопісе), сцэнарыст, нават называе сябе ды-джэем.

«Місіс Хайд» — гэта фантазійная інтэрпрэтацыя Сержа Базона на гісторыю Роберта Стывенсана «Дзіўная гісторыя містара Жэкіля і доктара Хайда». Карціна ўдзельнічала на фестывалі ў Лакарне.

Галоўная гераіня — сарамлівая настаўніца фізікі місіс Жэкіль. У яе склалася няўдалая кар’ера, яе ніхто не паважае і не ўспрымае ўсур’ёз. Яна спрабуе мяняць свае педагагічныя метады, але вынікі не заўважныя. Мы знаёмімся з ёй у перыяд, калі змяніць нешта ўжо немагчыма. Пераўтварэнне можа адбыцца толькі з дапамогай чагосьці, напрыклад, звышнатуральнага. У пэўны момант у яе б’е маланка падчас чырвонага месяца. І яна становіцца ледзь не супергероем.

Яна доўгі час не разумее, у каго пераўтвараецца ноччу, а пасля бачыць надпісы на люстэрках. Паступова ў яе закрадваюцца сумневы і страхі — і ўсё пачынае разбурацца. І яна паступова губляе свае сілы. Уся цёмная энергія ў светлавой абалонцы знікае пасля ўсведамлення негатыўных эфектаў (напрыклад, забойстваў), якія яна нясе ў жыцці для іншых...

Галоўную ролю ў фільме сыграла Ізабэль Юпер — адна з самых паспяховых французскіх акцёрак, якая мае мноства разнастайных еўрапейскіх і сусветных узнагарод, нават намінацыю на Оскар.

Серж Базон вырашыў змяніць тактыку падачы ігры актрысы: «Гэтая роля пісалася адмыслова для яе, гэтак жа як і роль у “Тып-топе”. Справа ў тым, што ёй часта дастаюцца ролі халодных і ўладных жанчын. Але, мне здаецца, гэта несправядлівы лад. У фільме “Тып-топ” я яго давёў да крайняй кропкі — ступень нястрымнасці. Яна ўсё біла і разбурала. Аднак гэтыя парывы не прыводзілі гледача да псіхааналізу, што з героем здарылася, што прывяло яго да такога стану. Ніхто не будзе думаць пра тое, што гэтыя паводзіны звязаныя з псіхалагічнымі траўмамі. У “Місіс Хайд” першапачаткова планавалася іншая Ізабэль. Мне не хацелася зноў паказваць яе ў вобразе ўладнай жанчыны. Ізабэль вельмі шмат прыўнесла ў гэты фільм. Яна не імправізавала, але спрабавала знайсці ў сваёй ігры нешта такое, што я сам не чакаў і тым больш не патрабаваў ад яе».

Гэтак жа галоўную ролю ў гэтай сацыяльнай трагікамедыі можна прысвоіць і аднаму з непаслухмяных вучняў у зусім недысцыплінаваным класе. Яго завуць Малік і ён пакутуе на ДЦП. У класе ён такі ж адшчапенец, як і настаўніца сярод ліцэйскай выкладчыцкай эліты. Аднак, нягледзячы на іх падабенства, ён ставіцца да яе з такім жа негатывам. Як і астатнія, спрабуе самасцвердзіцца за яе кошт і ўліцца ў школьны калектыў. Усё ж місіс Жэкіль прыдумляе спосаб заняць яго навуковай дзейнасцю.

Цікава, што ліцэйскі клас прызнаны фізіка-тэхнічным, які складаюцца пераважна з насельнікаў праблемных кварталаў. Гэта падлеткі з няшчасных сем’яў або дзеці мігрантаў, пераважна арабаў і афрыканцаў, якія не хочуць вучыцца, затое з задавальненнем чытаюць рэп. Серж патлумачыў, што некаторы час ён сам жыў у такім квартале, дзе няма беласкурых прадстаўнікоў: «Гэта тая рэальнасць, пра якую я хацеў расказаць. У маім папярэднім фільме “Тып-топ” я ўжо закранаў тэму складаных кварталаў, тэму расізму. Але ў іншых фільмах, якія я рабіў раней, гэтую тэматыку не закранаў. На той момант мяне гэта не вельмі цікавіла. Магчыма, я быў больш бесклапотны ў той час. Фільмы атрымліваліся мяккія і цякучыя, было менш перапынкаў у танальнасці».

