Вы тут

У Акадэміі МУС адкрылі «Алею Памяці, Гонару, Славы»


Май гэтага года стаў знакавым для галоўнай міліцэйскай ВНУ краіны. Сёлета споўнілася 60 гадоў з дня заснавання Акадэміі МУС. 16 мая 1958 года быў падпісаны ўказ аб стварэнні Мінскага аддзялення факультэта завочнага навучання вышэйшай школы МУС СССР. За мінулыя дзесяцігоддзі аддзяленне дарасло да звання самастойнай вышэйшай навучальнай установы, якая да таго ж з'яўляецца адной з найлепшых у краіне.


На дадзены момант у структуры ВНУ дзейнічаюць 6 факультэтаў і 19 кафедраў, дзе навучаюць 180 дысцыплінам. На базе яе створаны Міжнародны навучальны цэнтр. Усяго з вышэйшай навучальнай установы выпусціліся больш за 30 тысяч уладальнікаў адукацыі ў сферы юрыспрудэнцыі. Пяць выпускнікоў акадэміі сталі міністрамі ўнутраных спраў Беларусі, сярод іх і дзейны міністр Ігар Шуневіч, а Адыльгерэй Магамедтагіраў узначаліў міліцэйскае ведамства ў Рэспубліцы Дагестан. Акрамя таго, ВНУ выпусціла больш за 40 будучых генералаў, кіраўнікоў розных падраздзяленняў МУС. Наогул у сценах акадэміі рыхтуюць не толькі супрацоўнікаў міліцыі, але і спецыялістаў для ўсіх ведамстваў, якія адказваюць за бяспеку дзяржавы і яе жыхароў.

Кульмінацыяй святкавання юбілею стала адкрыццё мемарыяла «Алея Памяці, Гонару, Славы», які размясціўся ва ўнутраным двары акадэміі. Ключавая фігура скульптурнай кампазіцыі — выпускнік гэтай навучальнай установы, адлюстраваны на парозе новага этапу свайго жыцця. Як сімвал гэтага — дыплом і лейтэнанцкія пагоны ў руках, але пакуль яшчэ курсанцкія — на плячах. Акрамя скульптуры алея складаецца з чатырох памятных камянёў, якія прысвечаны чатыром важным вехам у гісторыі беларускіх праваахоўных органаў. Першы з іх пастаўлены ў гонар супрацоўнікаў акадэміі, што прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, усяго іх было 49 чалавек. Яго адкрыла ветэран вайны Тамара Заўгародняя, у мінулым — начальнік спецыяльнай бібліятэкі Мінскай вышэйшай школы МУС СССР (з 1995 года пачала насіць назву Акадэмія МУС). Другі камень усталяваны ў гонар супрацоўнікаў і выпускнікоў акадэміі, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку. Таксама мемарыял закліканы ушанаваць памяць тых, хто прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ў выкананні інтэрнацыянальнага абавязку. На цырымоніі прысутнічалі як выпускнікі акадэміі, што маюць непасрэднае дачыненне да гэтых трагічных падзей, так і блізкія тых, хто аддаў сваё жыццё дзеля агульнага дабра. Яднанне цяперашніх курсантаў і тых, хто пакінуў сцены акадэміі дзясяткі гадоў таму, стварыла асабліва кранальную атмасферу.

— Гісторыя навучальнай установы — гэта перш за ўсё людзі з іх адданасцю сваёй справе. Асабліва адзначу выкладчыцкі склад, які, паспяхова спалучаючы навуку з практыкай, дае будучым афіцэрам глыбокія прафесійныя веды, фарміруе ў іх пачуццё патрыятызму і адданасці абавязку. Менавіта таму годнымі прадаўжальнікамі традыцый акадэміі становяцца яе выпускнікі. Яны добрасумленна выконваюць свой прафесійны абавязак практычна ва ўсіх праваахоўных структурах нашай дзяржавы. Сярод іх — міністры і кіраўнікі падраздзяленняў, генералы і афіцэры, лаўрэаты дзяржаўных прэмій, заслужаныя дзеячы навукі і адукацыі, — адзначыў намеснік міністра ўнутраных спраў генерал-маёр міліцыі Аляксандр БАРСУКОЎ.

Аб высокім узроўні падрыхтоўкі курсантаў сведчыць той факт, што з 1996 года 92 чалавекі станавіліся стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Якаснасць прафесійнай падрыхтоўкі выпускнікоў ВНУ пацвярджае і цеснае супрацоўніцтва з іншымі ўстановамі адукацыі па ўсім свеце. Так, павіншаваць акадэмію з юбілеем прыехалі больш за 20 замежных дэлегацый. Як расказаў журналістам прафесар Кітайскага ўніверсітэта крымінальнай паліцыі Чжаа Хэйвэй, ён шчыра ўражаны арганізацыяй навучальнага працэсу, а таксама тэхнічным аснашчэннем акадэміі. Таму далейшае супрацоўніцтва з беларускім бокам уяўляе вялікую цікавасць для Кітая.

— Мы думаем пра нашу будучыню, пра тое, хто стане на абарону правапарадку і законнасці ў краіне ўслед за намі. Упэўнены, што нашы выпускнікі і надалей з гонарам будуць выконваць ускладзеныя на іх задачы, забяспечваючы надзейную абарону законных правоў і інтарэсаў грамадзян ад злачынных замахаў, дэманструючы зламыснікам сілу Закону і перамогу справядлівасці, — падкрэсліў начальнік Акадэміі МУС генерал-маёр міліцыі Уладзімір
Бачыла
(на фота).

Дар'я КАСКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: На парозе новага жыццёвага этапу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».