Вы тут

«Гурток маленькіх мовазнаўцаў» працуе ў Віцебску


«Студыя «Цілі-Мілі-Трам» запрашае вучняў 1—3 класаў у «Гурток маленькіх мовазнаўцаў». Размаўляем і пішам на роднай мове, выхоўваем павагу да роднага слова. Цікавімся гісторыяй свайго краю. Знаёмімся з беларускім фальклорам (песні, казкі, гульні, загадкі). І ўсё гэта — з цудоўным настроем, усмешкамі і весялосцю». На такую аб'яву я выпадкова натрапіла падчас камандзіроўкі ў Віцебск. Убачыла яе на старонцы ў сацыяльнай сетцы супрацоўніцы абласной бібліятэкі Ларысы Рагачовай. І адразу ж патэлефанавала па напісаным там нумары.


Так і пазнаёмілася з дырэктарам дзіцячай развівальнай студыі і аўтарам гэтай цудоўнай ідэі Кацярынай АБЕЛЬСКАЙ. Што больш за ўсё здзівіла, сама яна не беларуска. Пераехала жыць у Віцебск з Расіі ў старшым класе, таму мову ў школе не вывучала. Тым не менш што ўсцешыла, шануе яе.

— Мне вельмі падабаецца беларуская мова. Магу свабодна на ёй чытаць, з задавальненнем наведваю спектаклі ў нашым драматычным тэатры і тэатры «Лялька». Хочацца, каб у Віцебску было больш месцаў, дзе можна было б паслухаць прыгожую літаратурную мову. Нядаўна прачыталі з сынам «Гімназію № 13» Андрэя Жвалеўскага ды Яўгеніі Пастэрнак на беларускай мове. Я наўмысна не набывала кнігу на рускай, чакала, пакуль перакладуць. Яна неймаверная. Ігнат доўга хадзіў і напяваў смешныя песні адтуль.Там вельмі шмат «смачных» момантаў.

Маладая мама хоча, каб яе сын добра ведаў не толькі рускую, але і беларускую мову.

— Магчыма, чулі пра білінгвальную перавагу? — тлумачыць Кацярына. — Чым больш моў ведае дзіця, тым лепш развіваецца яго кагнітыўная сфера — увага, мысленне. Гэта дапаможа потым у дарослым жыцці: у прыватнасці, прымаць рашэнне ў сітуацыі выбару, расстаўляць прыярытэты, адрозніць галоўнае ад другаснага. Ёсць шмат эксперыментальных даследаванняў, якія пацвярджаюць, што нават хвароба Альцгеймера ў старасці наўрад ці пагражае білінгвам. У беларусаў, якія маюць дзве дзяржаўныя мовы, ёсць цудоўны шанц выкарыстаць гэтую сітуацыю. Большасць сем'яў у нас у Віцебску размаўляе дома па-руску, наша не выключэнне. Таму я і вырашыла паспрабаваць адкрыць гурток маленькіх мовазнаўцаў. Весці заняткі будзе філолаг Юлія Лукашэвіч.

Паводле слоў Кацярыны Абельскай, некаторыя бацькі прыводзяць школьнікаў у «Цілі-Мілі-Трам», каб падцягнуць узровень ведання беларускай мовы. Праўда, попыт менавіта на гэты прадмет не надта вялікі. Прынамсі, у той дзень, калі я завітала ў студыю, на заняткі па мове прыйшло толькі два вучні 3 класа — Платон ды Ігнат. Тым не менш Кацярына не страчвае надзеі, што прыйсці ў «Гурток маленькіх мовазнаўцаў» знойдуцца ахвотныя. Прынамсі пад пастом Ларысы Рагачовай з'явіўся каментарый бабулі Святланы. «А ў чэрвені можна запісацца? Якраз мой унучак прыедзе ў Віцебск пагасціць».

І яшчэ... Падумалася, што цудоўна, калі б такія моўныя гурткі пачалі з'яўляцца для маленькіх беларусаў і ў іншых гарадах.

Надзея ДРЫЛА

Загаловак у газеце: Гурток маленькіх мовазнаўцаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».