Вы тут

Уладзімір Цвірка. Стрэшын


Якімі б цудоўнымі ні былі здымкі таго ці іншага архітэктурнага помніка, прыехаць і ўбачыць іх на свае вочы — зусім іншая справа. Пастаяць побач, дакрануцца, абысці з усіх бакоў, нават падыхаць паветрам, якое ахінае збудаванні... Магу вас запэўніць: паветра рознае. Паветра, сцены ды нейкія асабістыя пахі гэтай мясціны робяць цуд і міжволі акунаюць, зацягваюць у далёкае мінулае. Здараецца падобнае са мной не заўсёды, але вельмі часта. Вось калі падыходзіў да царквы ў гарадскім пасёлку Стрэшын Жлобінскага раёна, падалося, што вось-вось пераступлю нейкую нябачную рысу, мяжу і апынуся ў...


Калі верыць даследчыкам мінуўшчыны, легендарны горад Стрэжаў (сённяшні Стрэшын) існаваў ужо ў 1127 годзе, а ў 1391-м вялікі князь Вітаўт падарыў паселішча віленскаму біскупству. Пачынаючы з XV ст. Стрэшын ведалі далёка за межамі гэтых зямель як развітое гандлёвае мястэчка Падняпроўя ў складзе ВКЛ. Паводле гістарычных даведак, з пачатку XVII ст. у Стрэшыне і яго прадмесцях налічвалася каля паўсотні двароў, драўляны замак, былі корчмы, паветраныя і вадзяныя млыны. Побач, на беразе Дняпра, існавала вялікая сядзіба з броварам, дзейнічалі царква і каталіцкі храм, працавала паромная пераправа праз Днепр, ладзіліся шматлікія кірмашы.

Праўда, ад Стрэшынскага замка, на жаль, нічога не засталося. Драўляныя вежы ды абарончыя сцены незваротна і не адзін раз знікалі ў полымі падчас захопніцкіх нападаў чужынцаў. Нават земляныя валы вышынёй да 15 метраў, ды глыбокія ірвы, запоўненыя вадой з Дняпра і рэчкі Стрэшанкі, таксама з цягам часу былі сцёртыя з твару зямлі. Сёння толькі мемарыяльны камень у невялічкім парку на беразе Дняпра, на месцы замчышча ці гарадзішча, сціпла паведамляе, што тут у канцы ХVІІІ ст. яшчэ велічна ўздымаўся драўляны Стрэшынскі волат.

Мабыць, дзякуючы менавіта Стрэшынскаму пяцівежаваму абаронцу пад яго высачэзнымі сценамі з’явілася спачатку невялічкае паселішча, якое перарасло ў мястэчка, а потым — і ў горад Вялікага Княства Літоўскага, што пазначаны на старадаўніх картах. Знаходзячыся на памежных землях Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай, замак не раз апынаўся ў самым пекле ваенных дзеянняў. На працягу больш як сямі стагоддзяў (з ХІІ па ХVІІІ) ён стойка абараняў рубяжы нашай Бацькаўшчыны.

Росквітам ды багаццем горад вабіў сквапных суседзяў. Неаднойчы пад сценамі зам-ка з’яўляліся войскі ворагаў. Так, падчас страшэннай вайны з Масковіяй (1654— 1667), якую называюць «крывавым патопам», замак і горад былі спаленыя дашчэнту казацкімі войскамі пад кіраўніцтвам І. Залатарэнкі. Як вядома, у гэтай вайне загінуў кожны другі жыхар нашай зямлі. Але, нягледзячы на такія разбурэнні, жыхары зноў паднялі мястэчка з попелу і адбудавалі горад ды замак, які прастаяў да канца XVIII ст.

Сёння вуліцы Стрэшына дзе-нідзе паўтараюць гістарычную забудову. Галоўная вуліца супадае са старажытным трактам, які ішоў з Горваля на Рагачоў. А ўпрыгожвае горад і яго наваколле ўзведзеная ў класічным стылі Пакроўская царква, якая стаіць на магутным падмурку з 1807 года. Каб даведацца, да якой канфесіі першапачаткова адносіўся храм, неабходна звярнуцца да гісторыкаў. І абавязкова трэба зазначыць, што перад намі вельмі рэдкі ўзор цэнтрычнай культавай пабудовы.

Асноўнае ўпрыгожванне храма — вежачкі-ратонды, размешчаныя па кутах асноўнага памяшкання царквы. На кутах будынка — сціплыя паўкруглыя апсіды пад невялічкімі купаламі. А больш за ўсё мне спадабаліся тры ўваходы ў святыню, аздобленыя вельмі выразнымі мураванымі ганкамі. Адразу адчуваецца гасціннасць храма, яго адкрытасць і ўтульнасць для ўсіх, хто прыходзіць сюды. Яшчэ адна прыемная акалічнасць: літаральна ўсюды кветкі. Ружы розных адценняў бяруць у палон белыя сцены святыні, лашчацца да іх, як малыя дзеці да матулі.

Зноў жа згадаю, што здымкі, нават самыя таленавітыя, не перададуць эмоцый, якія поўняць побач з храмам... Трэба ехаць, ісці да такіх архітэктурных цудаў, каб хоць крыху пабыць побач з імі, зайсці пад іх скляпенні, хоць трошачкі адчуць подых нашай велічнай гісторыі.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.