Вы тут

«Фальклор — дакумент непаўторнасці»


У 2004 годзе Беларусь далучылася да канвенцыі ЮНЕСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Пытанне актуальнае для ўсяго свету, культурная шматаблічнасць якога трывае пад усё большым ціскам глабалізацыйных тэндэнцый. Таму даследчыкі з розных краін узялі ўдзел у канферэнцыі «Аўтэнтычны фальклор» у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, а таксама ў круглым стале на тэму «Вусная і нематэрыяльная спадчына еўрапейцаў у ХХІ стагоддзі: захаванне, аднаўленне, успрыманне». Гаворка ішла аб праблемах захавання ідэнтыфікацыі ўсходнееўрапейскіх народаў і звязаных з гэтым элементаў іх этнічнай культуры.


Ігар Маціеўскі (Расія): «Сёлета мы з Галінай Таўлай былі на кангрэсе ў Туле, прысвечаным глабалізацыі. Тэндэнцыя глабалізацыі — ператварэнне людзей у карыстальнікаў. Чым больш пісьменныя карыстальнікі — тым больш падобны яны на робатаў... Акадэмік Брамлей казаў: “Чалавецтва — гэта народы”. Калі не будзе народаў — не будзе чалавецтва. Праз фальклор мы ідзём да будучыні, а не да мінулага. Карыстальнікіробаты на глебе спажывання рана ці позна пераб’юць адзін аднога... Сёння мы кажам: “Моладзь не ведае фальклору”, але яна і сапраўднай акадэмічнай музыкі не ведае. Таму нават постфальклор таксама мае свае плюсы і мінусы...

Не зусім правільна дзяліць мастацтва толькі на вусную і пісьмовую традыцыю. Мне больш даспадобы дэфініцыя Чыстова “кантактная камунікацыя (перадача тэкстаў культуры ад носьбіта да пераемніка пры асабістым кантакце)”. Але яна мае свае асаблівасці, агульныя і для аўтэнтычнага фальклору, і для выбітнага акадэмічнага мастацтва. Прывяду прыклад. Мая дачка хацела павучыцца ў гуцула-скрыпака. Яна дасканала вывучыла яго найгрышы. “Ладна, вазьму”, — адказаў ён, але дадаў: “Чаму ты граеш, як я?” — “Я капірую вашу традыцыю”. — “Ты — іграй, як ты”... У жывым, аўтэнтычным мастацтве мы маем справу з політэкстуальнасцю. Пры рабоце з аўтэнтыкай трэба выхаваць у выканаўцы тэндэнцыю да імправізацыі і да множнасці варыянтаў фальклорнага тэксту».

Уладзімір Бярбераў (Беларусь): «Самая галоўная традыцыя — не капіраваць традыцыю. Самая адэкватная копія яе не павінна быць проста механічнай копіяй. Прасцей навучыцца капіраваць, чым прадаўжаць традыцыю арганічна. Я быў ля вытокаў адраджэння дуды ў Беларусі. Магчыма, калі б нешта падобнае зрабіў чалавек з кансерваторскай адукацыяй, гэта было б крута. Але, калі мы пачыналі, быў толькі 1 запіс (нотны) дуды, зроблены Гіпіусам. Большасць пераемнікаў гралі на дудах флейтавую музыку. Дударскую субкварту ўвёў я, бо “сама прасілася”. Не ўсё з традыцыйнай музыкі трэба граць на дудзе, бо гармонія там вызначана. Таму я за тое, каб постфальклорныя музыкі бралі максімальна набліжаныя да аўтэнтычных музычныя інструменты і “шукалі сябе”. У аўтэнтычнага выканаўцы ёсць свабода мыслення. Постфальклорным выканаўцам трэба яе развіваць у сябе».

Галіна Таўлай (Расія—Беларусь): «Я прадстаўляю Беларусь у АCTM UNESCO. Добра, што навукоўцаў цікавіць гучанне музыкі і новыя адчуванні, іншы тып інтанавання...

