23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Чаму ўрадавы крызіс у Італіі ўзрушыў увесь Стары Свет?


Навіны з Італіі апошнім часам трымаюцца ў топе стужак сусветных інфармагенцтваў. На Апенінах, паводле ацэнак экспертаў, на працягу некалькіх месяцаў развіваўся беспрэцэдэнтны палітычны крызіс.
Тут імкліва ўзмацнялася супрацьстаянне паміж еўраскептыкамі, якія перамаглі на выбарах у сакавіку, і палітыкамі, якія падтрымліваюць адзінства з ЕС. Спатрэбілася некалькі месяцаў, каб «Рух пяці зорак» і «Ліга» дамовіліся аб стварэнні кааліцыйнага ўрада, аднак прэзідэнт краіны Серджа Матарэла наклаў на яго вета і прапанаваў на разгляд парламента новую кандыдатуру прэм'ера. Праўда, учора з другой спробы ўрад усё ж быў зацверджаны. Як праходзілі і чым завяршыліся 88-дзённыя «рымскія канікулы»?


Прэм'ерскія «шахматы»

Кандыдатура на пасаду міністра эканомікі, вядомага ў Італіі еўраскептыка, 81-гадовага эканаміста Паола Савона стала «фатальнай перашкодай» для фарміравання новага ўрада, паколькі, на думку Серджа Матарэлы, пагражала прысутнасці Італіі ў еўразоне. Прапанова прэзідэнта замяніць Савону іншай кандыдатурай не сустрэла энтузіязму ў «Лігі» і «Пяці зорак». У сувязі з гэтым Джузэпэ Контэ, абраны партыямі ў якасці кандыдата ў прэм'еры, у мінулую нядзелю проста адмовіўся ад мандата на фарміраванне ўрада.

А ў панядзелак, 28 мая, прэзідэнт Італіі даручыў сфарміраваць урад 64-гадоваму эканамісту Карла Катарэлі. Ён не належыць ні да адной з партый, якія ўдзельнічалі ў сакавіцкіх парламенцкіх выбарах. Прэзідэнт абраў яго ў якасці тэхнічнага прэм'ера, які павінен сфарміраваць урад і атрымаць адабрэнне парламента на яго работу. Пра гэта распавёў генсакратар прэзідэнцкай канцылярыі Уга Дзампеці ў эфіры тэлеканала Rаі Nеws.

Аднак Італія — краіна выбуховых эмоцый. Выбаршчыкі адчулі сябе ашуканымі, і замест канструктыўнага фарміравання ўрада (на падставе вынікаў сакавіцкіх парламенцкіх выбараў) актывізаваліся пратэстныя настроі.

Выбар Матарэлы адкладае крызіс, але можа прывесці да яшчэ большага росту папулісцкіх настрояў на наступных выбарах», — заўважыла агенцтву Blооmbеrg Розамарыя Біцэці з рымскага Luіss Unіvеrsіtу. — Людзі галасавалі за гэтыя партыі, і ім можа быць складана зразумець, чаму яны не могуць мець свой урад».

Лідары «Лігі» і «Пяці зорак» рашэнне прэзідэнта аб выбары тэхнічнага прэм'ер-міністра жорстка раскрытыкавалі, убачыўшы ў ім саступку Еўрасаюзу. «Калі няма адабрэння ў Берліне, Парыжы або Бруселі, урад у Італіі не можа быць сфарміраваны. Гэта вар'яцтва, і я прашу італьянскі народ быць побач з намі, таму што мы хочам вярнуць дэмакратыю ў гэтую краіну. Мы сталі французскай ці нямецкай калоніяй. Мы сталі краінай, фінансава акупаванай брусельскімі дэмакратамі. Мы хочам ведаць дату выбараў ці на самай справе пойдзем на Рым», — заявіў лідар «Лігі» Матэа Сальвіні.

