Вы тут

Усё вартае робіцца класікай


Усё вартае робіцца класікай

Сёлета споўнілася 10 гадоў, як у леп­шы свет пайшоў Ягор Летаў. Таленавіты паэт, музыка, мастак, які пакінуў значны адбітак у культуры не толькі Расіі, але і ўсёй постсавецкай прасторы.

19 лютага сайты, парталы, газеты, часопісы ўзяліся хорам, бы па каман- дзе, згадваць Ягора. Нягледзячы на тое, што «покойник этого ужасно не любил», цытуючы Маякоўскага. А ў кінатэатрах прайшоў фільм «Сияние обрушится вниз» — апошні канцэрт «Граждан­ской обороны», выпадкова запісаны незадоўга да смерці Летава.

«Абарона» — гурт сапраўды ле­гендарны, які і сёння не страчвае папулярнасці, хаця і спыніў сваё існаванне пасля смерці нязменнага лідара і заснавальніка. Былыя ўдзельнікі заняліся сольнымі праектамі, але час ад часу яны яшчэ аб’ядноўваюцца ў ка­манду (праект «Камунізм»). Удава Лета­ва займаецца публікацыяй яго архіваў ды стварэннем фільмаў. «Сияние обру­шится вниз» — гэта ўжо другая стужка, якая з’явілася дзякуючы яе дбанням.Першая пад назвай «Здорово и вечно», што адсылае да вя­домай песні гурта, пабачыла свет у 2014 годзе і мела вялікі поспех. Яе здымалі адмыслова да 30–годдзя «Гражданской обороны».

Канешне ж, як даўні аматар і Ягоравай творчасці, і творчасці іншых удзельнікаў гурта, я не мог не пайсці на прэм’еру. За сваё жыццё я так ні разу і не трапіў на мінскія канцэрты калектыву, хаця яны і праходзілі ў нас з пэўнай перыядычнасцю. То не было грошай, то не было часу, то не было настрою. Адны суцэльныя адгаворкі. Ці шкадую я аб гэтым? Хутчэй за ўсё, не — бо галоўнае, што застала­ся творчасць: запісы, малюнкі, вершы. Як ні дзіўна, Летава я пачаў слухаць падлеткам, калі вучыўся ў старэйшай школе, а разумець стаў толькі цяпер, калі мне ўжо стукнула 30 гадоў.

Па-сутнасці, усё, што зрабіў Ягор, — гэта цэлы пласт самабытнай культуры. Часам «Абарону» параўноўваюць з гаражнымі заходнімі гуртамі 1960—1970 гадоў, але такое адчуванне, што Ягор, седзячы ў родным Омску, пасярод за­снежанай Сібіры, вынайшаў сам фірмовае абаронаўскае» гучанне, якое нельга пераблытаць. А ўжо потым, калі па­чалася перабудова і ў СССР прыйшла галоснасць, цесна пазнаёміўся з гаражным рокам. У любым выпадку, ён быў вялікім аматарам такой музыкі, збіраў рэдкія пласцінкі, ведаў гурты, назвы якіх мала каму што скажуць і сёння. Ён добра разбіраўся ў тым, чым займаўся.

У школьныя гады ў гэтым гурце мяне вабіла энергеты­ка, максімалізм і эстэтыка неўтаймаванай маладосці. Цяпер жа цікавяць іншыя аспекты: ва ўсім, што рабіў Ягор і яго та­варышы, поўна наўпроставых адсылак да шэдэўраў сусвет­най культуры. Найперш літаратуры, музыкі ды мастацтва. Гэтыя спасылкі можна пабачыць на вокладках альбомаў, пачуць у песнях, прачытаць у вершах. Відаць, менавіта гэ­тая акалічнасць плюс моцны талент творцы фарміруюць такую разнастайнасць: «Абарону» можна слухаць пад любы настрой і ў любым узросце. А такое рэдка здараецца з гуртамі: звычайна вырастаеш — і твае куміры юнацтва за­стаюцца недзе там, у цені мінулага. Але гэта не пра Ягора.

Дзіўным чынам аказалася, што Ягор Летаў і таварышы — людзі вельмі адукаваныя, начытаныя, разумныя. Перагля­даючы старыя відэа, бачыш, наколькі шырокі іх кругагляд, як цікава і нетрывіяльна яны адказваюць на пытанні, як дакладна могуць сфармуляваць думку. Складваецца такое ўражанне, што Ягор не асабліва любіў гастраляваць, больш працаваў дома над новымі і старымі запісамі ды чытаў кнігі. Кажуць, што калі ён вяртаўся з Масквы, то заўжды прывозіў з сабою стос кніг.

