Вы тут

У падарожжа – з пісьменнікамі і... натхненнем


Крэатыўныя сустрэчы і незабыўныя ўражанні ад “Звязды”

Ці добра ведаюць дзеці сучасных беларускіх аўтараў? Ці чытаюць іх творы? Ці змаглі б назваць вялікую колькасць іх казак, апавяданняў, аповесцяў? Каб падтрымаць развіццё беларускай мастацкай літаратуры і абудзіць цікавасць да чытання, Міністэрства інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі ініцыявала правядзенне рэспубліканскай акцыі “Культурны маршрут “Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі дзецям”. Да акцыі, якая стартавала падчас XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу ў пачатку сакавіка, далучыліся не толькі пісьменнікі, але і выдавецтвы, у тым ліку Выдавецкі дом “Звязда”. Што цікавага было арганізавана за гэты час пры падтрымцы “Звязды”?


Шукаем натхненне разам з пігласамі

Надзя Бука – вядомая беларуская мастачка, дызайнер, журналіст, а з канца 2016 года (менавіта ў гэты час пабачыла свет яе кніга “Бася і Піглас”) – яшчэ і пісьменніца.  З той пары пра чароўны свет незвычайных істот Пігласаў, якіх прыдумала Надзя, даведаліся дзеці з розных куткоў Беларусі. Гэтай вясной аўтар прэзентавала сваю кнігу вучням пачатковых класаў Мінска, Фаніпаля, Маладзечна, Нясвіжа... Такія актыўныя “гастролі” не прайшлі дарэмна:  “Бася і Піглас” трапіла у пяцёрку самых чытаемых дзіцячых кніг беларускіх аўтараў у нядаўнім рэйтынге бібліятэк. Хто такі Піглас і чаму ён так падабаецца дзецям? Гэта дзіўнае стварэнне, падобнае да вока з крыльцамі, якое размаўляе бурбалкамі, харчуецца прышчэпкамі (абавязкова драўлянымі!) і слухае добрую музыку. Такі своеасаблівы анёл-ахоўнік, што прылятае да свайго “гаспадара” ў той час, калі яму асабліва патрэбна натхненне. Ёсць у Пігласа фантастычныя сваякі: Пува, Гласпія, Бубласы... Але пра гэта – у новай кнізе аўтара, якую Надзя напісала, але яшчэ не паспела праілюстраваць.

Вучымся самаіроніі ў кракадзіла мурзіка

“Кракадзіла Мурзіка?” – перапытаеце вы. Так, бо менавіта ён жыве пад ложкам у дзяўчынкі Соні і становіцца героем невялікіх смешных гісторый у кнізе маладога пісьменніка Паўла Гушынца “Девочка и крокодил”.  Гэта першая дзіцячая кніга аўтара, але раней ён паспеў адтачыць пісьменніцкае майстэрства ў зборніках не менш іранічных апавяданняў-замалёвак з жыцця медыкаў і ваенных “Гады ў белым халаце” і “Думкі з-пад фуражкі”. Кракадзіл Мурзік – такая ж чароўная істота, як і Піглас, толькі больш практычная і прыземленая. Ён дапамагае Соні (а разам з ёй і чытачам) пазбавіцца ад страхаў і навучыцца выкарыстоўваць сваю фантазію, каб “расфарбоўваць” самыя звыклыя паўсядзённыя рэчы. У  тым, што Мурзік і яго аўтар выдатна спраўляюцца з гэтай задачай, паспелі пераканацца наведвальнікі мінскіх дзіцячых бібліятэк № 12, 14, 16, а таксама бібліятэк у Ждановічах, Бараўлянах і Мінскім раённым цэнтры культуры.

Весялімся разам з мішуткам і яго сябрамі

Безумоўна, малыя з асаблівым захапленнем “пагружаюцца” ў кніжны свет, калі знаёмства з літаратурным творам і яго героямі – гэта не манатонны пераказ сюжэту аўтарам, а жывое, яркае, інтэрактыўнае прадстаўленне. Напрыклад, такое, якое чакала вучняў пачатковых класаў мінскіх школ № 26, 145 і 208. Гэтай вясной да іх завіталі незвычайныя госці. Гарэзлівая клаўнэса Пугаўка прадставіла ўдзельнікам прэзентацый вядомага персанажа дзіцячых часопісаў, а з нядаўніх часоў і кнігі Выдавецкага дома “Звязда” “Вясёлыя сябры”  – Мішутку. Разам яны падтрыхтавалі насычаную забаўляльную праграму: калі яшчэ дзецям адначасова выпадзе магчымасць ператварыцца ў марскіх коцікаў, стаць чараўнікамі, паспаборнічаць у конкурсе на лепшага танцора? А на дэсерт – “акунуцца” ў шоу мыльных бурбалак? Вось такі ён, Мішутка, – рознабаковы і творчы.

...І шмат чаго яшчэ

Дзякуючы падарожжу па “Культурным маршруце” дзеці здзейснілі (і здзейсняць) не адну экскурсію па старонках сучасных беларускіх твораў. Разам з пісьменніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой яны наведалі Касмічную акадэмію, пад кіраўніцтвам Галіны Пшонік спусціліся па чароўным жолабе ў горад хітруноў і ашуканцаў Хлуск, у кампаніі Віктара Ляскоўскага зазірнулі ў госці да Зялёнай шапачкі – альтэрнатыўнай “версіі” ўсім вядомай казачнай гераіні Шарля Перо... А наперадзе – яшчэ безліч захапляльных вандровак!

Алена КАРПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.