Лідар «Пяці зорак» Луіджы Дзі Маё ў сваю чаргу абвясціў аб пачатку кампаніі пад лозунгам «Мой голас мае значэнне» і заявіў пра неабходнасць імпічменту прэзідэнта. Абедзве партыі паабяцалі, што іх дэпутаты не будуць галасаваць за ўрад Катарэлі. У адмове падтрымаць тэхнічны кабінет з імі салідарнае аб'яднанне «Наперад, Італія» Сільвіа Берлусконі. «Парламент выразна сказаў, што ўрад Катарэлі не будзе падтрыманы. «Наперад, Італія» не дасць галасоў», — напісаў у Fасеbооk прадстаўнік фракцыі ў парламенце Джорджа Мулю.

«Еўрасаюз і фінансавыя рынкі чарговы раз канфіскуюць дэмакратыю. Тое, што адбываецца ў Італіі, — гэта дзяржпераварот, напад на італьянскі народ з боку нелегітымных інстытутаў. На фоне такога адмаўлення дэмакратыі па ўсёй Еўропе нарастае народны гнеў!» — пракаментавала сітуацыю на Апенінах лідар французскага «Нацыянальнага фронту» Марын Ле Пен на сваёй старонцы ў Twіttеr.

Містар Нажніцы

«Гэтае рашэнне прэзідэнта беспрэцэдэнтнае і антыканстытуцыйнае. Ён не меў ніякага права адмовіцца ад падпісання прызначэння міністра эканомікі», — заявіў італьянскі палітолаг, былы дэпутат Еўрапарламента Джульета К'еза, паведамляе vz.ru. Аднак дэкан факультэта кіравання і палітыкі МДІМА, прафесар Акадэміі ваенных навук Генры Сардаран настроены не гэтак рэзка. «Матарэла пацвердзіў, што італьянскі прэзідэнт — не нейкая намінальная постаць. У выпадку палітычных крызісаў ён становіцца ключавым фактарам, і менавіта на ім ляжыць адказнасць за фарміраванне ўрада», — заўважыў эксперт.

У падтрымку ўрада з буйных сіл выступала толькі дэмпартыя на чале з Матэа Рэнца. Паводле яго слоў, Дзі Маё і Сальвіні трымалі Італію ў заложніках апошнія тры месяцы, бо не маглі сфарміраваць урад, што абышлося эканоміцы краіны стратай мільярдаў еўра.

Катарэлі нарадзіўся ў Крэмоне, скончыў Універсітэт Сіены, атрымаў ступень доктара эканамічных навук у Лонданскай школе эканомікі і палітычных навук. У пачатку кар'еры працаваў у Банку Італіі, пасля — у аддзеле фінансаў энергетычнай кампаніі Еnі. У 1988 годзе пачаў працаваць у Міжнародным валютным фондзе, быў кіраўніком дэлегацыі МВФ у Італіі і Вялікабрытаніі. У 2013 годзе ва ўрадзе Энрыка Лета Катарэлі быў прызначаны надзвычайным камісарам па рэвізіі дзяржаўных выдаткаў. За гэтую працу атрымаў мянушку Містар Нажніцы.

«Мне здаецца больш верагодным, што мяне паклічуць у «Інтэр» гуляць на месцы Ікардзі як цэнтральнага нападаючага», — казаў ён некалькі месяцаў таму, калі журналісты пыталіся ў яго пра магчымае прызначэнне на пасаду прэм'ера, адзначала італьянскае інфармацыйнае агенцтва Аnsа. Запрашэнне прыехаць да прэзідэнта паступіла, калі ён правяраў працы сваіх вучняў у міланскім Універсітэце Баконі, дзе выкладае як запрошаны прафесар. На візіт да прэзідэнта Катарэлі прыбыў на цягніку з заплечнікам.

Вяртанне адваката

Эксперты адзначаюць, што палітычная сітуацыя ў Італіі — трэцяй па памеры эканоміцы еўразоны — магла перарасці ў сур'ёзны кантынентальны фінансавы крызіс. Адзін з індыкатараў пагрозы — павелічэнне розніцы паміж коштам дзяржаблігацый Германіі і Італіі, якая вызначае памер працэнтаў абслугоўвання знешняга доўгу. Гэты паказчык перавысіў максімальны ўзровень за апошнія пяць гадоў. Палітычны крызіс у Італіі абрынуў еўрапейскія фондавыя рынкі.

