Вы тут

Афіцыйны візіт намесніка старшыні КНР у Беларусь працягваецца


Гэтымі днямі адбываецца афіцыйны візіт намесніка старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Ван Цішаня ў нашу краіну. Высокага госця з Паднябеснай у Нацыянальным аэрапорце Мінск сустракаў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў. Там жа адразу прайшлі першыя перагаворы бакоў.


Фота: БЕЛТА

Звяртаючыся да намесніка старшыні КНР, беларускі прэм'ер заявіў, што рады вітаць добрага, праверанага сябра беларускага народа. «Ваш візіт у Беларусь (першы замежны афіцыйны візіт Ван Цішаня ў новым статусе. — «Зв.») вельмі цэнім і ўспрымаем як дадатковы добры знак настроенасці кітайскага кіраўніцтва на развіццё адносін з Беларуссю. Мы імкнёмся да таго, каб беларуска-кітайскія адносіны не толькі актыўна развіваліся, але і паказвалі прыклад для іншых краін, якімі яны могуць быць: пабудаванымі на добрасуседскай, узаемапаважлівай і раўнапраўнай аснове. Беларускае грамадства з разуменнем успрымае ідэю старшыні КНР Сі Цзіньпіна аб пабудове супольнасці адзінага лёсу. У аснове гэтай канцэпцыі — сацыяльная справядлівасць і аднолькавыя магчымасці развіцця для краін».

Падчас перагавораў у пашыраным складзе Андрэй Кабякоў адзначыў, што тавараабарот паміж нашымі краінамі расце штогод: у 2017-м гандаль з Кітаем перавысіў $3 млрд. «Тым не менш калі браць у разлік маштабы кітайскай эканомікі, то гэта зусім нязначная велічыня. У нас ёсць вялікія рэзервы для нарошчвання гандлёва-эканамічных сувязяў», — сказаў прэм'ер. Каб павялічыць беларускі экспарт у Кітай, кіраўнік Саўміна прапанаваў больш актыўна задзейнічаць кантэйнерныя чыгуначныя маршруты паміж Кітаем і Еўропай. Прэм'ер-міністр заўважыў, што нашы краіны паступова пераходзяць ад крэдытнага супрацоўніцтва да інвестыцыйнага, у якім ёсць праекты, што на дадзеным этапе патрабуюць паскарэння.

Беларускі прэм'ер прапанаваў зрабіць наступны год для нашых краін Годам адукацыі. «У мінулым годзе мы разам з маім калегам, прэм'ерам Дзяржсавета КНР Лі Кэцянам, абвясцілі 2018-ы Годам турызму Беларусі ў Кітаі. Прапаную зрабіць тэматычныя гады супрацоўніцтва добрай традыцыяй і абвясціць 2019-ы Годам адукацыі Беларусі і Кітая», — заявіў Андрэй Кабякоў і дадаў, што гэта дапаможа ўмацаваць сяброўскія сувязі паміж двума народамі.

Ван Цішань у сваю чаргу падзякаваў за цёплы прыём і сказаў, што «старшыня КНР Сі Цзіньпін надае вялікае значэнне адносінам з Беларуссю». Намеснік старшыні КНР таксама наведаў Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», пабываў у гандлёва-выставачным цэнтры.

«Мы бачым зацікаўленасць беларускіх інвестараў у тым, каб пастаўляць інавацыі, прадукцыю ў КНР. Калі б мы стварылі адмысловы прававы рэжым гандлю паміж «Вялікім каменем» і Кітаем, гэта было б вельмі карысна для развіцця парка, — падкрэсліў Аляксандр Ярашэнка, кіраўнік адміністрацыі парка. — Другая прапанова датычыцца так званага транспартнага зялёнага калідора паміж Кітаем, Расіяй, Беларуссю і Еўропай. Мы хацелі б, каб транспарт рухаўся па гэтым кірунку не даўжэй за 4-5 дзён».

Кіраўнік адміністрацыі парка адзначыў, што вядзецца актыўная работа з кітайскімі партнёрамі на міжрэгіянальным узроўні. «Мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб нейкая моцная правінцыя Кітая стварыла субпарк у «Вялікім камені». Мы былі ў правінцыі Сычуань, прапаноўвалі губернатару ажыццявіць такі праект. Мы гатовыя аказаць поўнае садзейнічанне і стварыць усе ўмовы», — падкрэсліў ён.

Падчас сустрэчы Андрэя Кабякова з генеральным дырэктарам Сhіnа Mеrсhаnts Grоuр Фу Ганфэнам быў абмеркаваны экспарт беларускай мяса-малочнай прадукцыі ў Кітай. «Мяне інфармавалі, што кітайскія партнёры выказваюць зацікаўленасць у павелічэнні аб'ёмаў экспарту беларускай мяса-малочнай прадукцыі ў Кітай, а таксама намер выступіць экспарцёрам і перавозчыкам названай прадукцыі. Урад Беларусі таксама зацікаўлены ў нарошчванні паставак шырокага асартыменту беларускіх харчовых тавараў у Кітай і гатовы аказваць у гэтым неабходнае садзейнічанне», — адзначыў прэм'ер-міністр.

Сhіnа Mеrсhаnts Grоuр з'яўляецца заснавальнікам сумеснай кампаніі па развіцці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» і яго найбуйнейшым інвестарам. Будаўніцтва ў сціслыя тэрміны сучаснага лагістычнага комплексу коштам звыш $120 млн пацвярджае сур'ёзнасць намераў карпарацыі і далей развіваць бізнес у Беларусі. «Мы высока цэнім ужо дасягнутыя вынікі супрацоўніцтва з кітайскімі партнёрамі і гатовыя яго ўсяляк развіваць. Урадам падтрымліваюцца планы Сhіnа Mеrсhаnts Grоuр па фарміраванні на базе выставачнага цэнтра ў «Вялікім камені» сучаснага гандлёва-выставачнага комплексу з усёй адпаведнай інфраструктурай», — дадаў Андрэй Кабякоў.

Беларускі ўрад вітае стварэнне карпарацыяй у 2017 годзе інвестыцыйнага прамысловага фонду з заяўленым памерам інвестыцый $575 млн для падтрымкі праектаў у Беларусі. «Спадзяёмся на хутчэйшае адкрыццё офіса фонду ў індустрыяльным парку і пачатак яго актыўнай работы», — выказаў надзею кіраўнік урада.

Афіцыйны візіт намесніка старшыні КНР у Беларусь працягваецца да 29 мая.

Вераніка ПУСТАВІТ

Загаловак у газеце: Калі партнёрства — у прыярытэце

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.