Вы тут

Уладзімір Цвірка. Свяцк


Палац у вёсцы Свяцк Гродзенскага раёна бачны яшчэ здалёк. А першымі сустракаюць сажалкі, якія чародкай збягаюць да просценькага мастка, ды невялічкая каплічка, якая, здаецца, без дазволу сышла з сядзібнага двара і неўзабаве прыпынілася каля першага сустрэчнага стаўка, каб паглядзецца ў яго вадзяное люстэрка. Так і засталася стаяць, зачараваная сваім адлюстраваннем.


Вырашыў і я крыху затрымацца каля сажалак. І куды ні крочу: паміж магутных ствалоў велізарных ясеняў, па сцяжынках уздоўж пакатых берагоў — палац відаць адусюль. Як быццам мы з ім здаля сочым адзін за адным. Ён зацікаўлена ўглядаецца ў маю постаць, у адметнасць маёй хады. Нікуды не спяшаючыся, павольна і з асалодай разглядаю здалёк і палац, і наваколле, у якім ён пражыў некалькі соцень гадоў.

Будынак палаца даволі вялікі. Раскінуўшы паабапал свае афіцыны, быццам рукі, трымае перад сабой у абдымках агромністую пляцоўку двара, дзе і сёння відаць сляды вялікіх кветкавых клумб. Як і раней, цяпер парадны партэр выконвае свой галоўны абавязак — адкрывае як мага шырэй прастору для агляду архітэктурных асаблівасцей будынка, яго падкрэсленай велічы і нават сацыяльнага статусу гаспадароў. І адусюль можна без перашкод цалкам ахапіць яго вачыма, адчуць шыкоўную задумку архітэктара, які імкнуўся зрабіць так, каб ужо на падыходзе глядач і палац пачыналі знаёміцца, прыглядацца адзін да аднаго.

І падалося, што менавіта ў мяне гэта атрымалася. Палац ахвотна прыняў у абдымкі, асцярожна, з пяшчотай адкрываючы сваё хараство ў маленькіх дэталях. І чым бліжэй падыходзіў да будынка, тым болей разумеў: адведзенага часу на яго агляд будзе недастаткова. Аднак гэта не палохала, наадварот, прыйшло пачуццё, што, калі адгарну чарговую старонку нашай спадчыны, будзе цікава і далей разглядаць шматлікія выявы, чытаць да іх тэкст.

Яшчэ адно асаблівае пачуццё не пакідала з самага пачатку візіту ў Свяцк. Здалёк здавалася, што гаспадары сядзібы толькі-толькі кудысьці з’ехалі. Можа, нават сёння і не вернуцца, загуляюць, заначуюць — на дзень, а можа, і болей. А мне выпала магчымасць самастойна, не спяшаючыся, усё паглядзець, нават дакрануцца рукамі. Хопіць затрымлівацца — іду да палаца.

Не буду занадта далёка зазіраць у мінулае гэтых мясцін. Пачну, напрыклад, з таго часу, калі і сам Свяцк, і яго ваколіцы са шматлікімі вёсачкамі і мястэчкамі сталі маёмасцю вядомага тады на абшарах Вялікага Княства Літоўскага шляхецкага роду Валовічаў. Пачынаючы з сярэдзіны XVIII стагоддзя і аж да канца ХІХ стагоддзя гэтая гаспадарка буйнела за кошт выкупу суседніх зямель і ўрэшце вырасла ў даволі багаты шляхецкі маёнтак, нават назва якога гаварыла сама за сябе — Свяцк Вялікі.

Будынак палаца ўзвялі пры Юзафе Валовічу прыкладна ў 1775 годзе па праекце і пад наглядам італьянскага архітэктара Джузэпэ дэ Сака. У выніку грандыёзнай будоўлі ўзнік цудоўны палацава-паркавы ансамбль, які, мабыць, з’яўляецца адной з лепшых работ таленавітага дойліда. У пачатку ХХ стагоддзя палац быў значна пашкоджаны і разрабаваны. Пачынаючы з 1921 года — гэта маёмасць Міністэрства аховы здароўя Польшчы. У 1930-х гадах распачынаецца рэстаўрацыя будынка. Нейкі час у ім дзейнічалі санаторый, шпіталь. Мо таму сёння гэты архітэктурны помнік, узведзены ў стылі барока з рысамі класіцызму, захаваўся ў нядрэнным стане. Як паказалі даследаванні, афіцыны былі пабудаваныя трошкі пазней, злучыўшыся з самім палацам паўкруглымі шклянымі галерэямі.

Асобная тэма — унутранае ўбранне шматлікіх пакояў. Неверагодная колькасць мэблі і карцін у свой час была разрабаваная ці вывезеная за межы нашай краіны. Але нават тая невялічкая частка, якая засталася (а гэта ў асноўным ляпніна сцен, парталаў, столі), яскрава сведчыць, якога высокага ўзроўню афармленне інтэр’ера. Асабліва ўражваюць шматлікія барэльефы і роспісы сцен у стылі рамантызму.

І яшчэ крыху скажу пра пейзажны парк. Ён удала ахінае сам палац, а звонку падступае да каскаду штучных сажалак і непрыкметна перацякае ў ландшафт ваколіцы, рашуча ўзбягаючы на відавы пагорак, з якога воку выразна адкрываюцца ўсе асаблівасці, усе адметныя рысы мясцовасці вакол сядзібы.

Вярнуўшыся з невялічкай вандроўкі па парку, паглядзеўшы на гаспадарчыя пабудовы, на фруктовы сад, заходжу зноў на пляцоўку перад неацэннай каштоўнасцю гэтых мясцін — палацам Валовічаў. Цішыня парушаецца толькі цвырканнем нейкай лясной птушачкі і амаль нячутным рокатам яшчэ аднаго аўтамабіля, які таксама прыпыніўся на тым баку, за стаўкамі. Не, гэта не гаспадары палаца, гэта, верагодна, такія ж няўрымслівыя падарожнікі, як і я. А гаспадары — я ўпэўнены — прыедуць, абавязкова вернуцца, і жыццё хлыне сюды, як вада вясной у сажалкі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».