Вы тут

Пасол Ірана разлічвае на ўзаемавыгадныя праекты з ЕАЭС


Машынабудаванне, зніжэнне гандлёвых пошлін і экалагічны транспарт — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран Мастафа Авэйсі расказаў аб прыярытэтах двухбаковага партнёрства і планах узаемадзеяння з ЕАЭС. Лейтматывам і інфармацыйнай нагодай сустрэчы з журналістамі стаў выхад ЗША з пагаднення па ядзернай праграме Ірана.


"Гэта не было двухбаковае пагадненне паміж Іранам і Амерыкай. Гэта была міжнародная рэзалюцыя на ўзроўні ААН. Такі выхад — парушэнне міжнароднай дамоўленасці", — сказаў на прэс-канферэнцыі ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sрutnіk Bеlаrus Мастафа Авэйсі.

Многія краіны, у тым ліку члены ЕС, зацікаўлены ў выкананні ўмоў пагаднення і падтрыманні палітычных і асабліва эканамічных сувязяў з Іранам. Кіраўніцтва Ісламскай Рэспублікі жорстка адрэагавала на заяву прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, адзначыўшы, што ў адказ можа аднавіць сваю ядзерную праграму. "Наш духоўны лідар заявіў, што для таго каб працягнуць здзелку, астатнія члены пагаднення, асабліва Еўрапейскі саюз, павінны даць гарантыю. Калі яны яе прадставяць, мы працягнем (як і апошнія гады) гэта рабіць. А калі не змогуць забяспечыць нам неабходныя гарантыі і мы не зможам забяспечыць свае інтарэсы ў гэтым напрамку, то, несумненна, мы прымем іншыя рашэнні", — падкрэсліў пасол.

Калі ЗША прапаноўваюць палітыку ізаляцыі Ірана, ЕАЭС падтрымлівае супрацьлеглы курс — і падпісвае часовае пагадненне аб стварэнні зоны свабоднага гандлю з краінай. Тэрмін яго дзеяння — тры гады, праект прадугледжвае адмену ці зніжэнне пошлін. Пасол паведаміў: "У 2017 годзе сума тавараабароту паміж Іранам і ЕАЭС склала 2,8 млрд долараў. У 2018 годзе гэта лічба намнога ўзрасце". Іран плануе імпартаваць з ЕАЭС зерне, мяса, кандытарскія вырабы. Пазіцыі экспарту будуць складаць садавіна, гародніна, нафтапрадукты і вырабы лёгкай прамысловасці.

Перспектыва двухбаковых зносін Беларусі і Ірана — пастаўкі "чорнага золата", перамовы ідуць з мінулага года. "У выніку перамоў паставілі дзве партыі нафты з Ірана ў Беларусь. Калі я не памыляюся, першая партыя была 600 тысяч барэляў, а другая — 800 тысяч барэляў. Для абодвух бакоў гэта было выгадна", — адзначыў пасол.

Яшчэ адзін вектар узаемадзеяння — машынабудаванне. "Каля трох-чатырох месяцаў таму дамовіліся аб зборцы новых аўтамабіляў (1000 адзінак) у Беларусі, а ў пяцігадовай перспектыве — павялічыць аб'ёмы да 5000 адзінак", — кажа кіраўнік дыпмісіі. У мегаполісах Ірана існуе сур'ёзная праблема з экалогіяй: кожны дзень выкарыстоўваецца каля 80 мільёнаў літраў бензіну. Каб крыху вырашыць праблему забруджвання паветра, вядуцца перагаворы з "Белкамунмашам" наконт пакупкі электробусаў.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.