Квіткі на фільм я набыў загаддзя. І недарма. На ўсе тры сеансы іх імгненна раскупілі. Калі ішоў з ся­брам да кінатэатра, думаў: «Што ж я сёння ўбачу?» Адчуванні былі дзіўныя: бы нехта ўзяў ды наўпрост адматаў 15 гадоў майго жыцця. Доб- ра памятаю іх канцэрт у маі 2003 года ў Мінску, на які мы так і не трапілі — я і мая дзяўчына. Ля ўвахода было шмат людзей, не прабіцца, усе вясёлыя, радасная атмасфера. І вось цяпер ля «Ра­кеты» я бачыў прыкладна тое ж — нібы нічога і не змянілася. А мы ішлі не на фільм, а на жывы канцэрт.

Публіка ў зале была абсалютна розная, што рэдка бывае на канцэртах гуртоў з такім рэна­мэ: салідныя дзядзькі, якім 15 гадоў было недзе ў канцы 1980-х; трыццацігадовыя, якія пазнаёміліся з творчасцю Ягора ў пачатку нулявых; зусім зялё­ная моладзь, якая, хутчэй за ўсё, і жывога Летава не заспела.

Ужо з першых акордаў стала зразумела, што гэта не шараговы кінапрагляд. Мы і сапраўды прыйшлі на самы сапраўдны жывы канцэрт ле­гендарнага панк-гурта, які некалі скарыў сваімі песнямі ўвесь Саюз. Адзінае, што нас падзяляла, — экран. Але было такое адчуванне, што яшчэ хвіліна — і музыкі выйдуць да нас. Проста невера­годны эфект прысутнасці. А ў кадры ўсяго толькі чатыры чалавекі з інструментамі.

У адрозненне ад звыклых абаронаўскіх запісаў, і гук, і відэарад былі вельмі якасныя. Бачна, што спецыялісты добра папрацавалі над матэрыя­лам дзесяцігадовай даўніны. І, як гэта ні дзіўна, Ягору такі падыход наўрад ці спадабаўся б. Як і тое, што з яго цяпер спрабуюць зляпіць са­мага сапраўднага рок-ідала. А гэта ён, канешне ж, успрыняў бы выключна як канфармізм. Акурат тое, супраць чаго ён змагаўся цягам усяго жыцця, свядома абіраючы шлях рок-падполля. Распусціць гурт у момант найвышэйшага піку яго славы ды сысці ў горы замест таго, каб касіць бабло — на такі крок мог адважыцца толькі вельмі смелы і мужны чалавек. Але ж трэба разумець, што і пра­цэс «бранзавення» незваротны…

У той самы вечар у Омску па тэлебачанні паказалі запіс яшчэ аднаго канцэрта, які адбыўся крыху раней. Я паглядзеў яго праз некалькі дзён у сеціве. «Сімфаабарона» — так быў названы вы­ступ Омскага сімфанічнага аркестра, прысвеча­ны памяці знакамітага земляка. Невялікі, усяго на шэсць песень, але якіх: «Все идет по плану», «Родина», «Про Мишутку», «Про дурачка», «Мертвые», «Без меня».

Паміж песнямі ўставілі развагі музыкаў і ды­рыжора пра музыку і лірыку Летава. Аказала­ся, што з творчасцю яны знаёмыя добра, хоць і не з’яўляюцца фанатамі. Натуральна, што нічога дзіўнага ў тым няма. Але, нягледзячы на гэта, у іх атрымалася даволі няблага перайграць вядомыя хіты, якія займелі вельмі арыгінальнае гучанне.

Апошняя песня «Без меня» найбольш прабірае. Нейкі аксюмаран, улічваючы, што яна з альбома «Долгая счастливая жизнь» 2004 года. Гучыць, як запавет. Нібы Летаў ужо тады пачаў па­вольна развітвацца з намі, паралельна спрабуючы ўявіць сабе свет, дзе яго ўжо не будзе:

На рассвете — без меня,
На кассете — без меня,
Без меня — за дверь, без меня — домой
Без меня — теперь, без меня —
Анекдот с бородой навсегда.

«Мяне няма, але свет не перавярнуўся, нічога не змянілася, жыццё працягваецца», — такая дум­ка ў гэтай песні. Можа, так і ёсць, але адно даклад­на неаспрэчна: Ягор Летаў і яго «Гражданская Обо­рона» — гэта не проста панк, гэта нават болей за рок. Прайшло дастаткова часу пасля яго смерці, каб пераканацца ў гэтым. І няма нічога дзіўнага, што цяпер летаўскія песні граюць сімфанічныя аркестры: усё вартае рана ці позна робіцца класікай.

Канстанцін КАСЯК

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».