Вы тут

Як жывуць сельскія бібліятэкі


У вёсцы Прыбарава, што на Брэстчыне, бібліятэка была з пасляваенных часоў. Размяшчалася яна ў клубе, цяпер так і называецца «клуб-бібліятэка». Яе гаспадыня Антаніна Антонаўна Галяка працуе тут не вельмі даўно, а вось у культуры — ужо шмат гадоў. Пасля заканчэння Гродзенскага культасветвучылішча займалася клубнай работай на вёсцы. Апошняе дзесяцігоддзе працоўная дзейнасць звязала з бібліятэчнай справай.


Антаніна Галяка.

Што чытаюць вяскоўцы?

— Непакоіць тое, што цяперашнія школьнікі не цягнуцца да кнігі. Яны прыбягаюць у бібліятэку, калі патрэбныя кнігі па праграме. Прыходзяць і тыя, у каго дома няма камп'ютараў, знайсці нешта ў інтэрнэце, раздрукаваць, таксама па праграме, калі ў школе задаюць рэфераты ці паведамленні па тым ці іншым прадмеце, — разважае Антаніна Антонаўна. — Найчасцей у бібліятэку цяпер прыходзяць пенсіянеры, бяруць класіку, дэтэктывы. Найбольшым попытам карыстаецца перыёдыка. Вясковая бібліятэка атрымлівае даволі многа газет. Цяпер яны дарагія, самі ведаеце. А ў нас ёсць аматары чытаць свежую прэсу.

Пытаю, ці не даводзяць планы па платных паслугах для бібліятэкі. Антаніна Галяка гаворыць, што такая практыка даўно адышла ў гісторыю. Якія там кнігі за грошы? Добра, калі так чытаць будуць. Асабліва важна заахвоціць дзяцей да чытання.

Школьнікі прыходзяць у клуб на заняткі гурткоў, між іншым зойдуць у бібліятэку. Іх стараюцца прыцягнуць да падрыхтоўкі святочных мерапрыемстваў. Самае галоўнае свята для Прыбарава — свята вёскі. Яго ідэалагічны ды мастацкі складнікі рыхтуе менавіта бібліятэка. Бо кожны год вызначаецца новы склад герояў дня. Гэта, напрыклад, самы сталы жыхар вёскі, самы творчы, найлепшы падворак, працавіты гаспадар.

— Ушаноўваем народжаных у гэтым годзе, тых, хто пабраўся шлюбам. Адным словам, усе значныя падзеі вёскі знаходзяць адлюстраванне на свяце. Галоўнае, каб нікога не забыцца, падрыхтаваць спісы, напісаць сцэнарый, — расказвае Антаніна Галяка. — Апошнім часам на дзень вёскі запрашаем вайскоўцаў з суседняй пагранічнай заставы. Таксама рыхтуецца паведамленне пра будні мяжы, гісторыю заставы. Наша вёска знаходзіцца ў памежнай зоне, дзяржаўная граніца, якая тут праходзіць, вядома, уплывае на жыццё Прыбарава. Пагранічнікаў людзі пастаянна бачаць у сябе на сходах, многія даўно сталі добраахвотнымі памочнікамі вартавых мяжы, а тыя сваім удзелам у такіх святах прыносяць пэўную іскрынку. Напрыклад, усім падабаецца пакаштаваць салдацкую кашу, паглядзець паказальныя выступленні вайскоўцаў. На гэтую тэму рыхтуецца і выстаўка кніг у бібліятэцы.

Паводле слоў Антаніны Галякі, апошнім часам вельмі шмат зроблена для паляпшэння іх старога будынка. Дзякуючы сродкам, якія выдзеліў аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама, летась замянілі вокны ў памяшканні, адразу стала цяплей. Таксама адрамантавалі само памяшканне і добраўпарадкавалі тэрыторыю каля бібліятэкі.

Загадчык сектара культуры Брэсцкага райвыканкама Эла Марозава адзначае, што гэтая вясковая бібліятэка на добрым рахунку. Антаніна Антонаўна за сваю плённую працу не так даўно была адзначаная граматай раённага Савета. У бібліятэцы заўсёды ўтульна, і чытачы сюды прыходзяць з задавальненнем.