Шмат гадоў вывучаю фальклорную аўтэнтыку беларусаў, сутыкаюся з рознымі праблемамі. Галоўная — няўзгодненасць акадэмічнай і народнай адукацыі. Апошнім часам займаюся шматгалоссем. Заўважыла, што сучасныя выканаўцы спрашчаюць валачобныя песні — фактура традыцыйнай музыкі мяняецца. Аналізаваць можна, аднавіць цяжка. Глядзела фільм Гамзовіч пра Каляды. Там кожная песня ніколі не паўтараецца. Добрыя музыкі кажуць: “Гук вібруе”, — нашыя тэарэтыкі не фіксуюць гэтага. А дзе падзелася музыка? Можна падысці бліжэй ці далей, але аднавіць — цяжка. У кожнага чалавека свой тэзаўрус. Дробязі робяць стыль, таму ніколі нічога не паўтараецца ў традыцыйнай культуры. Аўтэнтычныя выканаўцы — сапраўдныя майстры. Яны свабодна валодаюць і імправізуюць. Тое, што мы запісваем, патрабуе ведання музыкі».

Эвеліна Шчадрына (Беларусь): «Мы жывём у Мінску, вывучаем розныя лакальныя традыцыі фальклору. Тое, што акадэмік Маціеўскі называе навучаннем метадам “кантактнай камунікацыі”, беларускія даследчыкі завуць навучаннем метадам “дэманстратыўнай антрапатэхнікі”. Назвы розныя — сэнс аднолькавы. Такія методыкі асноўныя ў навучанні студэнтаў па спецыяльнасці “Народная творчасць (фальклор)” у БДУКМ. Часам студэнты-фалькларысты адразу ўсяго не разумеюць, гэта натуральна. Некаторыя песні мы не можам адразу праспяваць аднолькава з носьбітамі: я і жанчына ў 80 гадоў — наша выкананне нельга параўноўваць».

Вячаслаў Калацэй (Беларусь): «Некаторыя музыкі кажуць, што блюз адэкватна і па-сапраўднаму можна выконваць выключна пасля 40-годдзя: толькі тады жыццёвы досвед чалавека адпавядае “нерву” гэтага вольнага па форме музычнага стыля. Каб вывучыць і захаваць заканамернасці мугаба — своеасаблівага “азербайджанскага блюза” — у Азербайджане адкрылі асобны Цэнтр мугаба. І гэта прыклад сур’ёзнага падыходу да ўласнай спадчыны. Трэба памятаць: пры навучанні этнафоніі ва ўніверсітэце мы не “вырошчваем аўтэнтычных выканаўцаў за 4 гады”. Мы даём ім магчымасці спазнаць законы існавання і трансляцыі мастацтва вуснай традыцыі; паглыбляем у субкультуру яго носьбітаў; даём выканальніцкую аснову. А як чалавек выкарыстае гэта ў прафесійнай дзейнасці, залежыць ад яго самога».

Галіна Кутырова-Чубаля (Польшча—Беларусь): «У 1990-я гады ў мяне была практыка супрацоўніцтва з тагачаснымі студэнтамі — Вольгай Емельянчык, Ірынай Мазюк. Я выкладала фальклор, а яны прыслухоўваліся. Яны “адзін у адзін знялі” аўтэнтычны беларускі спеў. Яны здымалі кальку з аўтэнтыкі. “Гуда” ў 1990-я гады гэта рабіла. А калі Людміла Ражкова запрасіла на салоўку, якую я дала ёй са сваіх запісаў, дзеткі танчылі як матылькі, як эльфы, стала зразумела: трэба мець натхненне і самавыяўляцца. Саксафаніст з “Песняроў” падчас навучання ва ўніверсітэце захварэў на фольк і зрабіў вольную буйную музычную кампазіцыю з адной беларускай вясельнай песні. Кожны можа самавыяўляцца, і трэба імкнуцца да гэтага ў рабоце з фальклорам. Калі чалавек “схапіў бацылу” — ён можа рознымі шляхамі “выцягваць” нашу спадчыну».