Фільм здымаўся на стужцы ў 35 міліметраў. Гэты прыём быў спосабам змагацца з лічбавым фарматам. Бо лічбавыя здымкі прыводзяць да манахромнасці карціны. Напрыклад, вельмі папулярны французскі фільм «Боль», мае манахромную карцінку, аддаючы шэрым металікам. Амерыканскія стужкі таксама досыць манахромныя. Колеракарэкцыя фільма не дапамагае дасягнуць лепшага выніку, як напрыклад, плёнка: «Вынік, які я атрымаю, не будзе манахромны — тыя ж колеры, якія я прыкладна бачу цяпер перад сабой. Мы не спрабавалі зрабіць нешта натуральнае або надаць эфект дакументальнасці. Ідэя была ў тым, каб паказаць, што мы праходзім праз нешта штучнае, але не для таго, каб пазбегнуць рэальнасці, а каб пагаварыць аб гэтай рэальнасці з іншага пункту гледжання. Магчыма, больш прама, сумленна і адкрыта, чым у фільмах, якія зняты з ідэяй паказаць усё гэта рэалістычна», — адзначыў Серж Базон.

...Фільм заканчваецца гісторыяй Маліка, якога місіс Жэкіль зацікавіла навукай. Найгоршы вучань у класе прайшоў трансфармацыю. Яна апякла яго цела (хоць і ўсе гледачы чакалі, што ён памрэ), але перадала яму свае веды. У новай школе ён не скардзіцца на выкладчыка, а абараняе і нават аддае ёй хвалу. Бо тое, што яна змагла яму перадаць, значна важнейшае за яго сапсаваную знешнасць. Аднак праменьчык надзеі забіты. Новаму класу абыякавыя яго імкненні да навукі, яны смяюцца з яго, як над Місіс Жэкіль у самых пачатковых сцэнах фільма. Гэты цыкл даволі драматычны. І новы настаўнік таксама няўважліва слухае, робіць сухія заўвагі. Можна заўважыць, што Малік застаўся ў адзіноце са сваім лістком каля дошкі. Атрымліваецца, што місіс Жэкіль перадала не толькі святло ведаў, але і цені ў яе душы. Ён становіцца ёю.

Кінастужка раскрывае заганы сучаснай сістэмы адукацыі: снабізм і сухасць настаўнікаў, жудасная жорсткасць падлеткаў, якія не жадаюць атрымліваць новыя веды, якія спатрэбяцца ім у жыцці. Немагчымасць знайсці кампраміс гэтых бакоў і ў цэлым жаданне пакінуць усё, як ёсць. Школа павінна навучыць думаць і аналізаваць, а не прымушаць зубрыць кнігі і ўвесь час даваць гатовую інфармацыю. Карціна актуальная не толькі для Францыі, але і ўсяго свету.

Сам Серж Базон вельмі хацеў, каб гледачы зразумелі галоўны яго пасыл: «У мяне няма нейкіх універсальных рэцэптаў, з якімі я б мог дапамагчы місіс Жэкіль у яе цяжкасці. Я не спрабую перадаць жыццёвы ўрок або правілы паводзінаў. Для мяне важней за ўсё перадаць эстэтычныя эмоцыі, нешта, што прымусіць вас выпрабаваць галавакружныя пачуцці і задумацца над сітуацыямі ў навакольным свеце. Калі ў вас паўстала адчуванне абрыву, занепакоенасці або недаказанасці, я рады гэтаму больш, чым фразе “я вынес для сябе нейкі ўрок жыцця”».

Селіна ЧАРНОВА


Тры пытанні па-за сеансам

Не толькі адзін фільм, але наогул кіно былі тэмай для размовы з Сержам Базонам.

 — Як кіно ўвайшло ў ваша жыццё?

