Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Лісты ад чытачоў газеты «Звязда».


Ёсць такая прафесія

Я працую ў школе настаўнікам пачатковых класаў і, апроч таго, выкладаю АБЖ (Асновы бяспекі жыццядзейнасці). Нядаўна мы з вучнямі праходзілі тэму «Прафесія — ратавальнік». І на ўроку я расказаў пра канкрэтнае здарэнне, удзельнікам якога давялося быць.

А было так. Сёлета перад Радаўніцай мы з сям'ёй прыехалі на бацькаўшчыну маёй жонкі, у вёску Вязьма. Гэта адзін з самых прыгожых куточкаў нашага раёна, бо там зліваюцца рэкі Грэза і Друць. Мы з сынам схадзілі туды, палюбаваліся, пагулялі ў розныя гульні, наладзілі пікнік, а нарэшце — дужа цёплы быў вечар — проста сядзелі на лаўцы.

Раптам гэтую ідылію парушыў трэск, падобны на той, што пры награванні выдае шыфер... Значыць, нешта гарыць?

Схапіўшы вёдры, я выскачыў на вуліцу. Тое ж, як я заўважыў, зрабілі і іншыя вяскоўцы...

Калі прыбеглі на месца, убачылі, што гарыць летняя кухня, а людзей унутры няма.

Перш-наперш выклікалі пажарных. Потым трэба было «адсекчы» агонь ад суседніх будынкаў. Тут узнікла праблема, і заключалася яна ў тым, што над бліжняй студняй узвышаўся рэдкі па сённяшнім часе журавель. Вядро з яго дапамогай хутка не апусціш...

Але ж спачатку мы паламалі агароджу, каб забяспечыць доступ да пабудоў, ды сталі абліваць іх вадой. У гэтай мітусні я паспеў заўважыць, што ніхто з людзей не думаў пра сябе — пра тое ж парванае ці спэцканае адзенне, брудныя твары, згубленыя (потым дазнаўся) акуляры. Усе, як маглі, стараліся тушыць агонь, каб ён не перакінуся далей.

На шчасце, праз некалькі хвілін мы пачулі гук сірэны і галасы: «Едуць!». Так, гэта былі пажарныя. Яны ўдакладнілі, ці няма каго ў палаючым будынку, і па камандзе «працуем!» прыступілі да сваіх абавязкаў... Літаральна праз некалькі хвілін пажар быў патушаны, мы разыходзіліся па дамах, з удзячнасцю згадваючы нашых ратавальнікаў, адчуваючы, што як быццам і самі парадніліся, сталі бліжэй адно да аднаго.

...Вось такія ўрокі падносіць жыццё, вучыць нас дзейнічаць. І, дай бог, правільна!

Анатоль Аскірка, г. Быхаў


Споведзі, сабраныя разам

На 20 мовах свету выдадзены кнігі нашай першай Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Жанр іх — літаратурна-дакументальная аналітыка. І ўражанні ад яе вельмі моцныя, бо гэта — рэальныя споведзі рэальных людзей. Сабраныя разам пад вокладкамі «Апошнія сведкі», «У вайны — не жаночае аблічча», «Цынкавыя хлопчыкі», «Зачараваныя смерцю», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд», яны зліваюцца ў агульнае шматгалоссе: з асобных «маленькіх» гісторый складаецца агульная карціна часу.

Пісьменніца не раз наведвала наш горад, раён, сустракалася тут з людзьмі, запісвала ўспаміны ўдзельніц Другой сусветнай. Споведзі пяці нашых зямлячак трапілі, у прыватнасці, у кнігу «У вайны — не жаночае аблічча». У хуткім часе пасля яе выхаду адбылася прэзентацыя, сустрэча з мясцовай інтэлігенцыяй, пасля чаго кнігалюбы сталі з яшчэ большай цікавасцю сачыць за творчасцю Алексіевіч, пытацца ў бібліятэках пра яе новыя творы.

Выбраныя старонкі з іх не раз агучваў і наш бібліятэчны выязны тэатр. Яго выступленні з нязменнай цікавасцю ўспрымаліся і ў вучнёўскім класе, і ў швейным цэху, і на пасяджэннях грамадскіх таварыстваў... Сімбіёз літаратуры і мастацтва дазваляў гледачам па-новаму — праз прызму сцэнічнага майстэрства — успрымаць прозу Святланы Алексіевіч, а імправізаваныя маналогі (уступны «Я павяду вас дарогай успамінаў» і заключны «Я не спавядальнік, не лекар, не суддзя, я такі ж чалавек, як і вы») дазволілі перадаць творчае крэда.

Сёлетні май для знакамітай пісьменніцы юбілейны. Для яе чытачоў — гэта яшчэ адна нагода, каб звярнуцца да творчасці.

Тамара Круталевіч, г. Беразіно


Спявай, душа!

Кажуць, аднойчы, выбіраючы сукенку для французскай каралевы, швачка дастала нейкую, мякка кажучы, стараватую... Але ж трохі паднавіла яе і прапанавала надзець. Марыя Антуанета з радасцю згадзілася... З той пары і пайшло гуляць, што ўсё новае — гэта добра забытае старое.

Такім чынам, на старонках «Звязды» зноў прыпеўкі. Чытайце і, вядома ж, спявайце, бо гэта (навукова даказана!) — змяншае пачуццё трывогі, дапамагае адольваць цяжкасці, а папросту — жыць.

