Вы тут

Нам патрэбен інтарэс да саміх сябе


Для краіны без мора ўклад турызму ў эканоміку не малы, але мог бы быць большы.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Старавойтава апошнім часам актыўна ўключана ў тэму турызму. Толькі ў маі яна ўзначаліла значнае мерапрыемства ў гэтай сферы ў парламенце і выступіла з дакладам пра развіццё турызму ў нашай краіне на міжнароднай пляцоўцы. Тэма маладзёжнага турызму будзе абмяркоўвацца і на адной з секцый у рамках V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі восенню гэтага года. Сенатар стане адным з мадэратараў абмеркавання. Думкі заканадаўцы пра тое, як Беларусь пераўтвараецца ў пункт прыцягнення для замежных гасцей і для саміх беларусаў, даведалася «МС».


— Ірына Анатолеўна, калі гадоў 25 таму я ўпершыню пачула разважанні пра турызм у Беларусі, мне гэта падалося чымсьці ўтапічным. Які турызм? Мора няма, гор няма, значная частка гістарычнай спадчыны страчана... Але цяпер мы гутарым з вамі пра гэта ў сценах верхняй палаты парламента.

— Больш за тое, сёння пытанні развіцця турыстычнай сферы абмяркоўваюцца не толькі ў рамках нашай краіны, але і на міжнароднай прасторы. Нядаўна дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала ў пасяджэнні Парламенцкага камітэта парламенцкага вымярэння Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы ў Заграбе. Там якраз абмяркоўвалі ролю парламентарыяў у развіцці ўстойлівага турызму. На пасяджэнні былі таксама прадстаўнікі Балгарыі, Польшчы, Аўстрыі, Сербіі, Румыніі, Славакіі, Украіны, Чарнагорыі, Македоніі. Для членаў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы такія сустрэчы — магчымасць убачыць дасягненні іншых краін, пабудаваць новыя партнёрскія сувязі і садзейнічаць ідэі сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе.

— Гэта значыць, што цяпер мы абмяркоўваем развіццё турызму на роўных з краінамі, якія маюць выхад да мора і могуць пахваліцца горамі?

— Так. Ідэя ўстойлівага турызму заключаецца ў тым, каб развіваць эканамічны, сацыяльны, эстэтычны складнікі гэтай сферы, захоўваючы пры гэтым экалагічную і культурную цэласнасці, біяразнастайнасць. Прадукцыя ўстойлівага турызму не павінна разбураць асаблівасці мясцовага асяроддзя, самабытнасць народа, які жыве на гэтай тэрыторыі. Адпаведна, важна пазбягаць негатыўнага ўплыву пры будаўніцтве інфраструктуры.

Турызм мусіць быць эканамічна жыццядзейны. Ён павінен задавольваць патрэбы грамадства і пры гэтым захоўваць культурную спадчыну і прыроднае багацце. Таму развіццё гэтага бізнесу павінна ісці поруч з развіццём рэгіёна, мясцовай супольнасці. Гэта мае значэнне для ўсяго свету.

— Як кажуць сёння, мы трапілі ў трэнд.

— Я вам больш скажу: мы з'яўляемся актыўнымі ўдзельнікамі працэсу. Паняцце ўстойлівага турызму не новае для нашай краіны. Аграэкатурызм, пра які ведае кожны беларус, заснаваны на прынцыпах ашчаднага стаўлення да навакольнага асяроддзя і на ідэі ўдзелу мясцовага насельніцтва. Аграэкатурызм у Беларусі спрыяе эканамічнаму пад'ёму сельскіх тэрыторый, бо гэта і стварэнне новых рабочых месцаў, і так званы зялёны кірунак, які адпавядае крытэрыям устойлівасці.

Развіццю аграэкатурызму садзейнічае прававая база нашай краіны, якая адпавядае агульнасусветным патрабаванням. Ёсць указ Прэзідэнта, згодна з якім арганізацыя турыстычных вандровак унутры Беларусі вызвалена ад падатку на дабаўленую вартасць. Распрацавана дзяржаўная праграма «Беларусь гасцінная». У ёй вызначаны мэты — фарміраванне і развіццё канкурэнтаздольнага турыстычнага комплексу, павелічэнне ўкладу турызму ў нацыянальную эканоміку. Прыярытэтнымі названы ўязны і ўнутраны турызм, дыверсіфікацыя і рост аб'ёмаў экспарту турыстычных паслуг.

