Вы тут

Штучны інтэлект у ваеннай сферы пакуль што небяспечны?


Да нядаўняга часу штучны інтэлект знаходзіў сваё выкарыстанне толькі ў даследчых і, калі можна так выказацца, «бытавых» аспектах нашага жыцця. Але цяпер усё часцей можна пачуць пра тое, што AІ будуць інтэграваць і ў ваенную сферу. Напрыклад, улады Вялікабрытаніі заявілі пра адкрыццё цэнтра ваенных распрацовак, ключавую ролю ў якім будзе іграць менавіта штучны розум.


Цэнтр будзе размешчаны на тэрыторыі брытанскага горада Портан-Даўн. На першым этапе навукоўцы комплексу будуць вывучаць магчымасць прымянення AІ для кіравання беспілотнай тэхнікай, сістэмамі камп'ютарнай бяспекі, садзейнічання каманднаму складу і дапамогі ў каардынацыі дзеянняў на полі бою, а таксама ў сферы процідзеяння інфармацыйнай вайне. Як заявіў міністр абароны Злучанага Каралеўства Гэвін Уільямсан, «сустрэча навукоўцаў і ваенных экспертаў прымушае нашы самыя выбітныя розумы развіваць новыя магчымасці, пасля чаго найноўшыя распрацоўкі можна будзе ўкараніць у сістэмы аўтаномнага вядзення бою і нават у робататэхніку». Улады Вялікабрытаніі ўжо выдаткавалі амаль мільярд долараў ЗША на развіццё сістэм штучнага інтэлекту ў ваеннай сферы і плануюць далей развіваць гэтую галіну. Шматлікіх экспертаў палохае падобная перспектыва, бо ўсе мы ведаем нямала літаратурных і кінематаграфічных твораў, па сюжэце якіх збунтаваны AІ паўстае супраць чалавецтва. Аднак, паводле заяў навукоўцаў, турбавацца не варта, бо ў дадзены момант AІ знаходзіцца на тым этапе, калі ён арыентаваны толькі пад выкарыстанне пэўных задач і не валодае належнай самастойнасцю ў прыняцці рашэнняў.

Паводле даных СМІ, колькасць брытанскай арміі ў цяперашні час скарацілася да мінімуму з часоў Першай сусветнай вайны з-за праблем са здароўем ваеннаслужачых і недастатковага набору. У поўнай баявой гатоўнасці зараз знаходзяцца толькі каля 60 тысяч чалавек, што менш, чым у арміях Іспаніі і Польшчы.

Нядаўна навукоўцы з універсітэта Паўднёвай Каліфорніі і лабараторый арміі ЗША стварылі сістэму штучнага інтэлекту, якая дазваляе салдатам трэніраваць уважлівасць, памяць і рацыянальнасць. Гэта ў 13 разоў паскорыла іх навучанне. У Акадэміі ВПС ЗША таксама распрацоўваюць алгарытм аўтапілота, які дазволіць дронам атакаваць іншыя беспілотнікі, а таксама ўхіляцца ад сустрэчных нападзенняў. Плануецца, што дроны змогуць выконваць усе асноўныя пілатажныя баявыя фігуры, якія тэхнічна будуць даступныя.

Між тым 15 мая стала вядома, што каля 10 супрацоўнікаў Google вырашылі звольніцца з кампаніі менавіта ў знак пратэсту супраць супрацоўніцтва карпарацыі з міністэрствам абароны ЗША ў рамках рэалізацыі праекта па ўкараненні штучнага інтэлекту.


Дарэчы

Яшчэ ў 2015 годзе Стывен Хокінг, Ілан Маск, Стыў Вазняк і іншыя знакамітыя навукоўцы і вынаходнікі напісалі адкрыты ліст, у якім выказалі сур'ёзную асцярогу з нагоды стварэння зброі са штучным інтэлектам, якая цалкам рэальна будзе пагражаць існаванню чалавецтва. Яны запатрабавалі ад сусветнай супольнасці забараніць яе выкарыстанне. Ліст таксама падпісалі сотні даследчыкаў у галіне штучнага інтэлекту і робататэхнікі.

Аўтары ліста асцерагаліся «глабальнай гонкі AІ-ўзбраенняў» і прадказвалі, што «самакіравальныя дроны стануць «Калашнікавым» найбліжэйшай будучыні». Пры гэтым навукоўцы разумеюць, што тэхналогіі штучнага інтэлекту могуць прынесці карысць чалавецтву, аднак прымяненне AІ-ўзбраенняў павінна быць забаронена міжнароднымі дагаворамі, як гэта ўжо зроблена з хімічнай і біялагічнай зброяй. Асцярога навукоўцаў датычылася не толькі ваенных дронаў, але і многіх іншых відаў узбраенняў, такіх як стратасферныя або арбітальныя лазеры.

Абаронцы AІ-ўзбраення, у сваю чаргу, сцвярджалі, што яго распрацоўка матывуе іншыя краіны перайсці на ўдзел баявых робатаў у ваенных канфліктах замест людзей. Навукоўцы раскрытыкавалі такія развагі і заявілі, што аўтаномныя дроны ідэальна падыходзяць для кропкавай ананімнай ліквідацыі ключавых членаў грамадства, дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі, выбарнага знішчэння прадстаўнікоў пэўных этнічных груп.

Аўтары таго ліста адзначылі, што аўтаномныя віды ўзбраенняў сталі трэцяй рэвалюцыяй у ваеннай галіне пасля вынаходства пораху і ядзернай зброі. Дзве папярэднія змянілі сусветны парадак, і трэцяя можа зрабіць тое ж самае. Яшчэ адной пагрозай з'яўляецца ўразлівасць камп'ютарных сістэм для хакерскіх нападаў. Эфектыўна выкарыстоўваць кіберзброю сёння могуць не толькі буйныя сусветныя дзяржавы, але і шэраг аўтарытарных дзяржаў і тэрарыстычных груповак. Узлом вытворчай лініі ваенных дронаў і іх перапраграмаванне могуць прывесці да непрадказальных наступстваў.

Іван КУПАРВАС

Загаловак у газеце: Чалавек даручае зброю машынам

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

У дваццатых чыслах студзеня ў Мінску ўпершыню пройдзе маштабны турнір па фігурным катанні.

Грамадства

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

​Кожны з нас хоць раз у жыцці адчуваў сябе «машкай-разявашкай».

Калейдаскоп

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

У мінулую пятніцу ў Мінску прайшоў заключны канцэрт «Песні года Беларусі».