Вы тут

Дзень «дзякуй»


Што вы робіце перад сном? Чарговы раз праглядаеце стужку навін у «Фэйсбуку» ці серыял па тэлебачанні? Складаеце план на заўтра? Я вось ужо каторы месяц, лежачы ў ложку, прамотваю ў памяці дзень, які мінуў, і дзякую. Спачатку з цяжкасцю прыгадвала пяць пунктаў, зараз жа, не паверыце, не магу спыніцца...


Гэты рытуал раю выконваць у цішыні. Заплюшчыце вочы і падумайце, каму і за што вы ўдзячныя ў дні, які адыходзіць. Падзякуйце калегу, які падстрахаваў на працы, бармену за смачную каўку, мужу ці жонцы, якія проста былі побач... Можна нават завесці дзённік удзячнасці і запісваць туды ўсе маленькія і вялікія радасці вашага жыцця. Цёплы ложак, усмешка дзіцяці, смак шакаладу, зорнае неба... Так шмат усяго, за што можна быць удзячным! Трэба проста шырэй расплюшчыць вочы і менш глядзець сабе пад ногі.

З пункту гледжання пазітыўнай псіхалогіі, удзячнасць — гэта эмоцыя, якая дае жыццёвую энергію і выдатна матывуе. Засынаючы са станоўчымі думкамі, вы настройваеце сябе на працяг ланцужка дабрыні заўтра.

У Амерыцы, дзе зараз жыве мая сястра, ёсць цудоўнае свята «Дзень дзякавання». Яго амерыканцы шануюць не менш, чым уласны дзень нараджэння. І не дзіўна, бо яно нагадвае пра важнасць адчування ўдзячнасці да людзей, лёсу, Бога. Мне падаецца, было б цудоўна зрабіць кожны дзень нашага жыцця «Днём «дзякуй». Бо, як казаў адзін індыйскі мудрэц, калі сэрца напоўнена ўдзячнасцю, любыя дзверы, якія падаюцца зачыненымі, могуць прывесці да незвычайных адкрыццяў.

Калі я расказвала пра сваю новую традыцыю знаёмым, некаторыя з іх рэагавалі скептычна. Маўляў, вядома, можна дзякаваць, калі ў цябе ўсё добра. А вось у мяне не жыццё, а выпрабаванні. Муж п'е, дзеці не апраўдалі чаканняў, начальнік несправядлівы, праца нелюбімая, ды яшчэ хваробы напаткалі... Гэты спіс можна працягваць. Ва ўсіх песімістаў ён прыблізна аднолькавы. Яны лічаць: ім няма за што дзякаваць, ды і няма каму.

Але ж найвышэйшая мудрасць і заключаецца менавіта ў тым, каб навучыцца быць удзячным нават людзям, якія зрабілі табе штосьці дрэннае, лёсу, які падкінуў чарговае выпрабаванне. Нездаволенасць жа, праверана, не прыносіць ні шчасця, ні дабра. Яна толькі замацуе вас у вашым стане.

Адна манашка, якая здзяйсняла паломніцтва, прыйшла ў незнаёмую вёску на заходзе сонца. Папрасіла прытулку на ноч, але ўсе мясцовыя жыхары зачынялі перад ёй дзверы. Яны былі іншай веры і «не маглі» пакінуць у сябе жанчыну.

Начлег манашцы дала вішня ў адкрытым полі. Ноччу было па-сапраўднаму холадна і жанчына не магла заснуць... Апоўначы яна зірнула ўгору і ўбачыла, як кветкі вішні, якія распусціліся, усміхаюцца туманнаму месяцу. У гэты момант манашка адчула ў душы неверагодную цеплыню. Яна ўстала з зямлі і зрабіла паклон у бок вёскі: «Дзякуючы гэтым людзям я засталася без даху над галавой і знайшла саму сябе ноччу пад квітнеючай вішняй і туманным месяцам».

Жыццё цудоўнае. Кожны момант мае для нас тысячу падарункаў. Але мы так часта зацыкліваемся на няўдачах і на благім (замест таго, каб падзякаваць за чарговы ўрок), што не заўважаем іх. Паспрабуйце прымаць усё, што прыносіць жыццё, з удзячнасцю і паглядзіце, што атрымаецца...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».