Вы тут

Як чатыры сябры зрабілі са старога «мерседэса» мабільную кухню


Для мяне асабіста гэта пастаянная праблема: спяшаешся па справах, круцішся з раніцы да вечара як у віры і, бывае, няма вольных нават дзесяці хвілін, каб нармальна паесці. І месцы ў нашым, падаецца, зусім не маленькім Мінску, дзе можна перакусіць хутка, смачна і няшкодна, — лічаныя. Праўда, у апошнія гады сітуацыя стала выпраўляцца. І не заўжды за кошт замежных франшыз фастфудаў: беларусы спрабуюць уласнаручна развіць культуру якаснай вулічнай ежы, якой так прагне жыхар горада з хуткім тэмпам.


Напрыклад, месяц таму ў сталіцы з'явіўся яшчэ адзін фудтрак — кафэ-фургон з мабільнай кухняй, з якога прыгатаванае можна і прадаваць. Мінулай восенню чацвёра — муж і жонка Алена і Станіслаў Батурчыкі, Андрэй Жук, Павел Бурдзілаў — задумалі стварыць уласную кухню на колах. «У нас ва ўсіх ёсць адна агульная рыса: мы любім смачна паесці. Але часта складана бывае адшукаць дзесьці ў горадзе магчымасць хутка паабедаць. Ты спяшаешся па справах, у цябе ёсць 15 хвілін на перакус і няма часу, каб зайсці ў рэстаран ці кафэ, а няякасную ежу таксама не хочацца ўжываць. Калі бургер каштуе два рублі ці нават пяць, то відавочна на чымсьці сэканомілі, бо я магу падлічыць, колькі трэба аддаць за сапраўды якасныя інгрэдыенты для яго», — кажа Алена.

Да гэтага ўсе чацвёра працавалі ў сістэме грамадскага харчавання. Станіслаў — галоўны стваральнік фудтрака і ідэйны натхняльнік. Яго жонку Алену хлопцы называюць душой каманды. Яна жартуе, што займаецца тым, што ніхто больш не любіць: бясконцай папяровай працай, без якой не абысціся. Андрэй адказны за тэхнічную частку: не толькі за машыну, але як сапраўдны інжынер — за тэхнічнасць падчас збору бургера. Паша — прафесійны шэф-кухар, які вучыўся ў англійскай кулінарнай акадэміі Le Cordon Bleu, працаваў у рэстаранах Лондана і Масквы.

Андрэй інжынер не толькі па прафесіі, але і па стане душы, таму добра разбіраецца ў аўтамабілях. «Як шукалі машыну? Спачатку вызначыліся, якая канкрэтна нам патрэбна. Быў ідэал — Mercedes Т2 1989 года. Машына надзейная, нягледзячы на год, бо зроблена добра, сумленна. Шукалі па сайтах, наездзілі каля трох тысяч кіламетраў па Беларусі, у трох гарадах паглядзелі чатыры аўтамабілі, пакуль адшукалі жывы экзэмпляр. Знайсці было няпроста, бо ў нас жорсткія патрабаванні: чатырохлітровы дызель — самы надзейны, самая доўгая платформа гэтай мадэлі і вялікія колы — дыяметрам 17,5 дзюйма (стандартныя — 16). А наконт колаў — гэта рэдкасць, толькі калі самі гаспадары іх пераробліваюць, бо дарагая працэдура. У выніку адшукалі наш цуд у Жыткавічах», — кажа Андрэй.

Разабралі машыну амаль адразу, як набылі, восенню, а збіраць наноў пачалі 15 сакавіка і справіліся амаль за паўтара месяца.

— Да гэтага фудтракі з нас ніхто не рабіў. Гэта была імправізацыя, і шмат што рабілася інтуітыўна, — тлумачыць Андрэй.

— Мы, напрыклад, вельмі доўга не маглі дамовіцца, як зрабіць казырок у акенцы, адкуль мы падаем ежу, — дадае Алена.