Ярына Ставыцька (Украіна): «Я не музыкант. Але мы вясной на Вялікдзень выходзім “паліты вогнішча”. Фіксуецца гэты звычай у трох абласцях: прыйшло ўсё сяло, кідаюць старыя рэчы; для іх гэта прыроднае, прычым людзі не паўтараюць усё з мінулага, а імправізуюць дзеянні, прамовы, спевы. Таму не трэба песімізму. Маладое пакаленне не вырасла ў той, мінулай, аўтэнтычнай, традыцыі. Але задача носьбітаў і сталых даследчыкаў — навучыць нас».

Энгельс Дарашэвіч (Беларусь): «З пазіцый свайго жыццёвага досведу я адзначу: маладымі мы маем больш магчымасці параўнання і пераймання, таму што больш гнуткія і мабільныя. У 1970-я гады я ў Маскве з філосафам Уладзімірам Конанам працаваў у архівах і жыў там прыкладна год, у Вільні — каля 5 гадоў. Конан быў блізкі сябар фалькларыста Зінаіды Мажэйкі, якая ў той час у Маскве абараняла кандыдацкую дысертацыю. Магу адзначыць, што на абароне яе дысертацыі па спеўнай культуры вёскі Тонеж у Маскве з нашага боку быў Генадзь Цітовіч, кіраўнік народнага хору. А яна шкадавала, што не прыехаў Сцяпан Дубейка: палова яго вёскі спявала, усе спявалі мясцовы фальклор. Мажэйка шмат апавядала пра фальклор, яна здзіўлялася, што ў Вялікую Айчынную яе не забілі за сатырычныя куплеты пра немцаў. А я лічу, што гэта сімвалічна: сапраўднае мастацтва і яго носьбіты ахоўваюць Сусвет ад заняпаду ў стан хаосу...

Разумею, што сёння шмат праблем у фальклоры. Але праблема сапраўднага мастацтва ў глабалізацыйны час шырэйшая за праблему пераймання ў практычнай фалькларыстыцы. Так, не ўсе ў сучасным грамадстве разумеюць фалькларыстаў. Тут некалькі праблем, якія вельмі сучасныя. Свет коціцца ў сферу эпідэмій псіхзахворванняў ад гаджэтаў. Шляхі выратавання: больш фальклорных калектываў (ад 100 на краіну — да 1000). Адзначу, што нашы студэнты, якія маюць кантакт з носьбітамі ў экспедыцыях, паўсюль выступаюць добра. Прынцып шматварыянтнасці працуе. Кант сказаў: “Я адкрыў, што галоўнае ў чалавека — яго фантазія”. Пакуль мы займаемся мастацтвам — Сусвет не крочыць да стану хаосу. У свеце сёння ёсць агульная тэндэнцыя да пошуку аўтэнтычнасці».

Вітаўтас Лукшас (Літва): «Каб інтэграваць спадчыну ў сучаснасць, мы ў Літве робім камп’ютарныя гульні на падставе постсавецкіх міфалогій. Сэнс гульні: V тысячагоддзе нашай эры, чалавек прачынаецца ад анабіёзу “ў маразільніку”; увесь Сусвет — у стане вайны. Персанаж, замарожаны ў свой час на Зямлі, бачыць новых постлюдзей, ён імкнецца надаць ім нейкую адэкватную форму, “ачалавечыць”. У наступным годзе выдаўцы запусцяць гэтую камп’ютарную гульню з саўндтрэкам з аркестравай і традыцыйнай музыкі, дзе абавязкова будуць літоўскія поліфанічныя спевы сутарціньяс».

