Вы тут

Што бывае з мамай пасля родаў


Я заўсёды веру ў лепшае. І яно ў маім жыцці ўжо адбылося: нарадзілася і выжыла дзіця. Сёлета восенню я адсвяткую два гады змены свайго статусу: стала мамай цудоўнай дзяўчынкі. Тэма, якую я хачу ўзняць, вельмі далікатная, пра яе, на жаль, мала хто гаворыць. Тым не менш лічу сваім доўгам падзяліцца выпрабаваннямі, якія перажыла, каб іншыя ведалі, што часам здараецца з жанчынамі пасля родаў.


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Ці чулі вы пра прыэклампсію?

Адразу раскажу вам пра такую з'яву ў гінекалогіі, як прыэклампсія. Гэта цяжкае ўскладненне падчас цяжарнасці, якое ў некаторых выпадках пагражае жыццю маці і немаўляці. Прырода яго да канца не высветлена. Ёсць розныя тэорыі. Але, лічу, кожнай будучай маме важна ведаць пра прыкметы прыэклампсіі: высокі ціск, моцныя ацёкі па ўсім целе, наяўнасць бялку ў мачы. Калі ў вас знайшлі гэтыя прыкметы разам ці паасобку, абавязкова звярніцеся да свайго доктара. І гэта не банальная перастрахоўка! Прыэклампсія непрадказальная! У цяжкіх выпадках узнікаюць сутаргі, павышаецца і трымаецца высокі ціск і, калі своечасова не прыняць меры, могуць загінуць маці і ненароджанае дзіця.

Нягледзячы на мае дыягназы па шчытападобнай залозе і гарманальны дысбаланс, я зацяжарыла даволі хутка. Сваё дзіцятка хацела і ўжо любіла. Усю цяжарнасць хадзіла з нармальным ціскам, пра які часам жартавала ў паліклініцы: «Як там мой касмічны ціск?» (120/80 рт. сл. — Аўт.). Праз тыдзень пасля пачатку афіцыйнага дэкрэта здарылася нечаканае, мая клінічная сітуацыя рэзка змянілася. Тэрапеўт, гледзячы на вялізны ўзровень бялку ў мачы і на ціск 160/90, зазначыла, што ў мяне пачалася прыэклампсія і патрэбна тэрміновая шпіталізацыя. Так я трапіла ў рэанімацыю 1-й гарадской клінічнай бальніцы (далей — ГКБ). Пераначавала пад кропельніцамі з моцнымі лекамі, а раніцай, калі больш-менш стабілізаваўся ціск, мяне перавялі ў аддзяленне паталогіі цяжарнасці. Што я рабіла ў бальніцы? Здавала аналізы, хадзіла на розныя ўколы, мерала ціск па тры разы на дзень і г. д. Але значных паляпшэнняў не было. На сёмы дзень лячэння сабралі кансіліум, на якім сказалі, што мяне трэба экстранна аперыраваць. Як аказалася, ад прыэклампсіі цяжка выратавацца, маўляў, хіба што пры ўмовах поўнага кантролю за вагой і вядзення здаровага ладу жыцця. Увогуле я за гэтымі паказчыкамі сачыла, але што здарылася, тое здарылася. Галоўнае, ведайце: калі ўсё пайшло насуперак нармальнаму ходу цяжарнасці і ёсць пагроза вам і вашаму дзіцяці, тады замест звычайных родаў згаджайцеся на кесарава сячэнне і абавязкова слухайце парады дактароў!

У час шпіталізацыі ў мяне толькі пачынаўся 33 тыдзень. У нядзелю стала горш, і тады правялі аперацыю, у выніку якой нарадзілася дачка. Вельмі малога росту і вагі — яе адразу паклалі ў аддзяленне экстраннай дзіцячай рэанімацыі. Я дала згоду на правядзенне ўсёй неабходнай тэрапіі. Дзіця выхадзілі ў 1-й ГКБ і таксама, праз пару тыдняў, у РНПЦ «Маці і дзіця». Ужо пазней, калі ў паўгода дачцэ зрабілі камп'ютарную тамаграфію лёгкіх падчас абструктыўнага бранхіту, я даведалася, што з-за няспеласці лёгкіх засталіся вобласці змярцвелай тканкі. У шэсць месяцаў яе паклалі ў Гарадскую дзіцячую інфекцыйную клінічную бальніцу, ёй было цяжка дыхаць. Але бранхіт, які тады развіваўся на фоне паталогіі лёгкіх, было немагчыма вылечыць у хатніх умовах. Толькі гэта не самае страшнае. Ад прастуды немаўля можна зберагчы, і лёгкія з узростам павялічваюцца ў аб'ёме. А вось калі ў такіх неданошаных дзетак узнікаюць праблемы з апорна-рухальным апаратам ці мозгам (ацёкі, ціск), усё становіцца значна больш складаным. Дзякуй богу, у нас усё добра і такіх страшных дыягназаў няма.