— Месяц спрачаліся і выношвалі ідэю, як лепей зрабіць.

— Ды і над карцінкай, што наносіцца на машыну, доўга працавалі...

«Звычайна так фудтракі і ствараюцца: рабяты скідваюцца, адшукваюць машыну, робяць у ёй рамонт, самі на ёй ездзяць і працуюць. Набыць гатовае — гэта не тое», — лічыць Павел. Алена падтрымлівае ягоную думку: «Сапраўдны трак ты павінен зрабіць сам: укласці ў яго ўсю душу, клапаціцца пра тое, якую ежу падасі людзям. А набыць капсулу касмічнага выгляду за 50 тысяч долараў і пасля ў ёй з «заплюшчанымі» вачыма прадаваць шаверму — гэта не пра нас».

Паша прызнаецца, што беларусаў, у якіх таксама ёсць фудтракі, за канкурэнтаў не ўспрымаюць. «Яны для нас, хутчэй, аднадумцы. У Мінску я ведаю каля шасці такіх камандаў, яшчэ адна ёсць у Гомелі (гэтая — у старой пажарнай машыне)», — кажа ён. Іншыя фудтракі прадаюць смажаную бульбу-фры, хот-догі, сушы і нават пасту! Галоўнае — у класічным варыянце фудтрак — гэта той, што перасоўваецца самастойна без знешняй дапамогі. Па словах Алены, адна з галоўных тэм, якую даводзіцца абмяркоўваць з уладальнікамі фудтракаў — заканадаўчая база. «Па сутнасці, ні адзін закон у краіне не рэгламентуе іх дзейнасць. Ёсць агульныя патрабаванні: санстанцыя, пажарная, павінны быць пэўныя ўзгадненні: калі працуем на вуліцы, то абавязковы дазвол ад Мінгаза. Але дакладных патрабаванняў няма. І хоць першы фудтрак з'явіўся ўжо некалькі гадоў таму, заканадаўчая база ўсё яшчэ распрацоўваецца», — дзеліцца дзяўчына.

Калі ў праект сябрамі было ўкладзена больш за 16 тысяч долараў, каманда звярнулася да краўдфандынгавай платформы «Ulej.by». На ёй маладыя людзі аформілі праект і пазначылі, што не хапае яшчэ 6000 рублёў (каля трох тысяч долараў). Уласныя грошы чатырох сяброў пайшлі на набыццё і рамонт машыны, а таксама кухню — своеасаблівы загатовачны цэх, дзе да таго ж захоўваюцца прадукты. Амаль усё рабілі і рамантавалі ўласнаручна. «Ды мы тут фактычна жывём і працуем без выхадных, — прызнаюцца яны. — Але калі праца падабаецца, чаму б і не? Гэта ж сваё і для душы».

Андрэй надзівіцца не можа на адноўлены бус.

Завіталі на кухню. На стале — інгрэдыенты для будучага бургера.

Па выніку на «Ulej.by» атрымалася сабраць суму большую за патрэбную амаль у тры разы. Але, на думку Алены, калі б яны запрасілі агульны кошт, — то задача па зборы сродкаў была б невыканальная. А вось частку — рэальна. І ўвогуле прасіць людзей прафінансаваць увесь праект некарэктна, лічыць яна. «Гэта наша ідэя, наша мара, і мы павінны адшукаць для яе грошы самастойна. А на «Ulej» мы звярнуліся не толькі каб дазбіраць грошы, але і каб пераканацца, што наша ідэя будзе цікавая і для мінчан. І мы сабралі, уявіце, 290 %! На гэтыя грошы набылі абсталяванне, якое планавалі займець у далёкай перспектыве. Праўда, спыняцца не збіраемся: хочам дадаць у меню бургер з рыбай, суп дня... Ці тое яшчэ будзе!» — усміхаецца Алена.

Вераніка ПУСТАВІТ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Бургер: на колах і ад шэф-кухара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».