Вы тут

Аб чым раскажа выстава «Паркавая археалогія»?


Знаходкі археолагаў, якія датуюцца ХІХ — пачаткам ХХ стагоддзяў, выяўленыя ў выніку раскопак і рэстаўрацыйных работ на тэрыторыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, сёння сталі экспанатамі выставы «Паркавая археалогія». Іх цяпер можна пабачыць у цэнтральнай частцы палаца Румянцавых і Паскевічаў.


Кап­лі­ца сён­ня.

Рэчаў не занадта многа, але за кожнай — свая таямнічая гісторыя. Навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі, аховы гісторыка-культурнай спадчыны Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Юрый Панкоў расказвае, што многія з сённяшніх артэфактаў да 2010 года знаходзіліся ў зямлі і былі літаральна адкрытыя толькі ў нашым стагоддзі:

— Артэфакты былі знойдзены ў выніку рэстаўрацыйных і археалагічных работ на капліцы і магільным склепе князёў Паскевічаў. Частку прадметаў выявілі падчас рэстаўрацыі Лебядзёвай сажалкі — былой рачулкі Гамяюк. Напрыклад, пры асушэнні дна былі знойдзены фрагменты некалі размаляванага жаночага бюста. Не выключана, што мармуровая фігура знаходзілася на балюстрадзе парку за палацам Паскевічаў. На жаль, яе галава зараз «існуе» асобна ад бюста: да нас дайшла фігура ў расколатым выглядзе.

На старых фатаграфіях можна пабачыць, як выглядалі некалі будынкі ў знакамітым парку Паскевічаў. Дарэчы, як кажуць гісторыкі, нярэдка толькі апісанні і чарцяжы, фатаграфіі і малюнкі ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў і дапамагаюць вызначыць прызначэнне знойдзеных у парку фрагментаў збудаванняў і прадметаў:

— Тут цяпер можна пабачыць распісныя керамічныя маёлікі — гэта часткі ад капліцы. Па іх рэстаўратары аднаўлялі ўнікальную пабудову. Загадчыца мастацкага аддзела Таццяна Літвінава займаецца вывучэннем гісторыі капліцы і магільнага склепа. Яна правяла ўнікальныя даследаванні і высветліла, што кераміка прывозілася з Санкт-Пецярбурга, там яе выраблялі прафесійныя майстры.

Мар­му­ро­вы жа­но­чы бюст быў зной­дзе­ны на дне Ле­бя­дзё­вай са­жал­кі.

Падчас раскопак была адкрыта вялікая колькасць тэхнічных тунэляў і камунікацый.

— А вось вентыляцыйная рашотка мае далучэнне да паветрадува, некалі ўсталяванага ў склепе. Фрагмент мазаічнага пано таксама ёсць у экспазіцыі. Яно было некалі над уваходам у магільны склеп. Прадстаўлены невялікія цагліны-пальчаткі, якія выкарыстоўваліся пры будаўніцтве вентыляцыі. Вось пячная створка з выявай рымскай калясніцы. Яна, хутчэй за ўсё, была ўсталявана ў доме, дзе жыў святар. Дом стаяў паміж саборам Пятра і Паўла і склепам Паскевічаў і быў знесены ў 50—60-я гады мінулага стагоддзя. А дверцу знайшлі ў 2010 годзе.

Многія археалагічныя экспанаты самым непасрэдным чынам звязаны з будаўніцтвам комплексу капліцы і магільнага склепа князёў Паскевічаў. Дзякуючы знаходкам, гісторыкам стала вядома і пра сур'ёзныя інжынерныя і тэхнічныя рашэнні, увасобленыя пры будаўніцтве гомельскага палаца і суседніх пабудоў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Тайны камунікацый палаца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.