Вы тут

Як абыходзіцца з «гаручым»?


Бензін, салярка, уайт-спірыт, разнастайныя аэразолі даўно і трывала ўвайшлі ў наша жыццё. Але калі імі карыстацца няправільна, то ёсць велізарныя шанцы трапіць у зводку здарэнняў да ратаўнікоў. А паколькі адлік ідзе на секунды — то яшчэ і зарабіць вялізныя апёкі.


На пазамінулым тыдні 40-гадовы мужчына на прыватным падворку ў вёсцы Ляхавічы Дзяржынскага раёна спальваў смецце ў металічнай бочцы. А каб яно лепш гарэла, вырашыў падліць паліва ў агонь. Змесціва бутэлькі трапіла на вопратку — і адбылося ўзгаранне. 20 мая мужчына паступіў у бальніцу з дыягназам «тэрмічныя апёкі полымем ніжніх канечнасцяў, пярэдняй брушной сценкі, левай рукі 1—3 ступені. Сумарна ён апёк каля 10 % плошчы паверхні цела.

Літаральна ў тыя ж дні няшчасны выпадак адбыўся ў Мінскім раёне. Тады 62-гадовы мужчына ў вёсцы Узбор'е атрымаў апёкі падчас спальвання смецця. Праўда, гэтае здарэнне адбылося з-за непрыкрытай неахайнасці. У полымя ён закінуў ёмістасць з невядомай вадкасцю. І тут жа прагучаў выбух. З дыягназам «тэрмічныя апёкі полымем верхніх і ніжніх канечнасцяў 1—3 ступені» яго шпіталізавалі ў бальніцу. Але тут полымя апякло ўжо 20 %паверхні цела.

Зусім свежы выпадак адбыўся 24 мая. У прыёмны пакой Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы прыйшоў пятнаццацігадовы падлетак, які атрымаў апёкі цела. Пазней стала вядома, што ён распальваў у гаражы печ і выкарыстоўваў гаручае. Па́ра ўспыхнула — так падлетак і атрымаў траўму. На шчасце, гэтая гісторыя скончылася адносна добра — хлопец атрымаў тэрмічныя апёкі галавы 1-й ступені (сумарна — 3 % цела) і быў адпушчаны дадому.

— Людзі забываюць, што нельга выкарыстоўваць бензін, керасін, дызельнае паліва, ацэтон і іншыя арганічныя вадкасці для распальвання вогнішчаў, — кажа афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — Яны спакушаюцца на тое, што з іх дапамогай можна вельмі хутка распаліць агонь. Часцей за ўсё можна атрымаць апёк наступным чынам. Сабралася кампанія на пікнік, вырашылі падсмажыць шашлыкоў на мангале, а спецыяльная вадкасць для полымя скончылася. Ехаць кудысьці ў краму па яе лянуюцца. Ды і навошта, калі ў каністры ў багажніку плешчацца бензін? І вось хтосьці шчодра палівае ім вуголле і падносіць запалку. Што далей — глядзіце фільмы жахаў пра людзей, якія ператвараюцца ў жывы факел. Небяспеку ўяўляе па́ра, якая імкліва распаўсюджваецца ў паветры. І калі ў рухавіку аўтамабіля згарае паліва-паветраная сумесь, то чаму яна не можа тады загарэцца па-за яго межамі?

Яшчэ адна распаўсюджаная прычына пажараў з-за лёгкаўзгаральных вадкасцяў — неахайнасць пры рамонце аўтамабіля. Некалькі кропляў паліва або алівы могуць лёгка трапіць падчас маніпуляцый на вопратку. Яны як быццам бы і не заўважныя з першага позірку, але... Пасля чалавек разводзіць полымя — і яно вокамгненна перакідваецца на вопратку. Таму пасля любога кантакту з палівам вопратку трэба змяніць і толькі пасля брацца за запалкі.

Небяспеку хавае ў сабе і няправільнае захоўванне гаручага. Напрыклад, пэўныя запасы бензіну і алівы патрэбны для трымера для прысядзібнага ўчастка. А таму гаспадарчыя пабудовы і гаражы пераўтвараюцца ў склад розных рэчываў, сярод якіх ёсць і пажаранебяспечная вадкая арганіка.

— У тары, якая знаходзіцца ў памяшканні, можа быць наліта сумарна не больш за 20 літраў паліва, — працягвае Анастасія Швайбовіч. — Пры гэтым яно мусіць захоўвацца выключна ў металічных ёмістасцях, якія наглуха закрыты. Пры гэтым трэба разумець, што стан праводкі ў гаражы ці павеці мусіць быць ідэальным. Сярод іншага, яна павінна быць абавязкова праведзена ў штробах, каб выключыць усялякую магчымасць пападання ад яе іскры. Ну і, вядома, пра курэнне там давядзецца забыць.

Утварыць пажар з-за лёгкаўзгаральных вадкасцяў можа нават малое ў звычайнай гарадской кватэры. Нават калі ў бацькоў няма аўтамабіля, то хоць нейкая аэразоль у ванным пакоі стаіць заўжды. І калі такім балончыкам «пшыкнуць» на полымя, то полымя разгарыцца ўмомант. Таму дэзадаранты, лак для валасоў і іншыя падобныя рэчы трэба прыбраць як мага вышэй, каб дзіця не здолела дацягнуцца да яго, нават падставіўшы крэсла.

А што ж рабіць, калі бензін усё ж загарэўся? Справа ў тым, што прадукты нафтаперапрацоўкі нельга тушыць вадой. Іх шчыльнасць меншая, і таму яны будуць проста плаваць па яе паверхні. Ды і плошча пажару будзе імкліва павялічвацца з-за расцякання. Таму там, дзе выкарыстоўваецца вадкая арганіка, мусіць стаяць або скрыня з пяском, або парашковы вогнетушыцель як мага большага аб'ёму.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Калі да пажару — адна кропля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?