Вы тут

У сталіцы прайшоў рэспубліканскі «Апошні званок»


30 мая ў сталіцы быў пабіты тэмпературны рэкорд стагоддзя. Але нават невыносная спёка не змагла сапсаваць свята 10 тысячам выпускнікоў, якія сабраліся ў "Мінск-Арэне" на рэспубліканскае свята "Апошні званок". Да мінчан далучыліся яшчэ 1200 выпускнікоў з рэгіёнаў — па 100 найлепшых з усіх абласцей, а з Мінскай вобласці — 600 хлопцаў і дзяўчат.


Перад пачаткам свята на пляцоўцы, што прылягае да спартыўна-забаўляльнага комплексу, для выпускнікоў выступалі  Віталь Карпанаў і група “Дразды”. Побач разгарнуліся фотазоны, выстаўка ДАІ і спецтэхнікі МНС, дзе выстраілася чарга з ахвотных узняцца на аўтаматычнай лесвіцы на вышыню птушынага палёту. У стракатым людскім моры  прадстаўнікоў Гомельшчыны было вельмі лёгка пазнаць па адметных шаліках, як і выпускнікоў Лошніцкай гімназіі Барысаўкага раёна, якія фарсілі ў чырвоных капялюшыках.

Выключна раз у год на нашых вуліцах можна пабачыць школьную форму савецкіх часоў. Застаецца толькі здзіўляцца, адкуль дзяўчаты яе бяруць і хто яе столькі гадоў захоўвае? Выпускніцы 10-й сярэдняй школы Пінска Вольга Невар і Ганна Кахнюк таксама красуюцца ў карычневых сукенках з белымі фартушкамі. Вольга кажа, што спецыяльна пашыла форму да апошняга званка, а Ганна раздабыла яе праз знаёмых. "Тут усё так пазітыўна, столькі моладзі. Калі рэспубліканскі апошні званок стане традыцыяй, будзе проста выдатна. Вось толькі шкада, што давялося прапусціць свой школьны званок апошні: дарога да сталіцы няблізкая, — канстатуюць дзяўчаты. — Але з нашага горада на свята трапілі ўсяго 10 чалавек, і мы — сярод шчасліўчыкаў..."

Ганна збіраецца паступаць у абласны медыцынскі ўніверсітэт, а Вольга — у БДУ на псіхолага. У сваіх сілах выпускніцы ўпэўнены: вынікі рэпетыцыйнага тэсціравання абнадзейваюць. Праўда, Вользе давялося сваю мару крыху адкарэктаваць: першапачаткова яны збіралася паступаць у Ваенную акадэмію на ваеннага псіхолага, але ў пачатку года стала вядома, што набор дзяўчат не плануецца: “Вельмі шкада, я ішла да гэтага з дзяцінства, абрала ваенна-патрыятычны клас, хацела пайсці па слядах дзядулі, які працаваў у міліцыі…” На ЦТ Вольга будзе здаваць беларускую мову. “Я яе лепш ведаю, яна  для яе родная”, — упэўнена кажа дзяўчына.

Міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА, які наведаў рэспубліканскі "Апошні званок", выказаў упэўненасць, што большасць выпускнікоў цвёрда ведаюць, куды яны будуць паступаць. Для яго апошні школьны званок празвінеў у далёкім 1981 годзе. "Я заканчваў у Полацку сярэднюю школу № 14. У мяне была канкрэтная мэта — паступіць у педагагічны інстытут на гістарычны факультэт, якую я і ажыццявіў. Цудоўна памятаю той майскі дзень, апошні званок і свой выпускны вечар. Школа — гэта незабыўныя ўражанні. Мы па сёння падтрымліваем стасункі з аднакласнікамі, рэгулярна збіраемся на юбілейныя даты".

Пры гэтым міністр прыгадаў, як у свой час, рыхтуючыся паступаць на гістарычны факультэт, дзе патрабавалася яшчэ і веданне замежнай мовы, да апошняга моманту працягваў наведваць факультатыў па матэматыцы, бо лічыў гэты прадмет вельмі карысным, паколькі той развівае логіку мыслення. "Я б раіў выпускнікам надаваць увагу ўсім прадметам аднолькава, незалежна ад таго, якую спецыяльнасць яны абралі,  таму што ў агульнаадукацыйнай школе фарміруецца ўсебакова развітая асоба. Увогуле жыццё іх будзе  яшчэ неаднойчы экзаменаваць, і, я спадзяюся, яны ўсе выпрабаванні вытрымаюць з годнасцю”.

