Вы тут

Магічныя мясціны, альбо Чым вабіць даследчыкаў Любаншчына?


...Увішная гаспадыня на нашых вачах замясіла хлеб, паставіла яго ў печ, а потым шчодра частавала гасцей духмянымі лустамі і адмысловым гарачым тутэйшым напоем — квасам на капусце і грыбах.


Помнік Уладзіславу Сыракомлю.

Так кіраўнік жораўскага Дома народных традыцый і ўдзельнікі аўтэнтычных фальклорных гуртоў з праграмай «Хлеб і песня» сустракалі гасцей, што прыехалі на рэспубліканскі навукова-практычнаны семінар «Любаншчына на гісторыкакультурнай карце Беларусі», прысвечаны Году малой радзімы. Падчас семінара яго ўдзельнікі завіталі ў вёску Шыпілавічы, дзе нарадзіўся і нейкі час жыў вядомы беларусазнаўца ХІХ ст. Павел Шпілеўскі. Наведалі мемарыяльны комплекс «Востраў Зыслаў», дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў лясной глухмені знаходзіўся партызанскі аэрадром. Творча падышлі да арганізацыі практычнай часткі семінара намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Тамара Дамашэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Каткавец і Сяргей Выскварка, даследчык роднага краю, які можа шмат расказаць пра аб’екты нематэрыяльнай гісторыкакультурнай спадчыны Любанскага раёна.

Але не толькі пра гэта ішла размова на семінары, дзе асноўную частку выступоўцаў склалі навуковыя супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прыцягнутыя да ўдзелу арганізатарам і каардынатарам мерапрыемства дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігарам Капыловым. Для яго аб’ектам вывучэння стала сістэма ўласных імёнаў Любаншчыны. Моўная адметнасць краю вартая асаблівай увагі, што засведчыла загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Вераніка Курцова ў сваім выступленні па тэме «Гаворкі Любаншчыны: месца ў сістэме беларускай дыялектнай мовы, іх асаблівасці і ступень захаванасці». Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Бразгуноў, дарэчы, ураджэнец тутэйшых мясцін, прысвяціў сваёй малой радзіме даследаванне «Любаншчына ў дакументальнай і літаратурнай памяці народа».

Гісторыя краю — яшчэ адзін кірунак, варты ўвагі. І варты нават больш шырокага разгляду, важнага ў межах усёй краіны, што засведчыў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза ў выступленні «Даследаванні археалагічнага комплексу Обчын Любанскага раёна: вынікі, перспектывы і значэнне новага заканадаўства ў галіне аховы археалагічнай спадчыны». Тое, з чаго пачынаецца патрыятызм жыхароў раёна, падтрымліваецца комплексамі і помнікамі, што пакінулі тут дзве вайны. Варта наведаць іх, каб зразумець, як шануюць сваю зямлю сучасныя яе насельнікі.

Напрыклад, дырэктар Любанскага музея народнай славы Наталля Сіняк адзначыла, якія вынікі меў спецыяльны праект музея, прысвечаны Першай сусветнай вайне, скіраваны на вяртанне памяці пра тыя падзеі, што адбіліся на лёсах тутэйшых людзей. Ці не таму яны наладзілі адчайнае супраціўленне чужынцам, што прыйшлі пасля? Любаншчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны прысвяціў даклад загадчык аддзела ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксей Літвін.

Да выдання брашуры, прысвечанай семінару, арганізатары паставіліся вельмі адказна. Акрамя тэксту традыцыйнай праграмы, у ёй шмат каляровых ілюстрацый, цікавых рэпрэзентатыўных матэрыялаў інстытутаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У межах семінара адбыліся культурна-асветніцкія мерапрыемствы. Так, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Сяргей Гаранін выступіў перад вучнямі некалькіх сярэдніх школ з дакладам «Кніга ў старажытнай Беларусі: 500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню».

Мы пераканаліся, што любанцы шануюць свае традыцыі, як і памяць яшчэ аднаго славутага земляка. У іх краі 195 гадоў таму нарадзіўся легендарны вясковы лірнік — Уладзіслаў Сыракомля. Знаёмства з экспанатамі музейнага пакоя паэта Літвы і Беларусі ў Смольгаўскай сярэдняй школе пакінула прыемнае ўражанне. Дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Ірына Багдановіч распавяла вучням пра творчую спадчыну Уладзіслава Сыракомлі. Было знаёмства і з абразамі беларускага пісьма і золатам шытай плашчаніцай у Мікалаеўскай царкве гарадскога пасёлка Урэчча. Яе настаяцель пазнаёміў з інтэр’ерам храма і яго гісторыяй. Госці дайшлі і да святой крыніцы ва ўрошычшы «Студзянец», якая і сёння, па перакананні жыхароў, дапамагае хворым і нямоглым. Магічнае месца...

Любаншчына небагатая на архітэктурныя рарытэты, але здаўна славіцца шчырымі і адданымі роднаму краю людзьмі.

Ігар ЗАПРУДСКІ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.