Вы тут

Газонакасілкай па вершах


Як асэнсоўваць беларускую літаратуру, як правільна чытаць і разумець паэзію, на што пры гэтым варта звяртаць увагу, абмяркоўвалі на творчай сустрэчы, арганізаванай кампаніяй «МТС» у рамках праекта «БелЛіт: Мабільны гід». Госцем была паэтэса Вальжына Морт. Яна вучыла ўдзельнікаў семінара глыбока чытаць вершы, каб зразумець, чаму менавіта паэзія служыць паскаральнікам мыслення. Давялося разбурыць некаторыя школьныя міфы.


Вальжына Морт падчас семінара.

Вальжына Морт вядомая не толькі ў Беларусі, але і ў ЗША, дзе жыве і выкладае ва ўніверсітэце, выдала там ужо 2 зборнікі паэзіі. Апошняя яе кніга вершаў, «Эпідэмія ружаў», выйшла ў 2017 годзе ў Мінску. Яна дзёрзкая ва ўсім. Таму і гаворыць, што зараз паспрабуе «газонакасілкай прайсціся па школьных метадах чытання беларускай літаратуры».

— Правілаў, як чытаць паэзію, няма. Альбо кожны новы верш вырабляе новыя правілы, якія немагчыма пераймаць потым новаму вершу. У жыцці ўсё прасцей. Калі мы гаворым з сябрамі, калегамі, калі прыходзім у краму, то хочам, каб нас зразумелі хутка і дакладна і не было непаразуменняў. Таму карыстаемся ўтылітарнай мовай, — разважала літаратарка.

 Паэзія, па сцвярджэнні В. Морт, жыве ў шматзначнай мове, у няпэўнасцях. Калі празаічны кантэкст звужае значэнне слова да адной кропкі, то паэтычны робіць нешта супрацьлеглае. Ён дае слову магчымасць бясконца раскрывацца. Там у слова невычэрпныя магчымасці нешта значыць. Калі ў кавярні мы замаўляем торт і каву, гэта значыць, што хочам менавіта торт і каву. А што значаць гэтыя ж словы ў вершы, не даведаемся, пакуль не дачытаем да канца.

У прозе мы рухаемся заўсёды наперад, ідзём ад слова да слова. А паэзія існуе не толькі гарызантальна, але і вертыкальна. Словы пачынаюць граць: пэўным чынам паўтараюцца націскі, інтанацыі, рытм; словы злучаюцца паміж сабой у стасункі. Праз гэта атрымліваецца поле сэнсаў і значэнне слова ўзбагачаецца рознымі кантэкстамі. Яны раскрываюцца, пакуль чытаецца верш. Мова — маршрут, дырыжор па вершы.

Напісаць верш, скарыстаўшыся вобразамі па інерцыі, і зарыфмаваць проста. Але рыфма — гэта не ўпрыгожанне, не аздоба, а таксама поле сэнсу, у якім розныя словы сыходзяцца. І мы бачым: словы насамрэч не такія і розныя. Яны пачынаюць гуляць, «танчыць» адно з адным. Рыфма — самы старажытны элемент паэзіі. Націскі, інтанацыі, рытм — словы, якія супадаюць па гэтых элементах, яднаюцца ў сем’і і пашыраюць значэнні адно аднога ў нечаканых напрамках. Акрамя гэтага, Вальжына прапаноўвае звяртаць увагу на гукаспалучэнні, на тое, у якім парадку літары ідуць у вершы. Гэта дае адчуванне паэтыкі верша. Асаблівае значэнне маюць паўторы, гэты сэнс закладзены ў самой назве «versus» — абарот. Найлепш атрымліваюцца паўторы без паўтораў (варта згадаць «Раманс» Максіма Багдановіча). Тады верш «паварочвае» і з’яўляецца новы сэнс. Нам толькі падалося, што мы яго «злавілі», з’явілася пачуццё, што мы дайшлі да нейкага разумення — і раптам верш «збочвае» — добрае адчуванне, якое дае паэзія.

Вальжына згадвае распаўсюджаныя школьныя міфы, альбо штампы, адносна паэзіі: • На ўроках настаўнік пытаецца: «што аўтар хацеў сказаць гэтым вершам?» Насамрэч верш і ёсць мэта. Гэта выказванне, поле сэнсу. Мы можам прайсціся па ім і паглядзець, як нараджаюцца сэнсы. І атрымаць ад гэтага задавальненне. Гэта вопыт пошуку сэнсу, які мы ніколі не знаходзім.

• Аналіз верша — гэта яго інтэрпрэтацыя. Насамрэч інтэрпрэтацыя — гэта калі мы цягнем верш у адназначнасць. Але верш не дае адказаў на пытанні, а толькі задае больш глыбокія пытанні.

• Лірычны герой атаясамляецца з аўтарам. Зазвычай пачынаюць з біяграфіі аўтара. Але літаратурнае «я» паказвае, як паэт збягае ад біяграфіі. У Шэкспіра «я» — гэта не ён. І аўтар, і сэнс нараджаюцца ў тэксце. І ў гэтым радасць.

• Шчырасць як якасная характарыстыка. Гэта як з біяграфіяй. Самае смешнае пытанне, якое даводзілася пачуць: «Усё, пра што вы пішаце, з вамі здарылася? Гэта шчырае?» І шчырасць, і праўда мусяць быць паэтычнымі. Паэт вінен толькі паэзіі. Паэзія вымагае шчырасці слухання гуку, мовы, сэнсу. Усё іншае — не істотна.

• Літаратурная мова — правільная і гладкая. Зусім неабавязкова мова мусіць быць правільнай з сацыяльнага гледзішча. Самая цікавая паэзія змешвае высокі і нізкі стылі, можа і спяваць, і на жаргоне крыху. Катул сказаў: «Няма нічога больш амаральнага за правільнасць у мастацтве». Паэт ідзе за мовай, а куды яна яго прывяла, залежыць ад яго густу.

Яна БУДОВІЧ

Фота Сяргея ЛУКАШОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?