Вы тут

Уладзімір Пернікаў. Жыццёвінкі


А вось гэтага ён не чакаў...

Ніхто ніколі не бачыў, каб Цімох Стрык сядзеў проста так без справы. То плёў нейкія кошыкі ці кашы, то ладзіў пляцень вакол агарода, то завастраў сякеру або нож-складанчык. Здавалася, што рукі яго не ведалі стомы, што яны самі прасіліся ў работу, і ён ім не адмаўляў. Ды як тут адмовіш, калі сям'ю карміць трэба? Шасцёра душ у ёй: ён з жонкай, дзве дачкі канца трыццатых гадоў і дзве — пасляваеннага. Якія з іх, малечы, памочнікі ў мужчынскай справе? Добра яшчэ, што разам з маці каля дому завіхаюцца ды з пустазеллем на сотках змагаюцца. А так усё на ім, які кульгавым інвалідам-сяржантам з вайны вярнуўся, ляжыць.

У калгасе, куды на працу хадзіў Апанасавіч, капейчынай, без якой не купіш дзеўкам ні апранахі, ні абутку, ні нешта неабходнае для сябе, нават не пахла. Бо там пры разліку за работу тон бяруць голыя палачкі-працадні, і калі б не ўласны агародчык, які даваў магчымасць (хай сабе па мінімуме) быць пры кавалку хлеба і бульбіне, дык сям'я Цімоха Стрыка сядзела б на галодным пайку.

Ён добра запомніў мудрыя бацькавы словы: праца і рукі — добрыя зарукі. Яны не падвядуць у любой жыццёвай сітуацыі. Яны, як бы ні было цяжка спачатку, у рэшце рэшт выведуць на бальшак. І яшчэ: удача прыходзіць да таго, хто яе чакае. Хто ў яе безаглядна верыць. Таму ў тыя кашы па азярынках ды сажалках рыбу затоптваў, каб не толькі для сябе, але і ў райцэнтры прадаваць; і лазовую, і крушынавую кару драў — высушваў, каб потым у райспажыўтаварыства здаць. Ды многа што яшчэ рабіў дзеля той капейчыны.

Падспор'е, як ні кажы, але хочацца мець нешта перспектыўнае, надзейнае, якое б дазволіла больш устойліва адчуваць сябе ў матэрыяльным плане. От, калі б гэта была карова, а ў падмогу да яе — свінаматка. Тады б лягчэй было дыхаць. Але, як кажуць, марыць — не шкодна. Шкодна не марыць. А пакуль Цімох Апанасавіч завіхаўся самай звычайнай будзённасцю, якой запаўняліся ўсе дні. Адзін з іх, позневосеньскі, як выявілася пасля, аказаўся зусім нетыповы, шчасліва непрадказальны. Бо на цэлых паўгода асвятліў яго сям'ю радасцю. А было гэта так.

З канца верасня пачалі лупіць зацяжныя дажджы, якія прыхапілі кастрычнік і пачатак лістапада. Вада ў рэчках паднялася так, што ледзь не дасягнула вясновага ўзроўню. А потым падкраліся бязветраныя маразы і скавалі водныя прасторы такім слізкім лёдам, па якім хадзіць было небяспечна. Ды гэта было наруку Цімоху Стрыку. Ён, нядоўга думаючы, вырабіў з бляхі дзёркі, прывязаў іх да керзачоў і смела браў у іх патрэбныя кірункі.

Часцей за ўсё гэта былі берагі рэчкі, дзе пад празрыстым, як шкло, лёдам спакойна сябе адчувалі мянтузы, шчупачкі ды плоткі. Супраць іх Цімох пускаў спецыяльна змайстраваную чакуху і ніколі не заставаўся без рыбы. Наступны яго маршрут пралягаў на засажэўскі луг, дзе разраслося вербалоззе. Тут у ход ішла сякера, і дадому ён дастаўляў цэлы воз тоўстага лазняку. Для ацяплення сваёй хаты і на продаж яўрэям, якія казалі так: лазовыя дровы — не дровы, хоць ракам у грубе стаяць, ды жарка гараць. І ахвотна куплялі іх.

Дык вось, у той вышэйназваны дзень Апанасавіч вырашыў адправіцца ў лес па смалякі, для чаго прыхапіў сякеру, некалькі мяшкоў і на ўсякі выпадак — чакуху (каб праверыць, ці ёсць рыба на азярыне). Усё яму тады ўдалося: і смалістых карчоў здабыў, і пяць ладных шчупакоў. З гэтым і ўзяў курс дадому. Наваколле ўжо ахапіў змрок.

