Вы тут

Лукашэнка абмеркаваў з Лаўровым падрыхтоўку да пасяджэння ВДС


Падрыхтоўку да Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы абмеркавалі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы прапанаваў абмеркаваць парадак дня ў свеце і намеціць перспектывы супрацоўніцтва ў міжнародным плане.


«Заўсёды прыводжу як прыклад і ўзор для ўсіх нашых ведамстваў, і беларускіх, і расійскіх, супрацоўніцтва паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Расіі, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка напачатку размовы. — Вы заўсёды знаходзіце ўзаемаразуменне, заўсёды плануеце і выконваеце планы ў адрозненне ад многіх планаў, якія ў нас маюцца ў розных, у тым ліку інтэграцыйных, структурах». Звяртаючыся да тэмы Вышэйшага дзяржсавета, Прэзідэнт адзначыў, што трэба яшчэ раз абмеркаваць дэталі гэтага мерапрыемства, удакладніць, калі трэба, дату. «У нас, беларускага боку, пакуль няма ніякіх змяненняў у дачыненні да гэтага. Калі ёсць нейкія ў расійскага боку пытанні, мы гатовыя абмеркаваць, паколькі ведаю, што вы перажываеце няпросты перыяд фарміравання і ўваходжання ў нармальны рытм работы ўрада. Гэта таксама вельмі важны
момант».

Сяргей Лаўроў перадаў кіраўніку беларускай дзяржавы прывітанне ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Кіраўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што ў ходзе падрабязных даверных перагавораў, якія пачаліся яшчэ напярэдадні з яго беларускім калегам Уладзімірам Макеем, была абмеркавана падрыхтоўка да Вышэйшага дзяржсавета. Сяргей Лаўроў растлумачыў, што пакуль перашкод, якія б прымусілі мяняць падыход да гэтага мерапрыемства, няма, але неабходна яшчэ пацвердзіць дату і парадак дня. «Важна, што выносіцца на зацвярджэнне вельмі сур'ёзны стратэгічны дакумент — прыярытэтныя напрамкі і далейшыя задачы развіцця Саюзнай дзяржавы да 2022 года ўключна. І, вядома ж, мы па лініі міністэрстваў дамовіліся трымаць пад шчыльным кантролем усю работу, у якой задзейнічаны і іншыя ведамствы ўрадаў нашых дзвюх краін. Разгледзелі мы сёння і цэлы шэраг іншых пытанняў нашага ўзаемадзеяння, у тым ліку па выніках сумеснай калегіі двух знешнепалітычных ведамстваў, якая прайшла ў лістападзе мінулага года.І абмеркавалі падрыхтоўку да чарговай
калегіі, якая таксама восенню адбудзецца», — паведаміў міністр замежных спраў Расіі.

***

Па выніках перагавораў з Сяргеем Лаўровым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей адзначыў, што бакі абмеркавалі развіццё міжнароднай абстаноўкі ў глабальным і рэгіянальным маштабе, праблематыку бяспекі і актуальныя пытанні двухбаковых адносін. Акрамя таго, удзялілі сур'ёзную ўвагу графіку і змястоўнаму напаўненню меркаваных адбыцца сустрэч у розных фарматах. «Ва ўмовах цяперашніх сур'ёзных палітычных і эканамічных выклікаў асабліва запатрабавана каардынацыя намаганняў Беларусі і Расіі на міжнароднай арэне», — падкрэсліў Уладзімір Макей. Бакі падпісалі пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расіі аб некаторых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы. Дакументам устанаўліваюцца бязвізавы рэжым на тэрыторыі Беларусі з 4 чэрвеня па 25 ліпеня 2018 года для замежных балельшчыкаў на перыяд правядзення чэмпіянату свету па футболе ў Расіі, а таксама бязвізавы праезд і знаходжанне на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі для замежных балельшчыкаў, якія едуць на ІІ Еўрапейскія гульні ў Мінск.

Пасля размовы з Прэзідэнтам Беларусі міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў расказаў, якія моманты яшчэ былі абмеркаваны з кіраўніком беларускай дзяржавы:

— Гаварылі мы сёння аб нашых эканамічных праектах, якія развіваюцца вельмі і вельмі паспяхова. Таксама аб неабходнасці пераадольваць тыя праблемы, якія непазбежна ўзнікаюць, калі настолькі вялікі аб'ём сувязяў у гандлі, у эканоміцы, у інвестыцыйнай сферы, у сферы прамысловай кааперацыі. Гаварылі, вядома ж, і аб адносінах паміж нашымі краінамі з аднаго боку і Еўрасаюзам і Паўночнаатлантычным альянсам з другога. У нас адзіная пазіцыя, мы саюзнікі, мы не шукаем ні з кім канфрантацыі, жадаем развіваць раўнапраўныя ўзаемапаважлівыя адносіны на аснове прынцыпаў узаемнай карысці і роўнай непадзельнай бяспекі, калі ніхто не выбудоўваў бы сваю бяспеку на шкоду бяспецы іншых. На такіх асновах мы гатовыя весці дыялог з усімі без выключэння краінамі, у тым ліку дыялог, які зараз пачынае актыўна развівацца паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і замежнымі партнёрамі. Усе больш і больш краін, якія зацікаўлены ў падпісанні пагаднення аб свабодным гандлі з Еўразійскім эканамічным саюзам. І Расія, і Рэспубліка Беларусь, як сёння было пацверджана на нашай сустрэчы з Прэзідэнтам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам, будуць рабіць усё, каб Еўразійскі эканамічны саюз узмацняўся і развіваўся ў тым ліку і ў плане пашырэння геаграфіі партнёрскіх адносін з замежнымі краінамі. Але не толькі краінамі — і з інтэграцыйнымі аб'яднаннямі, такімі як МЕРКАСУР у Лацінскай Амерыцы, як Афрыканскі саюз, як АСЕАН у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Зверка гадзіннікаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».