Вы тут

Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з Петэрам Шпулерам


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора сустрэўся са старшынёй савета дырэктараў і ўладальнікам групы кампаній «Штадлер» Петэрам Шпулерам. Кіраўнік дзяржавы ўспомніў іх першую сустрэчу і абмеркаваў прапановы па новай будоўлі.


«Яна (вытворчасць. — Аўт.) працуе выдатна, як я інфармаваны, загрузка прадпрыемства ёсць, і планы па загрузцы павялічваюцца, — адзначыў Прэзідэнт. — І ведаю, што вы гатовыя прапанаваць новую будоўлю, новае прадпрыемства ці пашырэнне прадпрыемства. І для мяне гэта вельмі цікава».

Спадар Шпулер адзначыў, што з апошняй сустрэчы, якая прайшла 1 жніўня 2016 года, адбыўся шэраг пазітыўных змяненняў. У тым ліку быў атрыманы заказ ад «Аэраэкспрэса» ў Маскве, чые рэйсы злучаюць тры аэрапорты з цэнтрам горада. Цягнікі, вырабленыя ў Беларусі, зараз выконваюць гэтую важную задачу. Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Петэр Шпулер пракаментаваў для журналістаў нюансы гэтай здзелкі. Усяго было выраблена 24 двухпавярховыя саставы. Але з-за эканамічнага спаду заказчык змог набыць толькі 11 з іх. Тым не менш пакупнік быў знойдзены: дзевяць цягнікоў накіраваныя ў Азербайджан, а яшчэ чатыры — у Грузію.

Кіраўніцтва «Штадлера» тлумачыць, што бачыць патэнцыял і магчымыя змяненні на рынку СНД. Акрамя таго, іх цікавяць краіны Цэнтральнай Еўропы, куды ўжо былі пастаўкі. Не так даўно прадпрыемства выйграла тэндар на пастаўку трамваяў у Балівію. Уся партыя будзе створана ў Фаніпалі, і гэта першы заказ з Лацінскай Амерыкі.

Што датычыцца новай вытворчасці, Петэр Шпулер растлумачыў, што размова ідзе пра вытворчасць ператваральнікаў. Яны будуць у тым ліку экспартавацца ў краіны Заходняй Еўропы як асобны прадукт. Таксама плануецца пашырыць ужо існуючую вытворчасць вагонных кузаваў да 300 адзінак. Разам два праекты патрабуюць каля 25 мільёнаў еўра інвестыцый. А на наступным этапе ў планах пашырыць вытворчасць вагонных кузаваў да 450 адзінак у год. Гэта яшчэ 11 млн еўра. Дарэчы, на 1 мая з моманту пачатку рэалізацыі інвестыцыйнага праекта ў асноўны капітал «Штадлер Мінск» укладзена 83,8 млн рублёў.

Надзея АНІСОВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.