Азярыну тую ад таксама замерзлага Сожа аддзяляла трыццаціметровая палоска лугавіны. Ісці ў тых дзёрках па зямлі было нязручна, і вясковец «распрог» боты, вырашыўшы абламаць куст каліны, які прыкмеціў яшчэ з раніцы. Завіхаючыся каля яе, ён раптам пачуў ззаду сябе нейкі шоргат. Азірнуўся і ледзь не самлеў: на яго несліся два нейкія цені-прывіды. З усіх ног шмаргануў Цімох Струк на азярыну (добра, што яна была блізка), і керзачы вынеслі яго далёка ад берага. Два ж звяругі з разгону ўляцелі на слізкі лёд і, раскірэчыўшыся, ёрзаліся на ім.

У Апанасавіча ад жаху валасы сталі дыбам. Вяпрукі! Круцяцца на месцы, не могуць падняцца на капыты, бездапаможныя. Што рабіць? Даваць драпака, покуль не позна, нервова падумаў Стрык і прыладзіў да ботаў дзёркі, якія пакідаў на санках. Упрогся ў іх і рушыў у бок Сожа. Перш чым ступіць на тую паласу, азірнуўся. Вепрукі па-ранейшаму коўзаліся на лёдзе, і ён, крыху вагаючыся, прыхапіўшы чакуху і сякеру, пайшоў да іх. Хвілін пяць прыглядаўся. Думаў. Пудоў па шэсць-сем кожны. Грозныя звяругі, а на лёдзе, без снегу, бездапаможныя. Не скора агоўтаюцца. Не скора... А што, калі...

З гэтымі думкамі мужык (адкуль і ўзялася смеласць?) так чакухай пачаў куёшыць клыкастага дзіка па галаве, што той хутка заціх. Скінуўшы мяшкі са смалякамі і пагрузіўшы на санкі вепрука, па дарозе дадому ён шкадаваў, што не прыкончыў і таго, другога звера. І думаў, як будзе апраўдвацца, калі міліцыі стане вядома пра яго здабычу. Ды нічога: скажа, што абараняўся ад нападу. А яшчэ вырашыў заўтра ранічкай зноў завітаць на азярыну па лёгкую здабычу: не пашкодзіць яна сям'і. Будзе добрай паядухай.

Але наступны дзень Цімоха Стрыка расчараваў. Бо ноччу ваўкі так растрыбушылі таго дзіка, што не пакінулі Апанасавічу ніводнага кавалачка свежаніны. А да яго смалякоў яны не праявілі ні грама цікавасці...


Ангідрыд твой перакіс марганцу

Нядаўна чарговы раз пабываў у сваім родным Чачэрску. Перш чым наведацца ў сям'ю малодшага брата, прайшоў па Замкавай гары, дзе стаіць помнік загінулым у час Вялікай Айчыннай вайны вызваліцелям горада; па парку, адкуль адкрываюцца заснежаныя, аж да самага лесу, краявіды сцішаных прырэчных (Чачэры і Сожа) лугоў; некалькі хвілін у задуменні пастаяў каля будынка школы, дзе вучыўся. Так, сёлета споўніцца 62 гады, як мы, 28 выпускнікоў дзясятага «А» класа, адчулі за сваёй спінай крылы для самастойнага жыцця і разляцеліся хто куды. З наказамі-павучаннямі, якія нам далі нашы бацькі і настаўнікі. Якія нас выхоўвалі не адзін і не два гады. Якіх няма ўжо на гэтым свеце. Якім мы шчыра ўдзячны і якім многім абавязаны. І якіх мы ніколі не забудзем.

Яны былі розныя на характары, але нязменныя ў адным: кожны валодаў высокім педагагічным майстэрствам і ўмеў прыпаднесці свой прадмет так, што ты яго грунтоўна засвоіш і не правалішся пры паступленні ў тэхнікум ці вышэйшую навучальную ўстанову. Гэта я ведаю з прыкладу свайго класа: хто меў намер вучыцца пасля школы далей, той і ажыццявіў задуманае без асаблівых цяжкасцяў.

Так, нельга было не захапляцца ўрокамі выкладчыка гісторыі Уладзіміра Мікалаевіча Новікава. Ён не даваў нікому з нас ні хвіліны для расслаблення і трымаў клас у напружанні. Часта пры апытанні зададзенай тэмы ў яго адначасова былі задзейнічаны тры чалавекі: двое пісалі даты на дошцы, а трэці адказваў на пытанні. Ды не толькі самога настаўніка, але і вучняў, якіх ён тут жа прызначаў для гэтага. Такім чынам, працаваў увесь клас. Бывалі выпадкі, калі тэму наступнага ўрока Уладзімір Мікалаевіч не тлумачыў (маўляў, самі дома прачытаеце па падручніку), а прыводзіў такія падрабязнасці да той тэмы, якія ён вывуджваў са спецыяльнай літаратуры, недаступнай для нас.