У дэбатах на палях Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы мы казалі пра вялікія магчымасці далейшага супрацоўніцтва ў гэтай сферы. Напрыклад, бязвізавым парадкам наведвання Беларусі праз Нацыянальны аэрапорт Мінск скарысталіся амаль 97 тысяч грамадзян з 68 краін. Колькасць арганізаваных турыстаў, якія наведалі нашу краіну ў 2017 годзе, вырасла ў параўнанні з папярэднім годам на 30 % і склала больш за 282 тысячы чалавек.

Мяркую, Беларусь турыстычная павінна больш гучна заяўляць пра сябе ў свеце.

— Як вы лічыце, на якім этапе свайго жыццёвага цыкла знаходзіцца аграэкатурызм у нашай краіне?

— Упэўнена, што патэнцыял росту тут яшчэ далёка не вычарпаны. Колькасць сядзіб працягвае расці. Аграэкатурызм цікавы тым, што заснаваны на мясцовых традыцыях. Вельмі важны культурны аспект захавання гэтых традыцый, і ў гэтым кірунку робіцца шмат.

— Уклад турыстычнай галіны ў эканоміку ўжо адчуваецца? Ці гэта тэма будучыні?

— Доля сферы турызму ў ВУП складае 1,8 %. Гэта не мала, пры ўмове, што мы не маем мора і гор, але доля гэта можа быць большай.

Каб вызначыць, што нам патрэбна яшчэ зрабіць для развіцця гэтай сферы, мы ў маі ў Савеце Рэспублікі праводзілі пашыранае пасяджэнне секцыі навукова-кансультацыйнага савета. У абмеркаванні ўзялі ўдзел не толькі сенатары, але і прадстаўнікі міністэрстваў спорту і турызму, адукацыі, аховы здароўя, устаноў адукацыі, грамадскіх аб'яднанняў. Удзельнікі адзначылі шэраг эфектыўных мер, якія былі прынятыя для развіцця турызму ў нашай краіне. Разам з тым рэалізацыя гэтых мер не з'яўляецца поўнай, што не дазваляе турызму выконваць больш істотную ролю ў эканоміцы Беларусі.

Сярод праблем, якія негатыўна ўплываюць на развіццё турыстычнай галіны, былі названы нізкая зацікаўленасць суб'ектаў турыстычнай дзейнасці ў арганізацыі ўнутранага і ўязнога турызму. Дагэтуль не распрацаваны брэнд краіны, які абмяркоўваецца з 2010 года. Рух ёсць, і мы спадзяёмся, што ў хуткім часе нейкі варыянт зможам убачыць і ацаніць. Было б здорава, каб грамадскасць магла разгледзець розныя варыянты брэнда нашай краіны.

Недастатковыя намаганні прыкладаюць мясцовыя органы ўлады для прасоўвання ўнутранага турызму. Губляюць актуальнасць некаторыя адпаведныя сайты.

Удзельнікі пасяджэння адзначылі неабходнасць стварэння якаснай турыстычнай інфраструктуры на тэрыторыях бязвізавага знаходжання, напаўнення календара падзеямі міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўняў, прасоўвання турыстычных магчымасцяў гэтых тэрыторый.

Неабходна пастаянна аналізаваць і сістэму падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі спецыялістаў сферы турызму, працаўладкавання выпускнікоў устаноў адукацыі.

Турыстычны патэнцыял Беларусі базіруецца на разнастайнасці і прыгажосці яе прыроды, унікальнасці гісторыка-культурнай спадчыны. У нашай краіне больш за 15 тысяч аб'ектаў, якія маюць культурнае, гістарычнае, археалагічнае значэнне. Гэта мясціны, якія звязаны з імёнамі выдатных дзеячаў сусветнай гісторыі і культуры. На тэрыторыі Беларусі размешчана значная колькасць гістарычных гарадоў: Полацк, Гродна, Нясвіж і іншыя. У нас ёсць чатыры нацыянальныя паркі. Кожны крок, кожнае месца ў Беларусі мае гістарычную каштоўнасць.

Калі ў першую чаргу ў нас будзе інтарэс да саміх сябе, то будзе і зацікаўленасць да нас з боку замежнікаў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.