Вы тут

Джэнтльмен у панскіх штанах


З Баранавіч па электроннай пошце прыйшоў ліст, у якім спецыяліст па сувязях з грамадскасцю адной з прыватных фірмаў расказвае, што вандалы псуюць іх дарагую вонкавую рэкламу, і ў кампаніі ёсць падазрэнне, што робяць гэта куды слабейшыя канкурэнты. Аўтары ліста не просяць знайсці ды пакараць нахабнікаў (аб гэтым яны ўжо папрасілі міліцыю), а прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы. Прыцягваю.


Знаёмая сітуацыя, праўда: калі ў мяне карова здохла, то няхай і суседава не раздражняе сваёй задаволенай мордай ды поўным вымем.

Але гэта ўжо крайняя форма выражэння зайздрасці. А колькі навокал дробных, спадцішка зробленых прыкрасцяў! Напэўна, і ў сябе заўважалі: ноччу нехта каля самага пад'езда выставіў склад бытавых адходаў, хоць гэта рабіць забаронена.  Альбо гаспадар шыкоўнага катэджа вывез цэлы прычэп будаўнічага смецця ў бліжні лес. Зрабіў, вядома, не ад недахопу грошай на законнае ўпарадкаванне адходаў, а проста самому так лепей, а што некаму горш, яго не хвалюе.

Скажаце, не з гэтай оперы? З гэтай, бо тыя ж «грамадзяне» з кватэр і катэджаў (дзе ж узяць іншых?) прыходзяць у бізнес і дзейнічаюць аналагічна.

Як вядома, канкурэнта трэба перамагаць у сумленнай барацьбе, калі ты гатовы дзейнічаць па законе і агульначалавечых правілах. Але як сказаў адзін гумарыст: калі джэнтльмен не можа выйграць па правілах, джэнтльмен мяняе правілы. Так і тут: не атрымліваецца перацягнуць кліентаў, дык хоць душу пацешыць, чужыя рэкламныя банеры патрушчыць. Потым пайдзі дакажы, бо не злавілі за руку, значыць, доказаў няма. Сумленне ж мучыць не будзе, бо гэта катэгорыя не для тых джэнтльменаў, пра якіх некалі ў вёсках казалі, што ў іх з панскіх штаноў хамская с...а тырчыць.

Як лічыць вядомы рэжысёр, дарэчы, выхадзец з Баранавіч, Сяргей Лазніца, вырашыць праблему могуць толькі выхаванне, адукацыя: дрэнна, маўляў, што цяперашнія людзі класіку не чытаюць. Праўда, сказаў ён гэта ў іншым кантэксце, пра іншых людзей. Але і сюды названы рэцэпт падыходзіць. Шкада толькі, што на гэтыя працэсы патрэбна надзвычай шмат часу, можа, нават не адно пакаленне вырасце, пакуль людзі навучацца не ламаць і пэцкаць вакол сябе, а жыць па-людску.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».