А франтальныя апытанні... Гэта калі пасля заканчэння чвэрці на адным уроку трэба было ўспомніць увесь пройдзены матэрыял. На партах пуста, а адказы кароценькія (з месца не трэба ўставаць), і па трох-чатырох іх настаўнік кожнаму вучню (кожнаму!) выстаўляе адзнаку, якая можа быць вырашальная (ніжэйшая ці вышэйшая за бягучыя ацэнкі). Нельга пералічыць і іншыя педагагічныя прыёмы гісторыка. Але пра яшчэ адзін скажу. Ён мог аднаго і таго ж вучня або некалькіх адразу коратка апытваць на кожным уроку, і мы канстатавалі: «ловіць» на двойку. Таму і вучылі яго ўрокі як след. І расслабляліся, калі ў жартаўліва-сур'ёзным тоне ён прамаўляў: сёння ты зарабіў «чатыры» (або «тры» ці «пяць») плюс-мінус адна трыста дваццаць пятая. Ці нешта падобнае. А было і так, калі прапаноўваў (з абгрунтаваннем, вядома) даць сваю ацэнку таму, хто стаяў каля дошкі, прызначанаму ім вучню. Такая вось «гульня» нам вельмі падабалася.

Шмат пазнавальнага і цікавага было на ўроках настаўнікаў: фізікі — Івана Маркавіча Гарбачова, у каторага атрымаць «чацвёрку» было ой як няпроста; рускай і беларускай мовы — Яўгеніі Фёдараўны Пазняковай і Фаіны Захараўны Левінай; матэматыкі — Вольгі Васілеўны Ермаковай; нямецкай мовы — Валянціны Іванаўны Ліпчанскай; ваеннай падрыхтоўкі — былога партызана — Івана Пракопавіча Зубава; фізкультуры — афіцэра ў адстаўцы Аляксандра Фёдаравіча Бахвалава.

Асобна хачу расказаць пра выкладчыка геаграфіі Майсея Барысавіча Кадзіна, чалавека-эрудыта, які, здаецца, ведаў усё і якога мы лічылі трохі дзіваком. Ні ў адной школе раёна не дэманстраваліся тады дыяфільмы, а ў Кадзіна — калі ласка. Прычым з такімі вось нюансамі: пры апісанні экранных Каўказскіх гор ён казаў (жартам ці ўсур'ёз — не ведаем), што з іх ён па-заліхвацку з'язджаў на лыжах, а на спуску яго чакала Роза Самуілаўна (яго жонка, настаўніца батанікі). Прызнацца, мы не верылі гэтаму, бо на тых гарах можна было скруціць галаву, а Майсей Барысавіч — жывенькі і вясёленькі.

Седзячы спінай да карты і тлумачачы новы матэрыял, ён беспамылкова паказваў указкай тыя краіны, рэкі, гарады, якія называў. І патрабаваў амаль на кожным уроку вучняў, якіх апытваў, паказаць самую паўднёвую кропку Савецкага Саюза — горад Кушку. І нерваваўся, калі той блукаў па карце. Тады садзіўся на стул і торкаў указкай у названую кропку. Гэтак жа беспамылкова.

А вось што не любіў Майсей Барысавіч, дык гэта тое, калі даведваўся, што вучаніцы ходзяць на танцы. Варта было пераростку Івану Сініцыну пры выкліку да дошкі той ці іншай дзяўчыны з месца сказаць, што яна хадзіла на танцы, як настаўнік засыпаў яе такімі пытаннямі, якія нярэдка «пахлі двойкамі». І яшчэ: Кадзін не вытрымліваў, калі нехта парушаў дысцыпліну (дурэў на перапынку, размаўляў на ўроку, не слухаў яго тлумачэнні). У падобных выпадках ён стукаў указкай па стале і ці то ўсур'ёз, ці то ў жарт (цяжка было разабраць) заяўляў усяму класу: «Калі вы будзеце сябе так паводзіць, дык я з вас «вату» зраблю». У тым сэнсе, напэўна, што будзем «мякенькімі».

Добра помніцца мне і настаўнік хіміі Барыс Навумавіч Фаерман. Ён жартаўніком быў. Іншым разам пры ўваходзе ў клас, калі мы яшчэ не адышлі ад шумлівага перапынку, казаў: «Вы што, балдзелі і не ведалі, калі з-за вугла паказаўся нос, дык праз тры хвіліны з'явіцца сам Фаерман?» Калі хто не вывучыў урок ці нешта ўтварыў непрыстойнае, Барыс Навумавіч у адносінах да таго прымяняў «хімічную» лаянку: ангідрыд твой перакіс марганцу! Аднойчы ўжыванне яе прывяло да страшэннага скандалу. А было гэта ў восьмым класе.