Гэта не прысуд

Медыкі ацанілі стан дзіцяці пры нараджэнні даволі добра: 8 з 10 балаў паводле шкалы Апгар. Гэта цудоўна! Я нават дамовілася пахрысціць дачушку на трэці дзень жыцця ў рэанімацыі, чым была вельмі ўсцешана. Сваякі заказвалі саракавусты аб здароўі маці і дзіцяці ў цэрквах. Усё б добра, але ў мяне пачаўся нервовы зрыў, я перастала спаць, стала трывожнай. Нягледзячы на тое, што ў цэлым сітуацыя была нармальнай, у мяне працягваў трымацца ціск. У выпадку з прыэклампсіяй гэта здараецца: адразу пасля родаў становіцца лягчэй, але для поўнай нармалізацыі стану патрэбны час. Чаму пачаліся праблемы? Я ляжала ў агульнай палаце з мамамі і іх дзецьмі, якія днём спалі, а ноччу не давалі спакою. Пры маім дыягназе трэба было захоўваць спакой, нармальна есці і высыпацца. Я хадзіла на працэдуры, як усе, але не прызнавала, што настаў час звярнуцца да псіхолага ці псіхіятра. Вельмі стамлялася, у галаве з'явіліся негатыўныя думкі. І настаў дзень і час, калі гэта заўважылі дактары. Таму я была накіравана на далейшае стацыянарнае лячэнне ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Ведайце, што гэта не прысуд, проста так часам здараецца.

У псіхіятрычнай клініцы было не страшна. Мяне лячылі ад пасляродавай дэпрэсіі. Я была гіперактыўнай, выяўлялася хутчэй не дэпрэсія, а неўроз. Я ўдзячная свайму доктару, якая ўважліва ставілася да сітуацыі, дапамагала мне разабрацца ва ўсім.

Акрамя мяне, у аддзяленні закрытага тыпу былі яшчэ тры такія мамы. Адна трапляла сюды пасля кожных родаў. Адзінае, чаму я там была зусім не рада, гэта спыненню лактацыі дзеля нармалізацыі ўзроўню гармонаў. Разумееце, я ўвесь час сцэджвала малако, спадзявалася, што змагу хоць бы з бутэлькі карміць дачку. Гэта было для мяне жудасным момантам, і мой доктар некалькі разоў размаўляла са мной на гэтую тэму.

Зараз часта ўзгадваю той перыяд, але галоўнае веру, што любое выпрабаванне даецца чалавеку па сілах. У сваю чаргу ўсім чытачам газеты, асабліва цяжарным жанчынам, жадаю быць здаровымі і берагчы сябе дзеля будучых дзетак.

Кацярына ВЯРГЕЙЧЫК, г. Мінск.

Каментарый загадчыка аддзялення паталогіі цяжарнасці 1-й ГКБ г. Мінска Сяргея ПАЦЭЕВА:

— Ёсць ускладненні цяжарнасці, якія могуць прывесці да цяжкіх, непапраўных наступстваў. Да такіх можна аднесці і гіпертэнзіўныя расстройствы, адно з якіх — прыэклампсія. Раней гэта ўскладненне называлася «гестоз», «позні таксікоз». І хоць памянялася класіфікацыя, прычына прыэклампсіі дагэтуль да канца не вядома. Тым не менш дзякуючы дасягненням медыцынскай навукі ўдалося дабіцца станоўчых зрухаў у дыягностыцы і лячэнні гіпертэнзіўных расстройстваў.

Прачытаўшы аповед нашай былой пацыенткі, хацелася б сказаць вось пра што. Мы памятаем усе нашы перамогі, асабліва калі гэта перамога была выпакутавана і дазволіла даць доўгачаканае дзіця бацькам, захаваць здароўе маме. Яшчэ ўспамінаецца тое, што Кацярына безумоўна давярала нам, выконвала ўсе прызначэнні, была нацэлена на станоўчы вынік. Думаю, што такое супрацоўніцтва ўсяго медыцынскага персаналу радзільні, цяжарнай і яе сваякоў дазволіла атрымаць поспех.

Вельмі прыемна, калі нават праз некаторы час былыя пацыенткі, іх родныя і блізкія дзякуюць нам. Мы, у сваю чаргу, кажам: прыходзьце да нас яшчэ, дзяцей шмат не бывае.

Загаловак у газеце: Касмічны ціск знік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».