Iван Ада­ма­вiч Са­ла­но­вiч з вёс­кi Лю­бо­нi­чы Кi­раў­ска­га ра­ё­на на­пi­саў, а ка­лi дак­лад­ней ска­заць «ад­шу­каў», на гар­мо­нi­ку му­зы­ку да вер­ша пра сваю ма­лую ра­дзi­му.  Фальк­лор­ны ан­самбль «Спад­чы­на», якiм кi­руе яго жон­ка Ма­рыя Iва­наў­на  (на фо­та), гэ­тую пес­ню спя­вае. А са­лi­ру­юць у гур­це яны — Iван i Ма­рыя Са­ла­но­вi­чы. Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Ёсць у продажы памада —

Запрацуе, што прынада:

Так бяруцца мужыкі —

Не патрэбны і кручкі!

Калі дзеўку

дзе ўшчыпнуць,

У Еўропе штраф дадуць.

Нам — няма чаго баяцца,

Можна добра патрымацца.

Дзед у ложак завалок —

І адразу звіўся...

Ведаў справу на зубок,

Ды «зубок» знасіўся.

— Мой каханы —

трактарыст,

Цэлы дзень у полі.

Добра, што не баяніст —

Піў бы ў застоллях!

Гэта ж трэба —два жаўткі

У адным яечку!

Мела курачка грахі

У сваім сардэчку.

Кажуць, сала не ўжывай —

Тлушч на ягадзіцах.

Таму й пенсію трымай:

На хлябок з вадзіцай.

Тройчы есці за сталом?

Хопіць з нас і разу:

Толькі гэтак зберажом

Шмат вады і газу!

Каб здароўе не прапала,

Не купляйце, людзі, сала:

Дабаўляйце сабе ў піццу

Лебяду, асот, макрыцу...

Лес навокалчэзне-чахне —

Не адчуеш лета,

Нават мёд ужо не пахне,

Бо з «цукровых» кветак.

Мікола Кутас, в. Ілья, Вілейскі раён


Сам для сябе

...У шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя арганізацый па аказанні рытуальных паслуг і ў гарадах было няшмат. А да вёсак і наогул яны не даязджалі. Відаць, таму мой дзед Міколік загадзя нарыхтаваў дэфіцытных дошак, злажыў іх на гарышчы, а побач прымасціў абчэсанае бярвенца. На гэтыя будаўнічыя матэрыялы я калі-нікалі сядаў, каб у свой агульны сшытак запісваць юначыя вершы.

Чаго «чакалі» гэтыя дошкі, я даведаўся, калі сабраўся ў войска. Дзядуля (яму было пад дзевяноста, хоць выглядаў ён значна маладзей, бо піў хіба пакрысе і не курыў ніколі) тады сказаў, што, можа, не дачакаецца, не дажыве да таго часу, калі я вярнуся. То, маўляў, май на ўвазе...

Служыў я і сапраўды доўга: чатыры гады на караблях Чарнаморскага флоту... Але дзед сустрэў мяне, прычым — на сваіх нагах. Праз нейкі час я зазірнуў на гарышча, дошак там ужо не было, затое стаяла гатовая дамавіна, у якой ляжалі розныя непатрэбныя рэчы. Я пазней даведаўся, што пустой яна і не павінна быць — дрэнная прыкмета...

Калі дзеда не стала, мы з сябруком унеслі труну ў хату. Цеслярам заставалася зрабіць толькі крыж, далакопам — выкапаць магілу на вясковых могілках: дзед загадзя паказаў, дзе яго пахаваць.

Мы ўсё зрабілі, як ён сказаў, бо дзядуля для нас быў і за бацьку, ратаваў у часы вайны (тату прызвалі яшчэ ў сорак першым, а ў сорак пятым прыслалі пахавальную).

...Можа, сотню разоў я звяртаўся ў розныя інстанцыі, але так і не даведаўся, дзе пахаваны бацька. А вось на магілу дзеда заўсёды хаджу. І з удзячнасцю ўспамінаю, бо ён ва ўсім для мяне быў прыкладам.

Анатоль Кашэвіч, Лельчыцкі раён


Дзядзька — не бацька

Я — вяскоўка, жыву ў звычайнай хаце і, як на ліха, кожны год там нешта раблю: то ганак рамантую, то дзверы, то платы...

Без мужчыны, самой, мне з такімі работамі ніяк не справіцца: з маладых гадоў удава. А таму і даводзіцца кожны раз шукаць чалавека.

...Гэты падрадзіўся мне дзверы паправіць. Прыйшоў, разлажыў патрэбны інструмент, можна сказаць, закасаў рукавы — прыступіў да работы. І яна, бачу, спорыцца.

— Малайчына ты, — хвалю чалавека. — Нехта ж навучыў цябе ўсё рабіць?! Мусіць, бацечка? Ён чалавек майстравы быў. І табе, відаць, перадалося: гены...

— Не, — перапыніў мой «маналог» мужчына, — Гена тут ні пры чым. Ён хоць і дзядзька мне, але ж колькі жыў, ніводнага цвіка не забіў... У яго хіба гультайству вучыцца, а вось бацька — той і праўда майстрам быў!

Яблык ад яблыні... Ці як там кажуць?

С. Атрохава, в. Селішча, Слуцкі раён

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.