22 Верасень, субота

Вы тут

Навіны Белпошты


Спаборніцтва будучых паштальёнаў

У Мінску прайшоў VІІІ конкурс прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў па спецыяльнасці «Паштовая сувязь». Восем камандаў з усёй краіны спаборнічалі за званне найлепшай.

У першы дзень журы правярала тэарэтычныя веды і практычныя навыкі будучых работнікаў сувязі. Канкурсантам трэба было адказаць на пытанні па спецыяльнасці і выканаць некалькі паштовых аперацый. Напрыклад, апрацаваць уваходную пісьмовую карэспандэнцыю, прыняць заказное пісьмо з паведамленнем аб уручэнні і пісьмо з аб'яўленай вартасцю. На другі дзень навучэнцы ўдзельнічалі ў віктарыне і паказвалі візітоўкі камандаў і дамашняе заданне, прысвечанае Году малой радзімы. Акрамя гэтага, журы ацэньвала фірмавы стыль касцюмаў.

У выніку трэцяе месца заняла каманда Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі, другое — навучэнцы Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання. Першымі сталі студэнты Віцебскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі — Кацярына Аржаноўская, Уладзімір Карпаў і Кацярына Собалева. У наступным годзе менавіта Віцебск будзе прымаць конкурс прафесійнага майстэрства.


Чый мост найлепшы?

З 9 мая да 9 верасня праходзіць конкурс на найлепшую марку, выпушчаную па праграме «Еўропа». Яго праводзіць Асацыяцыя дзяржаўных паштовых аператараў Еўропы (PostEurop). Тэма гэтага года — «Масты».

На конкурсе прадстаўлена і марка, выдадзеная Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Беларусі. На ёй — выява моста да Вострава Мужнасці і Жалю на рацэ Свіслач.

Прагаласаваць за нашу марку можа любы ахвотны. Для гэтага неабходна зайсці на сайт posteurop.org/europa2018, запоўніць кароткую анкету і аддаць свой голас за айчынную паштовую мініяцюру.


Вестачкі малой радзіме

Белпошта правяла для школьнікаў серыю майстар-класаў па вырабе паштоўкі «Малая радзіма». У канцы мая работнікі прадпрыемства пабывалі ў гімназіях №№ 37, 38 і 74. Другакласнікам і трэцякласнікам расказалі пра некаторыя прыёмы паэтапнага стварэння выявы. Дзеці намалявалі сваю маленькую радзіму і падпісалі паштоўкі родным і блізкім. Гэтыя вестачкі пошта даставіць адрасатам бясплатна.

Падчас майстар-класаў дзеці паказвалі свае калекцыі марак і паштовак. Напрыклад, трэцякласнік 38-й гімназіі Антон Лемяшэўскі ў посткросінгу не навічок. Сярод картак, якія сабраў хлопчык, ёсць экзэмпляры з Нідэрландаў, Расіі, ЗША, Тайваня. Для Антона перапіска — гэта магчымасць замацаваць веды па англійскай мове. Яго аднакласнік Мацвей Абрашын пахваліўся вялікай калекцыяй марак — у ёй каля 300 адзінак. Такі падарунак яму зрабіў дзядуля, які ўсё жыццё захапляўся філатэліяй і не вяртаўся з падарожжаў без новых мініяцюр. А Аляксей Арлоў у гэтым навучальным годзе нават абараніў навукова-даследчую работу на тэму «Паштоўкі цёплае прывітанне». Хлопчык вырашыў даведацца, наколькі папулярная паштоўка як сродак зносін сярод яго аднагодак, якія эмоцыі адчуваюць яе атрымальнікі.

Мерапрыемствы былі арганізаваны ў рамках праекта «Паштовая адукаванасць», які накіраваны на інфармаванне навучэнцаў аб паслугах пошты, посткросінгу, правільным адрасаванні ў гульнявой форме.


Прыклад для іншых

У Магілёве назвалі прадпрыемствы, якія будуць занесены на абласную Дошку гонару па выніках работы за 2017 год. Сярод арганізацый, што дасягнулі найлепшых паказчыкаў у сваёй дзейнасці, — Магілёўскі філіял Белпошты.

Падчас уручэння пасведчання старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі адзначыў, што поспехі пераможцаў — прыклад для ўсіх астатніх. «Гэта людзі, якія аддаюць краіне свае веды, уменні і любоў», — падагульніў ён.

Дарэчы, на Гомельшчыне на Дошку гонару як найлепшы паштовы аб'ект занесены Рагачоўскі раённы вузел сувязі, а на Брэстчыне — Лунінецкі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.