Вы тут

«Вашы чытачы самыя адданыя»


Так згадвалі сяброў нашай газеты на дні падпісчыка ў Камянцы.

Гэта мерапрыемства не першы раз праводзіць супрацоўніца раённага вузла паштовай сувязі Таццяна Сцепанюк. Яна ўмее правільна заклікаць, аргументавана растлумачыць патэнцыйнаму чытачу перавагі падпіскі на перыядычнае выданне. Ды і кліенты пошты ведаюць яе як прыветлівага, добразычлівага работніка. Аб чым, дарэчы, і сказала карэспандэнту газеты жанчына, якую Таццяна агітавала за падпіску: «Напішыце, што гэта адзін з найлепшых супрацоўнікаў нашай пошты». Што мы з задавальненнем і робім.


Тац­ця­на Сце­па­нюк (спра­ва) з клі­ен­там на дні пад­піс­чы­ка.

А начальнік РУПС Марына Цэвялюк расказала аб некаторых даўніх сябрах нашай газеты: «Падпісчыкі «Звязды» найбольш пастаянныя і адданыя. Яны не мяняюць сваіх прыярытэтаў шмат гадоў. Адны маюць звычку падпісвацца адразу на квартал, іншыя працягваюць падпіску кожны месяц, але мы ведаем, што яны заўсёды прыйдуць на пошту альбо паклічуць паштальёна, каб зноў атрымліваць дадому любімую газету. Вось Людміла Паляжаева нядаўна прыйшла працаваць на пошту ў Навіцкавічы і адразу падпісалася на «Звязду», — расказвае далей Марына Міхайлаўна, — гэта новы падпісчык. Ёсць там і даўні, адданы —
Тамара Ігнацюк».

Не ўтрымалася, каб не перамовіцца з Тамарай Іванаўнай па тэлефоне. Вясковыя ж чытачы не ездзяць у раён на дні падпісчыка. Як я і меркавала, Тамара Іванаўна аказалася педагогам на пенсіі:

— Вой, са «Звязды» пазванілі? А я вас ведаю, нататкі вашы чытаю і Алену Ляўковіч люблю, і Валянціну Доўнар... Ды ўсё прачытваю, бо на нашай, роднай мове... Газету выпісваю даўно. Гадоў 15, можа больш, мой сын прыйшоў на работу следчым, у іх там у аддзеле былі розныя выданні, і ведаеце, гэта ён мне параіў выпісаць «Звязду». Выпісала тады і палюбіла, цяпер заўсёды чакаю газету.

А Людміла Двораг з Камянюкаў лёгка перайшла ў размове на беларускую мову, сказала, што выпісвае газету больш за 30 гадоў, чытае, каб мець пастаянную практыку, не забываць роднае слова. Людміла Яўгенаўна з інстытуцкага размеркавання да пенсіі адпрацавала батанікам у нацпарку «Белавежская пушча», любіць чытаць матэрыялы з глыбінкі.

Марына Цэвялюк яшчэ раз падкрэсліла, што нашы чытачы самыя адданыя і надзейныя: «Вось, скажам, Валерый Уладзіміравіч Бядуля мог бы аформіць ведамасную падпіску ды праглядаць газету на працы, ён — старшыня сельскага Савета ў Расне, але ўжо шмат гадоў «Звязду» выпісвае дадому».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.