Вы тут

Беларуска Вера Ярошык заняла другое месца ў вакальным шоу «Ты супер!»


16-гадовая спявачка з аграгарадка Дзівін Кобрынскага раёна гучна заявіла аб сабе ў другім сезоне тэлевізійнага праекта «Ты супер!», які выходзіць на расійскім канале НТБ. Дзяўчына, якая выконвала песні на беларускай, рускай, украінскай і англійскай мовах, упэўнена дайшла да фіналу конкурсу, дзе заняла другое месца.


У фінальным канцэрце, дарэчы, Вера Ярошык выканала разам з Русланам Аляхно вядомую песню «Зачарованая» на вершы Генадзя Бураўкіна — і сарвала авацыі залы і суддзяў. Як адзначыў адзін з членаў прафесійнага журы вакальнага шоу, кампазітар і прадзюсар Віктар Дробыш, для Веры Ярошык заўжды адкрытыя яго «сэрца, студыя і кампанія».

Вера Ярошык з трох гадоў выхоўваецца ў Дзівінскім дзіцячым доме, куды трапіла разам з братам з-за таго, што бацькі былі пазбаўленыя дзіцячых правоў. Цяпер дзяўчына вучыцца ў дзясятым класе, іграе на цымбалах і піяніна, удзельнічае ў розных творчых конкурсах (некалькі гадоў таму Вера стала фіналісткай тэлеконкурсу «Я спяваю» на канале АНТ) і плануе звязаць сваё жыццё з музыкай.

«Ты супер!» — міжнародны тэлевізійны вакальны конкурс для таленавітых дзяцей ва ўзросце ад 8 да 18 гадоў, якія засталіся без апекі бацькоў. Сёлета ў ім удзельнічалі 83 юныя артысты з 13 краін, а да фіналу дайшлі 11 чалавек. Усе яны ў якасці спецыяльных падарункаў ад арганізатараў атрымалі запрашэнне ў міжнародны дзіцячы цэнтр «Артэк», штомесячную стыпендыю да дасягнення 18 гадоў і запіс песні ў прафесійнай студыі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?