У ЕС з трывогай сачылі за падзеямі на Апенінах: верагоднасць правядзення новых выбараў і канчатковага развароту краіны да папулізму вельмі высокая, паведаміў нямецкі тэлеканал N-TV.

Як лічыць кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер, «Італія мае найважнейшае значэнне для Еўрапейскага саюза». Гэтая краіна рызыкуе ператварыцца ў другую Грэцыю, аднак Рым атачае значна больш магутную эканоміку, якая мае вельмі важнае значэнне для Еўрасаюза, таму цяжкасці Італіі здольныя пахіснуць падмурак усяго Старога Свету, адзначае N-TV.

Днямі лідар «Руху пяці зорак» Луіджы Дзі Маё выйшаў з прапановай унесці змены ў спіс кандыдатаў, прызначыўшы на пасаду міністра эканомікі прэтэндэнта, які б задаволіў Матарэлу. У чацвер вечарам чарговыя перамовы лідараў «Пяці зорак» і «Лігі» прывялі да выпрацоўкі «ўмоў для фарміравання палітычнага ўрада», згодна з якімі Савона перайшоў бы на менш прыкметную ролю. Пасля гэтага выкліканы ў прэзідэнцкі Квірынальскі палац Катарэлі адмовіўся ад мандата, а Джузэпэ Контэ, які прыбыў туды праз некалькі гадзін пасля яго, пагадзіўся ўзначаліць урад і адразу прадставіў свой спіс міністраў.

Кіраўніком МЗС Італіі стане былы міністр па еўрапейскіх справах Энца Моавера-Міланэзі, які працаваў ва ўрадзе з 2011 па 2014 год. Пасаду кіраўніка МУС заняў федэральны сакратар «Лігі» Матэа Сальвіні, як чакаецца, на гэтай пасадзе ён зоймецца барацьбой з нелегальнай міграцыяй. Лідар «Руху пяці зорак» Луіджы Дзі Маё ўзначаліць аб'яднанае Міністэрства працы і эканамічнага развіцця (раней гэта былі два асобныя ведамствы). Разам з Сальвіні яны возьмуць на сябе таксама абавязкі віцэ-прэм'ераў. Міністэрства эканомікі і фінансаў Італіі ўзначаліць прафесар палітычнай эканомікі рымскага ўніверсітэта «Тор Вергата» Джавані Трыа. Эканаміст Савона, прызначэнне якога на пасаду кіраўніка Мінэканомікі раней заблакіраваў прэзідэнт, зойме пасаду міністра па справах Еўрасаюза. Кіраўніком Мінабароны стане прадстаўніца «Руху пяці зорак» Элізабета Трэнта.

Урад 54-гадовага адваката і ўніверсітэцкага прафесара ўчора ўвечары (напярэдадні нацыянальнага свята — Дня рэспублікі, — які адзначаецца сёння) прынёс прысягу і з гэтага моманту лічыцца дзеючым. Затым ён атрымае вотум даверу ў абедзвюх палатах нацыянальнага парламента, дзе «Ліга» і «Рух пяці зорак» у сукупнасці валодаюць большасцю галасоў.

Джу­зэ­пэ Кон­тэ стаў прэм'ер-міністрам Італіі.

А міжнародны дэбют Контэ, які не меў раней палітычнага вопыту, адбудзецца ўжо праз тыдзень — у Канадзе на саміце «Групы сямі» (7-8 чэрвеня). У выніку замест абяцаных раней дэманстрацый у абарону парушанай дзяржаўнымі інстытутамі дэмакратыі будзе яе сумеснае ўшанаванне.

Як адзначае ТАСС, усе ўдзельнікі складанага палітычнага працэсу, які можна параўнаць з цяжкімі родамі, выказалі задавальненне вынікам: і Сальвіні, які ўмацаваў і прымножыў сваю папулярнасць, і Дзі Маё, якому ўсё ж удалося выканаць ускладзеную на яго задачу прывесці «пяцізоркавых» да ўлады, і Матарэла, які, відавочна, уздыхнуў з палёгкай.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Рымскія «канікулы»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.