Вы тут

Цікавыя факты пра любімыя дзіцячыя стужкі «Беларусьфільма»


Дзень абароны дзяцей — выдатная нагода ўспомніць фільмы для дзяцей і падлеткаў, якія сталі культавымі і на якіх вырасла не адно пакаленне. Яны скарылі сэрцы гледачоў сваёй дабрынёй і запалам, шчырасцю і верай у светлае заўтра. Многія знакамітыя савецкія фільмы зняты на кінастудыі «Беларусьфільм». Мы выбралі топ дзіцячых стужак, і можаце разглядаць гэта як прапанову асвяжыць у памяці старое добрае кіно.


«Па сакрэту ўсяму свету

Фільм з дзвюх серый зняты па матывах «Дзяніскавых апавяданняў» Віктара Драгунскага. Над ім працавалі розныя маладыя рэжысёры, у тым ліку Ігар Дабралюбаў і Віталь Канеўскі, якія пасля сталі знакамітымі. Фільм здымалі на працягу сямі месяцаў. Вышку, з якой Дзяніска пабаяўся скокнуць, на скорую руку пабудавалі пад Смалявічамі (кіношнікі называлі іх Смалявуд, паколькі на гэтай пляцоўцы «Беларусьфільма» здымалася шмат карцін). Сцэны ў цягніку здымалі на нядзейнай чыгуначнай ветцы таксама ў раёне Смалявічаў. Цягнік складаўся з лакаматыва і трох вагонаў. Састаў некалькі сутак ганялі ўзад-уперад. Песню «Па сакрэту ўсяму свету», якую палюбілі гледачы, напісалі спецыяльна для гэтага фільма кампазітар Уладзімір Шаінскі і паэт Міхаіл Таніч.

З усіх дзяцей, якія здымаліся ў фільме, акцёрам стаў толькі Валодзя Станкевіч, выканаўца галоўнай ролі. «Дзяніску Караблёва», дарэчы, выбіралі амаль з 15 тысяч дзяцей. Як прызнаваўся сам Уладзімір Станкевіч, на пробы ён прыйшоў, бо ў студыі мастацкага слова пры Палацы піянераў выступаў як чытальнік якраз з «Дзяніскавымі апавяданнямі» і вырашыў, што на здымках без яго не абысціся. Перад камерай хлопчык адчуваў сябе ўпэўнена, бо да гэтага паспеў зняцца ў чатырох фільмах. Каб ператварыць цёмнавалосага Валодзю ў бландзіна Дзяніску, яго фарбавалі перакісам вадароду, а каб хлопчык у адпаведных сцэнах мог заплакаць, у вочы закапвалі гліцэрын.

— Аднойчы слёзы ўсё ж былі сапраўдныя, — згадваў Уладзімір Станкевіч. — Рэжысёр адабраў у мяне білеты на футбол, і я заплакаў ад крыўды. Сцэну знялі і білеты мне вярнулі.

Пасля школы Уладзімір Станкевіч паступаў ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі, аднак не прайшоў. Нейкі час вучыўся ў інстытуце замежных моў, але хутка паступіў усё ж у тэатральны. Перыядычна здымаўся ў кіно, больш за 10 гадоў выступаў з ансамблем «Сябры», працаваў на беларускім тэлебачанні, быў прадзюсарам спявачкі Анжалікі Ют, якая, дарэчы, пасля стала яго жонкай. Зараз жыве ў Маскве і займаецца музычнымі праектамі.

«Прыгоды Бураціна»

Дзіцячы музычны фільм рэжысёра Леаніда Нячаева па матывах казкі Аляксея Талстога «Прыгоды Бураціна» з'явіўся на свет у 1975 годзе, а тэлепрэм'ера адбылася ў першыя дні 1976 года. Тарцілу ў фільме сыграла Рына Зялёная, а магла сыграць Фаіна Ранеўская. Аднак яна адмовілася ехаць для здымак у Мінск па прычыне ўзросту і заявіла, што сыграе толькі ў выпадку, калі здымкі пройдуць у пад'ездзе яе дома. У песні чарапахі Тарцілы Рына Зялёная адмовілася выконваць другі куплет, бо ў ім гучаць радкі пра сталы ўзрост, у выніку ў фільме гучыць толькі музычны пройгрыш. Пасля здымак кінастудыя «Беларусьфільм» адмовілася прымаць мюзікл: «Абуральная карціна! Кот — без хваста, Ліса — у сукенцы, а Бураціна здзекуецца з пажылога чалавека!». Але фільм усё ж выпусцілі на экраны, бо быў канец года і невыкананне плана пагражала пазбаўленнем прэмій.

Выканаўца ролі Бураціна Дзіма Іосіфаў пасля фільма стаў атрымліваць шмат прапаноў для здымак, скончыў Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі (курс Аляксея Баталава). Пасля размеркавання працаваў у Мінскім тэатры-студыі кінаакцёра, шмат здымаўся на розных кінастудыях, больш за ўсё — на «Ленфільме». Паралельна скончыў рэжысёрскае аддзяленне, стаў займацца рэжысурай кліпаў.

