21 Жнівень, аўторак

Вы тут

(Ня)слёзы аб двух дрэвах


Стары горад і мястэчка перадаюць нам усім прывітанні. «Як?» — спытаеце вы. Праз паштоўкі і здымкі мінулых часоў. Праз фотаальбомы, прысвечаныя розным перыядам гісторыі. Праз зборы архіўных дакументаў, што хаваюць колішнія дух і атмасферу.


Мінск таксама часам прыемна здзіўляе тым, што нагадвае машыну часу. Неяк мне даводзілася з вышыні апошніх паверхаў глядзець на Нацыянальную акадэмію навук, праспект Незалежнасці і кінатэатр «Кастрычнік». Гэта аб'екты савецкай архітэктуры, размешчаныя зусім побач адзін з адным. Атрымліваецца абсалютна цэльная кампазіцыя. Нічога чужароднага ў ёй няма. Яна настолькі гарманічная ў сваім адзінстве, што падалося, быццам я сапраўды трапіла ў старую паштоўку. Быццам перанеслася на 50—80 гадоў назад — у той час, калі яны былі пабудаваныя. У велічных пабудовах зафіксавана гісторыя. Яе непарушны, маналітны мур.

Зусім іншую, своеасаблівую гісторыю памятаюць дрэвы, якія растуць у нашых дварах. І я б зусім не называла іх доўгажыхарамі — хутчэй даўнімі, надзейнымі суседзямі. Аднак часам даводзіцца назіраць, як яны па зусім незразумелых прычынах знікаюць са сваіх звыклых месцаў.

Неяк доўгі час даводзілася хадзіць міма двух дрэў-прыгажуноў, якія раслі ля шумнага праспекта. Яны ўдала ўпісваліся ў досыць аднастайны пейзаж, дадавалі яму свежасці і яркіх фарбаў. Але супрацоўнікі службы вырашылі ўнесці сваю «разыначку» ў навакольны краявід. Адной раніцай прыйшлі людзі ў працоўнай вопратцы і спілавалі два дрэвы. Праўда, на гэтым гісторыя не скончылася.

Паколькі я кожны дзень хадзіла той дарогай, то назірала за далейшым развіццём падзей. І ў мяне склалася ўражанне, што работнікі ЖЭСа шкадуюць аб сваім учынку — і імкнуцца схаваць яго. Яшчэ адной раніцай група мужчын — і ў касцюмах, і ў працоўнай форме — спрабавалі зацягнуць на месцы спілаў велізарныя бетонныя клумбы. Прыехала маленькая новенькая машына-пад'ёмнік — па яе ідэальным стане можна было меркаваць, толькі што набытая, — і на ёй спрабавалі перавезці велізарную клумбу. Аднак падчапіць апошнюю з дапамогай такой прылады так і не ўдалося. Клумбу абвязвалі вяроўкамі і цягнулі ўсе разам — гэта таксама не надта дапамагло. Натуральна, назіраць за імі бясконца я не стала. Але на наступны дзень заўважыла, што клумбы ўсё-такі ўсталяваныя на месцы спілаў дрэў. Хоць бы тое прыемна, што пасля столькіх высілкаў мужчыны свайго дамагліся!

Яшчэ праз колькі часу клумбы аздобілі кветкамі, а невялічкія кавалачкі зямлі, што заставаліся вакол іх, старанна ўскапалі і засеялі травой. Прайшоў тыдзень ці два — і побач з бетоннымі кветнікамі з'явілася і некалькі навясных, шмат'ярусных. Мінула пару наступных тыдняў — і вакол з'явіліся прыгожыя бліскучыя парэнчы — акурат такія ж знаходзяцца непадалёк. Усё стала выглядаць быццам ідэальна. І ўжо ніхто не здагадаўся б, што калісьці на гэтых месцах раслі два дрэвы... Памяць жыве толькі на маіх фотаздымках і на нейчых паштоўках, акуратна зробленых у гэтым прыгожым месцы сталіцы.

Цікава, што ж насамрэч адбылося? Можа быць, гэта проста разыгралася мая фантазія, дамалёўваючы гісторыю спілаваных дрэў? Ці сапраўды супрацоўнікі камунальных службаў спалохаліся, зразумелі, што не варта проста так пілаваць дрэвы, і паспрабавалі схаваць зробленае? На наступную раніцу пасля гэтага спілу ў прэсе пачалі цытаваць словы кіраўніка краіны аб тым, што нельга знішчаць зялёныя насаджэнні. «Не ты садзіў гэтыя дрэвы — не табе іх спілоўваць. Паспрабуй вырасціць новае!» — гэтыя сказы сталі амаль крылатымі. Аднак зробленага ўжо не вернеш.

Два дрэвы — не такая і вялікая страта. Хоць і гэта важны акцэнт, ён быў ключавым у стварэнні зялёнага ландшафту. А што рабіць, калі паспяшаліся і высеклі цэлы парк, кіруючыся нейкімі быццам бы лепшымі мэтамі? Замаскіраваць спілы і ўсе іх зрабіць суцэльнай вялікай клумбай будзе ўжо складана. А што, калі былі знесены будынкі мінулых эпох, сапраўды прыгожыя і вартыя таго, каб застацца?.. Дзякуй богу, удалося адстаяць сталічны раён Асмалоўку. Аднак пасёлак Трактарнага завода ўжо панёс істотныя страты. Прычым адметныя будынкі зносілі проста так — «бо пустую пляцоўку больш ахвотна набудзе інвестар». Што рабіць на іх месцы, калі стане зразумелым: знеслі памылкова. Закатаць асфальтам тэрыторыю (гэта таксама немалыя грошы)? Аддаць хоць каму-небудзь і сказаць: «Зрабіце там хоць што-небудзь»?

Два спілаваныя дрэвы былі вартыя таго, каб пра іх напісаць, таму што адказнасць пачынаецца з невялікага. З аднаго кусціка, пасаджанага ў двары каля дома. І з нейчага кветніка, вытаптанага коламі машыны. З таго, каб кожны год садзіць маленькія дрэўцы на пустцы ў Каменнай Горцы. І з таго, каб дазваляць сваім дзецям іх штогод ламаць, каб быццам незнарок чапляць. Адказнасць палягае ў тым, каб знайсці спосаб і законныя абгрунтаванні, каб захаваць будынак з доўгай гісторыяй (хоць ён табе і не належыць). І ў тым, каб у адзін момант скарыстацца сваім правам на рашэнне, а не на ўласнасць — і аддаць распараджэнне аб яго зносе. Ці не?...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя пра тое, як кітаец працуе фермерам на Валожыншчыне

Гісторыя пра тое, як кітаец працуе фермерам на Валожыншчыне

«Шлях у тысячу лі пачынаецца з першага кроку», — кажа кітайская прыказка.

Грамадства

Анатоль Цэйка: Усе зацікаўлены ў бяспецы станцыі

Анатоль Цэйка: Усе зацікаўлены ў бяспецы станцыі

Інфацэнтр БелАЭС не мае сакрэтаў ад мясцовага насельніцтва і замежнікаў.