Адкрываючы ўрачыстую частку свята, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль ЖАРКО зачытаў прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў адрас выпускнікоў.

"Зараз думкі і мары кожнага з вас накіраваныя ў будучыню. Якім яна будзе, шмат у чым залежыць ад выбару прафесійных шляхоў і рэалізацыі свайго прызвання, — гаворыцца ў ім. — Куды б ні вывеў гэты пошук, памятайце: вы патрэбныя сваёй Радзіме. Многае зроблена, каб тут, на роднай зямлі, вы маглі развіць свае таленты, дамагчыся поспехаў, адчуць сябе па-сапраўднаму шчаслівымі і ўпэўненымі ў заўтрашнім дні. Але аўтарамі ўласнага лёсу застаецца вы. Стараннасць і працавітасць — вось пропускі ў паспяховае жыццё".

А далей адбылося ўшанаванне выпускнікоў у розных намінацыях. Узнагароды ў намінацыі "Талент-2018" выпускнікам уручаў Аляксандр Саладуха. Алімпійскі чэмпіён Аляксандр Багдановіч адзначыў самых спартыўных і моцных духам у намінацыі "Чэмпіён". Былі вызначаны найлепшыя ў катэгорыях "Інтэлект" і "Лідар-2018". "Хвіліна славы" была таксама і ў педагогаў. Міністр адукацыі Ігар Карпенка ўручыў падзякі найлепшым класным кіраўнікам ад кожнай вобласці і Мінска. Акрамя таго, усе пераможцы ў гэтай намінацыі атрымалі па 10 білетаў у аквапарк для навучэнцаў свайго класа. З'явіліся і першыя ўладальнікі тытула "Супершкола". Яго будуць насіць сярэдняя школа № 7 г. Баранавічы, сярэдняя школа № 31 г. Віцебска, гімназія № 1 г. Гродна, Дзераўнянская сярэдняя школа Стаўбцоўскага раёна, сталічная гімназія № 1 імя Ф.Скарыны, Мазырскі дзяржаўны абласны ліцэй і Кадзінская сярэдняя школа Магілёўскага раёна. Міністр адукацыі ўручыў кіраўнікам гэтых устаноў таксама сертыфікаты на дзве актыўныя сэнсарныя сістэмы (мультыборды).

Ну а самай вясёлай і доўгачаканай атрымалася заключная частка свята, падчас якой перад выпускнікамі выступілі TEO і Вольга Рыжыкава, групы "NavіBand" і "Тяни-Толкай", дзядька Ваня са сваім музычным калектывам, Саша Нэма, Герман, Алена Ланская, Георгій Калдун і іншыя. Зала задорна падхапіла савецкі хіт “Касіў Ясь канюшыну”. А выхад Аляксандра Саладухі на сцэну ў адну секунду разбіў увесь скепсіс у інтэрнэце і сацыяльных сетках наконт прысутнасці спевака на маладзёжным свяце. Словы песняў “Вінаград і “Здравствуй, чужая милая” усе ведалі напамяць, таму зала завялася літаральна з паўабароту і вельмі прыхільна рэагавала на ўсе жарты, якія сыпаліся з вуснаў спевака. Да таго ж Аляксандр запрасіў выпускнікоў далучыцца да яго на сцэне. Двойчы паўтараць сваю просьбу яму не давялося. З добраахвотнікаў тут жа сфарміравалася група падтрымкі. Напрыканцы спявак пажадаў выпускнікам знайсці месцам под сонцам і сваё каханне ў  гэтым жыцці, падзякаваў імправізаванаму шоу-балету “Выпускнік-2018” і свята прадоўжылася…

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Супершкола, шоу-балет "Выпускнік — 2018" і запрашэнне ў аквапарк

Каментары

Сын сбежал через полчаса. Лица на фотографиях не очень светящиеся.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.