Выканаўца ролі Мальвіны Таццяна Працэнка трапіла ў фільм выпадкова. Асістэнт рэжысёра пазнаёмілася з ёй у цягніку. Пасля складаных кінапроб Таню зацвердзіў на ролю рэжысёр фільма Леанід Нячаеў. Спецыяльна для дзяўчынкі напісалі сцэнарый яшчэ аднаго фільма — «Пра Чырвоную Шапачку». Але з-за страсення мозга Тані так і не ўдалося зняцца ў ім. Перад здымкамі ў фільме «Прыгоды Бураціна» ў юнай актрысы выпалі малочныя зубы. Прыйшлося звярнуцца да стаматолага, каб не зрываць здымкі карціны. Актрысай у дарослым жыцці Таццяна Працэнка не стала з-за траўмы, хоць і скончыла Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі.

«Корцік» і «Бронзавая птушка»

Рэжысёр Мікалай Калінін у пачатку 70-х на аснове аповесцяў Анатоля Рыбакова зняў аднайменныя фільмы «Корцік» і «Бронзавая птушка» пра прыгоды неразлучных сяброў Мішкі, Генкі і Славы. Заключная частка трылогіі «Апошняе лета дзяцінства» была знята ўжо іншым рэжысёрам — Валерыем Рубінчыкам, бо Мікалай Калінін загінуў у 36-гадовым узросце падчас здымак «Бронзавай птушкі». Па афіцыйнай версіі — ад інфекцыйнага менінгіту, па неафіцыйнай — ад траўмаў унутраных органаў, атрыманых падчас бойкі. Нешчасліва склаліся лёсы і ўсіх выканаўцаў галоўных роляў карціны.

У фільме зняліся Сяргей Шаўкуненка (Міша Палякоў), Уладзімір Дзічкоўскі (Генка Пятроў) і Ігар Шульжэнка (Слава Эльдараў). Выканаўца ролі Мішы нарадзіўся ў кінематаграфічнай сям'і: яго бацька Юрый Шаўкуненка ўзначальваў другое творчае аб'яднанне кінастудыі «Масфільм», а маці была асістэнтам рэжысёра на той жа кінастудыі. На момант здымак «Корціка» Сяргей Шаўкуненка ўжо знаходзіўся на ўліку ў дзіцячым пакоі міліцыі. Пасля заканчэння васьмі класаў Сяргей не захацеў працягваць вучобу і пасля чарговай бойкі быў накіраваны ў спецыяльнае ПТВ. Праз год пасля чарговага «залёту» атрымаў год пазбаўлення волі. Пасля адбываў розныя тэрміны за крадзяжы, захоўванне наркотыкаў і зброі, правяраўся на замешанасць у забойстве, здзяйсняў спробы ўцёкаў з-за крат. Увогуле Шаўкуненка меў пяць судзімасцяў і правёў ва ўстановах пазбаўлення волі 14,5 года. Стаў інвалідам другой групы — у турме падхапіў туберкулёз у адкрытай форме. Стварыў Масфільмаўскую арганізаваную крымінальную групіроўку, а ў 1995 годзе быў застрэлены ў сваёй кватэры разам з 76-гадовай маці.

Выканаўца ролі Генкі Уладзімір Дзічкоўскі, нягледзячы на рэкамендацыі кінастудыі, не змог паступіць у тэатральны інстытут у Мінску, працаваў звычайным кіроўцам. Ігар Шульжэнка таксама не здолеў атрымаць вышэйшую адукацыю: нягледзячы на тое, што паступаў у радыётэхнічны і політэхнічны інстытуты, вучыцца там не змог, працаваў у Мінску плітачнікам, хутка пачаў піць гарэлку, памёр у 2009 годзе.

«Пра Чырвоную Шапачку»

Двухсерыйны музычны тэлефільм па матывах казкі Шарля Перо рэжысёра Леаніда Нячаева. Сцэнарый Іны Веткінай — гэта працяг старой казкі пра Чырвоную Шапачку. Тэлепрэм'ера адбылася 31 снежня 1977 года. У фільме акрамя знакамітых Рыны Зялёнай, Яўгена Яўсцігнеева, Уладзіміра Басава знялася легендарная беларуская актрыса Стэфанія Станюта. А роля Чырвонай Шапачкі зрабіла знакамітай яе выканаўцу Яну Паплаўскую. 11-гадовая актрыса была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі СССР і стала адным з самых маладых яе лаўрэатаў.

— Карціна атрымалася зусім нечаканая, і мы страшна перажывалі, як дзеці яе ўспрымуць, — успамінаў Леанід Нечаеў. — Паляўнічы — подлы баязлівец, Чырвоная Шапачка адпускае ваўкоў — усё зусім не так, як трэба! Але ўсе страхі аказаліся дарэмнымі — прынялі не горш, чым «Бураціна». І пісьмы мы атрымлівалі цэлымі мяшкамі яшчэ доўгія гады пасля прэм'еры.

Кампазітар Аляксей Рыбнікаў прыдумаў пець «Ааааа» замест «Ах» у радках песні «Здравствуйте, реки вот такой ширины, здравствуйте, горы вот такой вышины»

— Вельмі доўга мучыўся, пакуль не знайшоў гэта «Ааааа». А інакш як спець? — прыгадваў кампазітар.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «Абуральная карціна! Кот — без хваста, Ліса — у сукенцы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».