Тарэса Адамовіч (Гродна): «Я выпускніца 1988 года ўніверсітэта культуры, я практык фальклору. Тое, што мне цікава, вывучу да каранёў. У свой час стала цікавіць пытанне, з чаго я выйшла як асоба і носьбіт фальклорнага мастацтва. Ішла па спадчыну да бабуль у вёскі Танявічы, Верцялішкі. А сёння ў мяне тры калектывы: польскаі беларускамоўныя. У свой час прафесія злучылася з хобі, вынік быў пераканаўчы. Я прыйшла да бацькоў з пытаннем: “Ці зробім гурт лакальнага аўтэнтычнага танявіцкага фальклору?” Яны прапанавалі суседзям, і іх аднавяскоўцы з вёскі Танявічы пачалі збірацца да мяне на рэпетыцыю (за 10 км ад касцёла). З’явіўся этнаграфічны гурт “Matczyna piosenka”. Няпраўда, што людзі не любяць фальклор — проста фальклорам трэба іх запаліць. Моладзь часам абыякавая да фальклору не таму, што “фальклор — гэта не модна”, проста ў іх адсутнічаюць абставіны, калі яны бачаць сваю значнасць у фальклоры.

Мой беларускамоўны дзіцячы фальклорны гурт з Жытомлі сёлета быў на Вялікдзень у Польшчы. Калі дзеці выдавалі велікодную праграму, збегліся ўсе мясцовыя жыхары. Я не бачу мяжы ва ўспрыманні фальклору — толькі межы, якія робяць недальнабачныя і няшчырыя людзі».

Жанна Ачыновіч (Клічаў): «Безумоўна, у ХХІ стагоддзі існуе праблема захавання традыцыі: калі вы (паглыбленыя ў фальклор даследчыкі) збіраеце фальклор — усё добра. Але калі гэтым займаюцца непадрыхтаваныя, часам яго захаваць складана. У суседняй вёсцы пасля візітаў абыякавых да традыцыі даследчыкаў жанчыны перасталі займацца пераносам Свячы. Гэтыя нечаканыя і недалікатныя госці людзям абуза. Калі мы былі ў экспедыцыі, нам казалі: “Дзіцяткі, вы маё не капіруйце, а рабіце сваё...”»

Святлана Балцэвіч (Беларусь): «Я працую з гарадскімі дзецьмі, але сама вясковая. Мушу працаваць з маўленнем, календаром, даю песенны, інструментальны, танцавальны рэпертуар. Гарадскім дзецям гэта цікава: слухаюць, падабаецца. Мы, выпускнікі БДУКМ, павінны даць сучаснай моладзі шанц засвоіць тое, на чым нашы продкі будавалі свой лёс, сфарміраваць такую патрэбу ў грамадстве. Гэта не немагчыма, але: сёння ў Мінску ёсць заняткі па фальклоры за аплату!.. Але займацца гэтым трэба прафесіяналам мастацтва вуснай традыцыі — далучаным да фальклору асобам. Каб зразумець носьбітаў традыцыі, трэба жыць у іх асяродку. Рэчаіснасць сама карэктуе змест ды форму захавання, аднаўлення і пераймання фальклору. Межаў у практычнай фалькларыстыцы не існуе, фальклор — дакумент непаўторнасці і ідэнтыфікацыі яго носьбітаў».

Наталля Матыліцкая (Беларусь): «Сёння больш важная не колькасць, а якасць фальклорных узораў. Сваімі спевамі і работай з моладдзю я не стаўлю мэту ратаваць увесь Сусвет, але нашыя ідэі пра вартасць і высокі статус аўтэнтычнага мастацтва распаўсюджваюцца, бо гэта праўдзіва і натуральна».

P. S.: Удзельнікі круглага стала падкрэслілі: дзейнасць па захаванні фальклору ў ХХІ стагоддзі патрабуе новага ўзроўню, таму варта разгледзець пытанні інстытуалізацыі Цэнтра захавання НКС, які намінальна існуе ў БДУКМ з 2006 года, а таксама адкрыцця магістратуры па фальклоры на кафедры этналогіі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?