— Я хацеў стаць рэжысёрам з дзяцінства. Калі быў у пачатковай школе, то рыхтаваў апавяданні пра творчасць Гадара. Але на той момант я бачыў толькі два яго фільмы. Жыў у Руане, невялікім правінцыйным гарадку, і чытаў пра яго шмат кніг. І так атрымалася, што мы з сястрой, якая потым стала аператарам, шмат хадзілі ў кіно. Я не вучыўся на рэжысёра, акрамя таго, я супраць навучання кінематографу. Магчыма, гэта карысна, калі справа датычыцца тэхнічнага боку. Напрыклад, мая сястра вучылася, каб спасцігнуць тэхніку работы са святлом. Але калі хочаш стаць рэжысёрам, то што можа прынесці вучоба? Не трэба хадзіць у школу ці ўніверсітэт, каб пісаць рок-песні. Тое ж самае і з кіно. Жан Както казаў, што той, хто хоча займацца кіно, павінен займацца дзве гадзіны. Яшчэ адзін прыклад — Жан П’ер Макі, якога я вельмі люблю. Ён стварыў каля 100 фільмаў (больш за шэсцьдзясят мастацкіх і сорак эпізодаў тэлевізійных серыялаў). Пастаянна нешта здымае. І калі папрысутнічаць на яго здымках, можна заўважыць, што ён зусім не разбіраецца ў тэхнічным баку кінематографа: нават не ведае, на якую кнопку націснуць.

— Вы пайшлі па шляху знакамітай французскай «новай хвалі» — праз прафесію кінакрытыка ў рэжысуру?

— Так, але гэта не значыць, што кінакрытыка — п’едэстал, на які можна ўстаць і трапіць у кіно. У прафесіі яна мне моцна дапамагла. Такім чынам атрымліваецца зразумець, што ты любіш, што падабаецца. Нельга казаць, што кінакрытыка — гэта нейкі этап у жыцці. Мне здаецца, тэксты, якія я пішу цяпер, лепшыя, чым тыя, што пісаў раней. Таму што цяпер бачу рэчы значна шырэй. П’ер Леон, які бываў у вас у краіне, таксама займаўся кінакрытыкай. Мая жонка Паскаль таксама піша як кінакрытык. Але яна любіць толькі сталінскія фільмы. Кінакрытыка, безумоўна, дапамагае. Але ў мяне з’явіліся ворагі з-за гэтага.

— Ваш фільм крыху нагадвае Рамана Паланскі і яго кінастужку «Дзіця Размары». Ці абапіраліся на работы гэтага рэжысёра?

— Я глядзеў названы фільм, калі быў малады. Мне падабаюцца і іншыя яго фільмы. Раман абсалютна віртуозны як рэжысёр, працуе ў новахічхокаўскім стылі «трылер». Шмат падвешаных момантаў, асабліва ў развіцці сюжэта. Не спрабую гэта паўтарыць. Прызнаю, што мае фільмы не такія вялікія і менш прафесійныя, чым яго. Напрыклад, у маім фільме менш момантаў, якія прымусяць спалохацца і характэрны для трылеру. Усе фантастычныя сцэны ў «Місіс Хайд» — сцэны пераходу з аднаго свету ў іншы. Гэта не зусім дзеянне або сутыкненне. Паланскі не з Галівуду, але ён больш належыць да гэтага асяроддзя. Мне бліжэйшыя савецкія рэжысёры. Напрыклад, Барыс Барнет. Ён любіў змешваць розныя танальнасці. Не створана адчуванне, што ў яго фільме выразна прапрацаваны сцэнарый. У яго фільмах шмат лірыкі, пяшчоты. Рэжысёр абсалютна адмаўляецца ад чагосьці непраўдападобнага. У фільмаў сціплы бюджэт. У іх няма гладкасці прафесійных, выразна прапрацаваных фільмаў. І здаецца, што многае знята дзякуючы збегу выпадкаў. Таму нас увесь час здзіўляе, што адбываецца. Ён не спрабуе гуляць з падвешаным станам гледача. Гэтае кіно больш паэтычнае, чым дзейснае.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?