Вы тут

Дзе нельга пакідаць аўтамабіль


У канцы працоўнага дня менш за ўсё хочацца ставіць машыну ў некалькіх кварталах ад свайго дома, а потым цягнуцца пешшу пару лішніх сотняў метраў з цяжкімі пакетамі з супермаркета. А калі з вамі яшчэ дзеці або пажылыя сваякі? Вядома, можна суцяшаць сябе тым, што прагулкі — гэта карысна для здароўя, але наўрад ці гэта спыніць раздражненне. Паміж ім і паркоўкай не па правілах дарожнага руху значная частка мінчан выбірае другі варыянт. Маўляў, што таму тратуару або газону будзе за раз... Як высветлілася, наступствы могуць быць і для газона, і для вас асабіста. Разам са спецыялістамі мы адправіліся на праверку ў адзін са сталічных двароў.


Папярэджваць ці эвакуіраваць

Падобныя рэйды — частка экалагічнай акцыі «Я паркуюся, як ...», галоўная мэта якой выявіць машыны, пакінутыя на газоне. Арганізатарам акцыі выступае Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, які падтрымліваюць прадстаўнікі раённай адміністрацыі, камунальнай гаспадаркі і супрацоўнікі ДАІ.

У адзін з майскіх вечароў мы адпраўляемся з імі ў двор вялізнага дома па вуліцы Мірашнічэнка. Гэты адрас быў абраны нездарма: мясцовыя жыхары самі паскардзіліся на незаконапаслухмяных суседзяў. Супрацоўнікі камітэта ўжо пабывалі тут некалькімі днямі раней і пакінулі пад «дворнікамі» машын папярэджанне. Але, мяркуючы па тым, якая карціна адкрываецца нашым вачам, гэта не надта падзейнічала.

Час набліжаецца да шасці гадзін вечара, і, абышоўшы дом па перыметры, мы заўважылі не менш за 20 машын, прыпаркаваных на «зялёнцы». Дакладней, там, дзе раней была зялёная зона. Цяпер жа гэта ў большасці выпадкаў проста голая зямля, на якой не ў стане выжыць ні адна травінка. Пры гэтым прыцягнуць кагосьці да адказнасці менавіта за пашкоджанне зялёнай зоны вельмі складана.

— Калі машына ўжо стаіць на газоне, мы не зможам даказаць, што менавіта яна стала прычынай пашкоджанняў. Гэта можна ўстанавіць, калі кіроўца будзе паркавацца на нашых вачах, але менавіта туды, дзе яшчэ захаваўся параснік травы. Ці ж падчас вільготнага надвор'я ён будзе выязджаць з паркоўкі і на зямлі застанецца бачны малюнак пратэктара, які пры гэтым павінен выразна сведчыць аб прычыненні шкоды. У абодвух выпадках парушальнік атрымае штраф у памеры да 50 базавых велічынь. Але такія выпадкі даволі рэдкія. Затое на такога аўтамабіліста ў поўным праве скласці пратакол за няправільную паркоўку і стаянку транспарту супрацоўнікі ДАІ, — патлумачыла намеснік начальніка аддзела аператыўнага кантролю па Заводскім, Кастрычніцкім, Савецкім раёнах Мінгаркампрыроды Настасся ПРАКАПОВІЧ.

Мы ж усяго раз!

Для таго каб пагрозы не былі галаслоўнымі, разам з намі на акцыі прысутнічае інспектар ДПС АДАІ Савецкага РУУС маёр міліцыі Алег ФУРС і дасведчаныя машыністы эвакуатара. Уважліва вывучыўшы ўсе машыны, якія парушаюць правілы паркоўкі, спыняем свой выбар на чырвоным «Фордзе». Гэты прыклад выглядае найбольш абуральна: машына стаіць на маладой траўцы, на мінімальнай адлегласці ад ствала бярозы. Нягледзячы на тое, што, нібы прадбачачы такі паварот падзей, кіроўца прыпаркаваў машыну ў максімальна нязручным для эвакуатара месцы, дасведчаныя работнікі з лёгкасцю спраўляюцца з яе перасоўваннем.