Лёнька Маглышаў «плаваў» на ўроку, і, калі настаўнік пасля ўказанай «лаянкі», пачаў выстаўляць яму адзнаку ў дзённік, Лёнька вырваў з рук і спрабаваў уцячы. Але Барыс Навумавіч схапіў яго за каршэнь і штурхануў з такой сілай, што той вылецеў за дзверы і апынуўся пад сцэнай, дзе ўборшчыцы трымалі свой інвентар. Ён схапіў венік, віхурай уляцеў у клас і... заехаў ім па твары настаўніка. Пасля чаго збег.

Вядома ж, яго выключылі са школы, і некалькі тыдняў ён не хадзіў на заняткі. Старэйшы яго брат Уладзімір, даўшы добрага прачуханца яму, дабраўся да раённых улад з пытаннем аб адпаведнасці настаўніка Фаермана яго высокаму прызванню.

Катавасія працягвалася некалькі месяцаў. У выніку бакі памірыліся. Але наступныя два гады Барыс Навумавіч у нашым класе не выкладаў. А Лёнька паступіў у Гомельскі чыгуначны тэхнікум, пасля завочна закончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту і стаў у Бабруйску адным з вядомых там прадпрымальнікаў. Некалькі гадоў таму ён, як мне казалі, памёр за рулём уласнай легкавушкі, калі вяртаўся з Мінска.


Вясне — дарогу!

Тры тыдні не было магчымасці наведацца да Сожа, як гэта рабіў кожны дзень. У бальніцы знаходзіўся і, як толькі выпісаўся, адразу ўзяў кірунак на рэчку. Звычка, нічога не скажаш, даўняя. З дзяцінства і юнацтва. Бо на вадзе вырас, на ёй і гадаваўся. У любую пару года, у любое надвор'е цягне да яе, да вады. Хай сабе і закаваная яна ў лядовы панцыр, але жыццё там ідзе, пульсуе. І гэта трэба адчуваць.

24 сакавіка. Субота. Выхадны дзень. Сонечны і крышачку марозны. Цёпла і адначасова халаднавата ў залежнасці ад таго, дзе знаходзішся: каля крутых схілаў Гомельскага парку, набярэжнай Сожа ці на пешаходным мосце праз яго. Але адтуль і адтуль у вочы кідаюцца вось такія дзівосы.

У спецыяльна вырубленай палонцы весела плёхаюцца два «маржы». Адзін з іх (відаць здалёк), калі выйшлі на бераг расцірацца ручнікамі, здаровы, у целе, яшчэ ў снезе пакачаўся, другі ж, нізкі, сухарэбры (падумалася: не «морж», а «ёрш») бадзёра рукамі размахвае, на месцы падскоквае. Не баяцца мужыкі холаду, у палонку некалькі маладых хлопцаў запрашаюць, што падышлі, а тыя — ні ў дугу.

Метраў за дваццаць ад «маржоў» двое рыбакоў зімнімі вудамі раз-пораз шморгаюць. А міма іх каньковым ходам тры дзяўчыны на лыжах снег рэжуць. А паралельна набярэжнай, дзе катар прарэзаў паласу лёду ад вяслярнай базы да Кіеўскага спуску і ніжэй байдаркі і каноэ снуюць. Адзін з трэнераў спартсменаў, усцягнуўшы лодку на лёд, каманды ім падае з рупара. І гэта ніколечкі не палохае чародку дзікіх качак, што смела праляцела паўз пешаходны мост і апусцілася на ваду трохі ніжэй па цячэнні. Каб яны нікому не перашкаджалі. І каб ніхто не перашкаджаў ім.

Вырашыў зазірнуць на супрацьлеглы бераг. «Маржоў» ужо і след прастыў, а рыбакі па-ранейшаму на лёдзе. Не два, а чатыры ўжо. Папаўненне. «Як са здабычай?» — пытаю. Тыя, двое, хваляцца: па пяць акунёў маюць. А гэта — цэлая патэльня. Трэці смяецца: «Кошка сердаваць будзе», і паказвае трафей — нягеглага ёршыка. А чацвёрты пры мне вышмаргнуў ладнага ментуза і тут жа адпусціў яго (забарона на лоўлю гэтай рыбы падчас нерасту) і заявіў, што яму не так важна здабыча рачных насельнікаў, як сам працэс лоўлі. З гэтым ніхто спрачацца і не думае.

Зарэчны парк. І тут лыжнікі шнуруюць, бо снегу яшчэ дастаткова. Але дзе-нідзе на сонечных угрэвах з праталін-прасветлін выторкаецца счарнелая трава, за якой неўзабаве пойдзе і зялёненькая.

Дзе б ні праходзіў я ў той дзень па парку, на рэчцы, колькі ні сустракаліся мне па дарозе гамяльчане, заўважаў: настрой ва ўсіх прыўзняты. Інакш не магло быць: вясна прыйшла. Вясне — дарогу!

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Загаловак у газеце: Праца і рукі — добрыя зарукі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.