Актыўныя пенсіянеры і лялечны гурток

А вось бібліятэка ў Паланечцы Баранавіцкага раёна яшчэ чакае рамонту. Летась памянялі вокны, а сёлета, спадзяецца бібліятэкар Святлана Вяленка, чарга дойдзе да столі, сцен ды падлогі. І тады зоймуць свае месцы два новыя сталы з крэсламі, якія разлічаныя для чытальнай залы. Дарэчы, у зону абслугоўвання гэтай установы культуры ўваходзяць тры вёскі: Паланечка, Рэпічы і Шчарбовічы. У картатэцы — 250 чытачоў. Ёсць і моладзь, і пенсіянеры, але кнігі і перыёдыку чытаюць пераважна людзі сталага ўзросту.

— Ёсць у мяне аматары чытання, якім ужо за восемдзесят гадоў, — расказвае Святлана Уладзіміраўна. — Некаторыя з іх рэдка выходзяць з хаты альбо не выходзяць наогул, але цікавасці да чытання не страцілі. Яны пакідаюць заяўкі па тэлефоне, я заношу літаратуру ім дадому. Гэта звычайна і кнігі, і перыёдыка. Вось, напрыклад, Соф'ю Канстанцінаўну Кабарыху, былую настаўніцу і актыўную чытачку «Звязды», мы нядаўна віншавалі з 85-годдзем. Яна не толькі чытае шмат літаратуры, але і збірае матэрыялы краязнаўчага характару, ведае многа пра мінулае нашых мясцін, з ёй вельмі цікава пагаварыць. Актыўны чытач і пенсіянерка Лідзія Паўлаўна Клімава. Я з задавальненнем наведваю сваіх чытачоў. Нярэдка гэта раблю ў суботу, калі прыязджаюць дзеці да маіх пенсіянераў. Тады між іншым пагаворым аб агульных справах вёскі, бо я яшчэ і дэпутат сельскага Савета. Нагадваю малодшаму пакаленню, што іх бацькам выдзеліць пэўную суму з пенсіі на добраўпарадкаванне могілак не вельмі проста. Бывае, што дзеці з гатоўнасцю гэта робяць за бацькоў. А яшчэ дзеці дзякуюць за клопат, што прыношу іх бацькам чытво проста ў хату, — кажа вясковы бібліятэкар.

Святлана Вяленка ў сельскай бібліятэцы працуе на палову стаўкі, на другую палову — у школьнай бібліятэцы.  «Часам, — расказвае, — бегаю туды-сюды, блізка ж. Ну прыйшоў чалавек кнігі памяняць, я яму скажу: прыйдзіце пасля 15 гадзін. Іду, адчыняю, мяняю, паспяваю да званка, калі на перапынку могуць дзеці прыбегчы ў школьную».

Святлана Вяленка.

Яшчэ Святлана Уладзіміраўна вядзе гурток, дзе разам са школьнікамі стварылі невялікі лялечны тэатр. Яго ўдзельнікі рыхтуюць пастаноўкі, разыгрываюць сцэнкі з літаратурных твораў, якія выбіраюць самі. Паказваюць іх у малодшых класах, у дзіцячым садку, часам і ў дарослай аўдыторыі. На яе думку, дзяцей важна хоць нейкім чынам зацікавіць кніжнымі героямі, каб адцягнуць іх увагу ад камп'ютарна-мульцяшных персанажаў. «І заўважаеш, як на рэпетыцыях, здавалася б, простай, прымітыўнай сцэны малы чалавек вучыцца думаць, разважаць, — кажа бібліятэкар. — Мае гурткоўцы, як правіла, мае чытачы».

Людміла КАРОЛЬ, намеснік дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага:

— У вобласці зараз дзейнічае 401 сельская бібліятэка. У 44 з іх супрацоўнікі занятыя на няпоўны рабочы дзень — на 50 альбо 75 працэнтаў стаўкі. 11 устаноў з'яўляюцца інтэграванымі, значыць, працуе бібліятэка-клуб, некалькі адначасова з'яўляюцца школьнымі і сельскімі бібліятэкамі. Усё гэта зроблена, каб максімальна захаваць на вёсцы кніжную ўстанову культуры. Стараемся рэгулярна папаўняць іх фонды. Абсалютная большасць бібліятэк камп'ютарызаваная, яны маюць выхад у інтэрнэт і электронны каталог раённай бібліятэкі. Вясковыя бібліятэкары кожны год праводзяць вялікую колькасць мерапрыемстваў па прапагандзе кнігі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Кніга з дастаўкай дадому

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».