Аўтамабіль адпраўляецца на штрафстаянку, а яго ўладальніка чакае непрыемны сюрпрыз — штраф за эвакуацыю ў памеры 91,5 рубля, а таксама сем рублёў за кожны наступны дзень знаходжання машыны на платнай стаянцы.

Нядзіўна, што з'яўленне эвакуатара выклікае ў двары сапраўдны перапалох.

— А на лабавым шкле тэлефона не было? Хоць бы набралі, — бядуе маладая мама. — У нас нядаўна такі ж выпадак быў. Мы большую частку года жывём за мяжой, а тут вярнуліся дадому, якраз да свята — дня нараджэння дзіцяці. Месцаў у двары не было, таму мы, усе ў клопатах, вырашылі пакінуць машыну на тратуары — з самай раніцы збіраліся прыбраць. А тут прачынаемся, а машыны ўжо няма. І так крыўдна стала, што ніхто з суседзяў не папярэдзіў. Мы ж усяго раз!

А дзе тратуар, там і газон... Як расказала старшы майстар ЖЭУ-3 Вольга ВАЛЕНЦЮКЕВІЧ, каб абараніць навакольны свет ад саміх сябе, у дварах дамоў пачалі ўсталёўваць каменныя паўсферы і металічныя агароджы. Меру можна назваць эфектыўнай, калі б не адно «але». Нягледзячы на тое, што гэта нятаннае задавальненне, ужо не аднойчы спецыялісту даводзілася сутыкацца з тым, што падобныя абмежавальнікі выдзіраюць з коранем, абы не пазбаўляцца запаветных некалькіх метраў паркінга.

Аб каменных джунглях

Мужчыны, якія таксама зацікавіліся тым, што адбываецца ў іх двары, паводзяць сябе не так эмацыянальна, па меншай меры не выкладаюць сваю біяграфію ў дзве першыя хвіліны знаёмства. Наадварот, значна больш іх цікавіць, што за «чужынцы» парушылі спакой ціхай мінскай ускраіны. Некаторыя нават просяць паказаць дакументы, але на ахвотнае жаданне гэта зрабіць адразу неяк губляюць імпэт.

— Ну, вы зразумейце нас таксама. Дзе ставіць машыны? Вось вы прыйшлі на адзін дзень, а праблема засталася, — разводзіць рукамі мясцовы жыхар. — І наогул, чаму менавіта мы? Вам двароў у Мінску мала?

На інфармацыю пра тое, што паскардзіўся хтосьці з суседзяў, рэагуе з недаверам. Шматзначна абводзіць позіркам усе паверхі, быццам бы спрабуючы зразумець: хто? Трохі падумаўшы, нібы знаходзіць рашэнне:

— Слухайце, давайце будзем аб'ектыўнымі: які ж гэта газон? Так, зямля. Ды і наогул, з гэтага боку дома ніхто ніколі не гуляе. Дзіцячыя пляцоўкі знаходзяцца з другога боку. Ну, каму тут могуць перашкодзіць машыны?

Аднак правілы аднолькавыя для ўсіх. Хочаш пазбегнуць пастаяннага падсвядомага страху — дзейнічай па законе. Для гэтага неабходна абмеркаваць магчымасць пераробкі раз'езджанага газона і даўно закінутай дзіцячай пляцоўкі ў дадатковыя парковачныя месцы з іншымі жыхарамі дома. Калі большасць будзе «за», можна звярнуцца ў раённае КУП «ЖКГ». І, калі і знойдуцца неабходныя сродкі, будзе распрацаваны праект добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі. Такія прыклады ўжо былі ў Мінску, але, на жаль, часцей за ўсё план спыняецца на этапе прывядзення ідэі да адной роўніцы. Такое жыццё, што камусьці абавязкова будуць патрэбныя тыя самыя тры травінкі пад вокнамі. Хоць, з іншага боку, калі да іх не прыслухоўвацца, праз нейкі час можна апынуцца ў цалкам каменных джунглях.

Калі мы ўжо збіраемся сыходзіць, нас гукае жанчына: «Пачакайце! Пачакайце! А як доўга працягнецца акцыя? Калі нам ужо можна выдыхнуць спакойна?»

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Працягніце думку: «Я паркуюся, як ...»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».