Вы тут

На свяце роднай ежы можна было пакаштаваць любімы далікатэс французаў


На выхадных пашчасціла трапіць на першае свята роднай ежы «Усё сваё». Яго арганізатар — аўтар праекта «Маміна ежа» Ксенія Вяцкая — час ад часу балуе сваіх дамашніх паштэтам з мяса вінаградных слімакоў, прыгатаваным уласнаруч. Таму не дзіўна, што на свята запрасілі фермераў, якія вырошчваюць гэтых малюскаў (так-так, калі вы яшчэ не чулі, і ў Беларусі ёсць слімаковая ферма, і не адна. — Аўт.). Калі шчыра, слімака я пакаштаваць не адважылася. Але ўдосталь паназірала, як гэта робяць іншыя.


Сям'я РАБКОВЫХ.

Аказваецца, раней слімакі былі традыцыйнай ежай бургундскіх сялян. Але прыезд Аляксандра І у Францыю ператварыў звыклую страву ў надзвычай дарагі далікатэс. Калі верыць легендзе, да закрыцця рэстарана, у які французскі міністр замежных спраў завітаў з шаноўным госцем, заставаліся лічаныя хвіліны. На кухні было хоць шаром пакаці. Тады шэф-кухар прыняў рашэнне здзівіць Аляксандра І стравай са слімакоў.

Прадэгуставаць слімака, прыгатаванага па аўтэнтычным французскім рэцэпце шэф-кухарам Вячаславам Гарбатавым, на свяце ежы мог кожны ахвотны. Як гэта рабіць, паказвала і расказвала маладая сям'я фермераў з Карэліцкага раёна — Вікторыя і Уладзімір Рабковы.

— Патрэбны адмысловы відэлец з двума зубчыкамі. Ім зручна даставаць мяса з ракавіны, — знаёміць з тонкасцямі дэгустацыі Уладзімір. — У нас такіх яшчэ няма ў продажы, заказваў за мяжой.

Фермер павольна перажоўвае філейную частку малюска і запівае яе соусам з ракавіны.

Шчыпцы, якімі зручна браць гарачую ракавіну слімака.

— Камусьці слімаковае мяса па смаку нагадвае белы грыб, камусьці курынае філе. Дэгустуюць яго звычайна з белым віном ці шампанскім.

— Колькі трэба з'есці слімакоў, каб наесціся? — цікаўлюся.

— Асабіста мне хапае 12 штук, — усміхаецца Уладзімір. — Мужчыну, які два метры ростам, ад сілы 15.

— Я чатырма-пяццю наядаюся, хоць люблю паесці, — дадае Вікторыя. — Слімаковае мяса насамрэч вельмі сытнае.

Большасць дэгуставала прыгатаваных слімакоў на месцы. Некаторыя прасілі запакаваць з сабой па 6-10 штучак, каб пазней пачаставаць сваіх блізкіх экзатычнай вячэрай.

— Калі прыйдзеце дадому, разагрэйце ракавіны ў духоўцы пры тэмпературы 180 градусаў, дзесьці 6-7 хвілін, — раіць Вікторыя.

Рэцэпт слімакоў па-бургундску Вячаслава Гарбатава я так і не даведалася. Шэф-кухар трымае яго ў сакрэце. Але Уладзімір Рабкоў падзяліўся іншымі варыянтамі прыгатавання.

— Слімаковае мяса разам з соусам чылі і базілікам можна дадаць у спагеці. Падсмажыць з цыбуляй ды гароднінай, а потым зрабіць далікатэсны паштэт. Зараз шмат зеляніны, дык жонка філейную частку малюскаў дадае ў салаты. Асабіста мне падабаецца спалучэнне са свежай капустай. Можна зрабіць каўбасу, катлеты. У Францыі гэтае дыетычнае мяса вельмі цэніцца: там маленечкая тарталетка са слімаковага фаршу каштуе 40 еўра. Мы зараз распрацоўваем новы рэцэпт засолкі, таму налета, думаю, у нашых рэстаранах з'явіцца слімаковая ікра. Яна выглядае, як сапраўдны жэмчуг.

Сваю ферму «Ратаў» сям'я Рабковых заснавала пяць гадоў таму. Ідэю для сямейнай справы Уладзіміру падказаў... слімак, які запоўз на ганак.

— Упершыню я пакаштаваў слімаковае мяса ў Іспаніі, потым у Францыі, — расказвае фермер. — Памятаю, прыехаў з вандроўкі, завітаў да мамы ў вёску, гляджу — паўзе прыгажун. У галаве пранеслася думка: а чаму б не заняцца развядзеннем вінаградных слімакоў? 100 кілаграмаў сабраў з прыроды. Атрымаў патомства. На дадзены момант у нас у вальерах жыве каля пяці тон слімакоў, тры з іх дасягнулі трохгадовага ўзросту і гатовыя для рэалізацыі. Спачатку ўсе, пачынаючы ад суседзяў і заканчваючы сябрамі, пальцам каля скроні круцілі. Цяпер жа прыходзяць ласавацца далікатэсам.

Фермер запівае соусам з ракавіны слімаковае філе.

— А чым фермерскія слімакі адрозніваюцца ад прыродных?

— Вы ж не ведаеце, што з'елі прыродныя слімакі. Фермерскае ж мяса экалагічна чыстае. Адмыслова для сваіх гадаванцаў мы з жонкай вырошчваем яблыкі, грушы, дыні, кавуны, гарбузы, кабачкі, шпінат, кроп... Нягледзячы на невялікі памер, вінаградныя слімакі досыць пражэрлівыя.

— Тое, чым корміш малюска, адбіваецца не толькі на смаку мяса, але і на яго кансістэнцыі, — дадае Вікторыя. — А ці ведаеце, што слізь слімакоў мае амаладжальны эфект? Я практычна не карыстаюся ніякай касметыкай. Вечарам дастаткова, каб малюскі папоўзалі па твары, — і скура цудоўна ўвільгатняецца і разгладжваецца. Прыязджайце да нас у госці, каб на свае вочы паглядзець, што ўяўляе сабой слімаковая ферма.

Людзі сыходзілі са свята ежы задаволеныя. Чула, як адна жанчына дзялілася ўражаннямі з сяброўкай: «У Францыі была, ды не пакаштавала слімакоў. Хоць у Беларусі гэта зрабіла». Дарэчы, фермеры паабяцалі наступны раз прывезці на дэгустацыю слімакоў, прыгатаваных па-беларуску.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Больш здымкаў са свята можна ўбачыць тут.

Загаловак у газеце: Слімакі па-бургундску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.