Вы тут

Падтыннік — не пустазелле, а карысная расліна


Некаторыя агароднікі скардзяцца, што іх садовы ўчастак проста акупаваў падтыннік і змагацца з ім вельмі складана. Не спяшайцеся радыкальна пазбаўляцца ад гэтай расліны, проста абмяжуйце зону пражывання. Маладыя сеянцы лёгка гінуць, калі проста падрэзаць разеткі.


Наогул, падтыннік — не вораг садоўніка, а яго сябар і памочнік. Акрамя знаёмых з дзяцінства лячэбных уласцівасцяў па выдаленні бародавак, ён яшчэ і культурным раслінам дапамагае справіцца з хваробамі і ворагамі. Напрыклад, калі глеба заражаная, то перад пасадкай каштоўных цыбульных культур лепш пасеяць падтыннік, а ў канцы жніўня яго перакапаць у глебу.

У барацьбе са шкоднікамі кветак добра дапамагае свежы настой падтынніку. Выкопваюць чатыры расліны з коранем, здрабняюць і заліваюць 10 л вады. Хвілін праз 15 вада становіцца карычневай і ёю можна паліваць расліны. Нават аднакратны паліў прыкметна адбіваецца на знешнім выглядзе прыгнечаных зялёных гадаванцаў. Тля не проста абсыпаецца з іх, але і новыя яе калоніі доўга не з'яўляюцца на апрацаваных кветніках.

Нарыхтоўваюць падтыннік у маі — чэрвені, калі расліны пачынаюць цвісці. Сушаць у цені. Захоўваюць высушаную траву ў папяровых пакетах, а выкарыстоўваюць для абеззаражвання глебы перад пасадкай цыбульных і пасля іх уборкі. Спачатку цыбуліны цюльпанаў, гладыёлусаў і іншых цыбульных кветак вытрымліваюць дзве гадзіны ў цёплым настоі падтынніку (300 г сухой травы на 10 л вады, настойваюць двое сутак). Затым цыбуліны абсушваюць і высаджваюць у грунт. Пасля ўборкі пасадачны матэрыял трэба добра прамыць і замачыць на 30 хвілін у настоі сухой травы
(150 г на 10 л вады, настойваюць двое сутак).

Гладыёлусы будуць менш хварэць і цярпець ад шкоднікаў, калі цыбуліны перад пасадкай не толькі абеззаражваць у настоі падтынніку, але і рэгулярна апырскваць расліны настоем (500 г сухой травы на 10 л вады). Рабіць гэта трэба чатыры разы: пры з'яўленні другога-трэцяга ліста, пятага-шостага ліста, перад цвіценнем і пасля вегетацыі. Акрамя таго, глебу пад гладыёлусамі карысна замульчыраваць сечанай зелянінай падтынніку.

Гэтак жа выкарыстоўваюць падтыннік і пры вырошчванні цюльпанаў, толькі апырскванні праводзяць тройчы.

Эфектыўная гэтая расліна і ў барацьбе з грызунамі, калі раскідаць высушаны падтыннік паміж пасадкамі гваздзіка́, цыбульных, маладых дрэў.

Так што не проста змагайцеся з падтыннікам у садзе, а выкарыстоўвайце яго на карысць сваім раслінам. Толькі памятайце, што ён атрутны, таму ўсе работы трэба праводзіць у пальчатках, а пры апырскванні надзяваць маску.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».