Вы тут

Аднолькава творчы свет дзяцей з асаблівасцямі развіцця і іншых


Аб’яднанне ў межах адной справы дапамагае людзям знайсці агульную мову. Гэтым прынцыпам карысталася мясцовае грамадскае аб’яднанне «Сонечны круг», «Прыёрбанк» і інклюзіўная студыя «Калякі-малякі», якія вырашылі разам арганізаваць інтэрактыўны мастацкі праект «Baby steps», падчас якога дзеці з асаблівасцямі і іх звычайныя аднагодкі разам займаліся вывучэннем асноў малявання. Адкрывалі для сябе свет мастацтва яны пад кіраўніцтвам уважлівых педагогаў. Вынікі прадстаўленыя ў галерэі «TUT. BY» на выстаўцы малюнкаў, што былі створаныя за тры месяцы правядзення праекта.


Аліса Будзько «Салодкіх сноў».

Ідэя нарадзілася ў старшыні праўлення мясцовага грамадскага аб’яднання «Сонечны круг» Алены Ціханавай паўгода таму. Падтрымаў «Прыёрбанк» — і праца закіпела. Ідэя заключалася ў тым, каб аб’яднаць здаровых дзетак і дзяцей з асаблівасцямі развіцця агульнай справай. Выбралі творчасць: што можа быць лепш? У праекце ўдзельнічалі дзеці з рознымі дыягназамі. Спачатку ўзнікалі цяжкасці, таму што мамы звычайных дзяцей не былі да канца да гэтага гатовыя. Літаральна праз пару заняткаў бацькі паглядзелі на сітуацыю па-іншаму...

— У такі праект мы трапілі ўпершыню. Паколькі большасць мам, якія займаюцца выхаваннем дзетак са складанымі дыягназамі, не маюць магчымасці працаваць, то многім сем’ям было прыемна, што заняткі ў студыі бясплатныя, — расказвае Ірына Місевіч, мама ўдзельніцы праекта Машы, якая хварэе на сіндром Даўна. — Сама пазіцыя арганізатараў праекта, што дзеткі здаровыя і з асаблівасцямі развіцця могуць знаходзіцца побач, была цікавая для мяне таму, што ў нас здараліся моманты, калі ў іншых установах педагогі пасля аднагодвух заняткаў былі не гатовыя да зносін з дзіцем. У студыі выяўленчага мастацтва «Калякі-малякі» быў абсалютна іншы падыход. Праект атрымаўся лёгкі, насычаны, інтэрактыўны. Я і мая дачка адчувалі сябе камфортна. За тры месяцы мы атрымалі вынік праз развіццё творчых здольнасцей: у трыманні пэндзля, нанясенні фарбаў, змесце самога малюнка. Выкладчыкі дапамаглі зразумець асабіста мне, што праз фарбы, манеру нанясення колераў, нават праз тое, як падпісвае малюнак дзіця, можна шмат чаго даведацца пра яго характар, тонкасці паводзін. І вельмі важна, асабліва ў нашым выпадку, што праз заняткі можна карэктаваць як пэўныя рысы характару, так і псіхалагічны настрой. Было б добра, каб падобныя праекты для развіцця асаблівых дзетак у розных напрамках культуры і мастацтваў з’яўляліся ў нашай краіне.

Школьнікі і дашкольнікі атрымалі новыя магчымасці для самавыяўлення. Бо адна з галоўных задач студыі выяўленчага мастацтва — навучыць кожнае дзіця новым спосабам выказваць эмоцыі, пачуцці і думкі на паперы.

Работа Івана Піскуна.

Вельмі важна, што дзеці і іх бацькі атрымалі шанц рэальнага ўзаемадзеяння ў змешаных групах.

На выстаўцы малюнкаў прадстаўлена больш як дзясятак работ вучняў студыі «Калякі-малякі». У кожнай карціны, як і ў яе маленькага стваральніка, свая гісторыя і лёс. Што малююць дзеці? Маму, рэчку, зебру — усё звыкла, але пры гэтым казачна, бо дзеці ўмеюць бачыць цудоўнае ва ўсім. Дарэчы, творы падпісаныя такім чынам, каб глядач паспрабаваў зразумець, якое дзіця аўтар малюнка.

— Такія акцыі, сяброўскія, святочныя мерапрыемствы дапамагаюць перамагаць бытавую псіхалогію, — тлумачыць мастацтвазнаўца Таццяна Бембель. — Успрыманне дзіцячых малюнкаў дарослымі хутчэй факультатыўнае, а часам грэблівае. Але трэба паказваць: гэта самадастатковая мастацкая з’ява. Вялікім прыкладам можа быць мастацтва XX стагоддзя. Мала хто ведае, што такія мастакі, як Пікаса, Маціс, Далі, мелі велізарныя калекцыі дзіцячых малюнкаў, таму што яны там чэрпалі натхненне і прыёмы. У дзіцячым мастацтве ёсць красаванне творчага духу, яго трэба лавіць, даваць максімум свабоды і захоўваць гэтыя шэдэўры. Многія мастацтвазнаўцы, асабліва на Захадзе, ставяцца ды дзіцячай творчасці як да сур’ёзнага прадмета даследавання. Можна параўнаць дзіцячы малюнак са старажытнымі фрэскамі: гэта адзін тып успрымання святла, прыступка выразнасці.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».