Вы тут

Вынікі другога дня наведвання Прэзідэнтам Брэсцкай вобласці


У суботу Аляксандр Лукашэнка наведаў Брэсцкую пагранічную групу, якая ахоўвае мяжу з Польшчай і Украінай працягласцю больш за 349 кіламетраў. Спачатку кіраўніку дзяржавы далажылі аб стане спраў на ўчастку, паказалі тэхніку, а таксама спартыўную залу, у якой займаюцца вайскоўцы.


Фота: БЕЛТА

За мір у Беларусі, рэгіёне, на планеце

Пазней на ўрачыстым пастраенні асабовага складу Брэсцкай пагранічнай групы і курсантаў Інстытута пагранічнай службы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прысутных са стагоддзем утварэння органаў пагранічнай службы Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем адзначыў, што сёння ў свеце па-ранейшаму трывожна і непрадказальна. Ваеннае проціборства адбываецца практычна на ўсіх кантынентах планеты, таксама нагнятаецца сілавое супрацьстаянне, у тым ліку непасрэдна на мяжы з Беларуссю.

"Прычым вы, як ніхто іншы, ведаеце, што ўзброеныя сутыкненні пачынаюцца менавіта на граніцы, — адзначыў беларускі лідар. — Няпростыя мiжнародныя абставiны і небяспека тэрарыстычных актаў прымушаюць бесперапынна падтрымліваць высокі ўзровень баявой гатоўнасці пагранічных органаў".

Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што для павышэння баяздольнасці і мабільнасці пагранічныя войскі аснашчаюцца найноўшымі ўзорамі тэхнікі і ўзбраення. Акрамя таго, абсталёўваюцца рубяжы, будуюцца сучасныя комплексы застаў, паляпшаюцца бытавыя ўмовы асабовага складу.

Прэзідэнт падкрэсліў: сёння беларускія памежнікі фактычна стаяць на варце не толькі нацыянальных інтарэсаў сваёй краіны, але і рэгіянальнай, а таксама міжнароднай бяспекі.

"Знаходзячыся на ключавых транзітных шляхах, якія вядуць на Поўнач і Поўдзень, у Еўропу і Азію, Беларусь з'яўляецца надзейным партнёрам многіх дзяржаў у папярэджанні і спыненні трансгранічнай злачыннасці, нелегальнага бізнесу і іншых негатыўных працэсаў, — адзначыў беларускі лідар. — Нашым вайскоўцам удалося значна знізіць наплыў нелегальных мігрантаў у дзяржавы Еўрасаюза".

Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што сістэматычна на мяжы выяўляюцца асобы, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку, сумесна з іншымі праваахоўнымі органамі рэгулярна выкрываюцца каналы наркатрафіка.

"Вы — носьбіты слаўных баявых традыцый, і павінны заўсёды памятаць пра гэта. Вам не трэба казаць, што порах трэба трымаць сухім. Вы яго кожны дзень, кожную гадзіну, суткамі трымаеце сухім. Менавіта пагранічныя войскі — адны з нешматлікіх, а можа быць і адзіныя, якія ўвесь час знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасці. Гэтую гатоўнасць неабходна падтрымліваць на належным узроўні і ўсебакова павышаць сваё майстэрства", — сказаў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што гарантаваць надзейную бяспеку на граніцы без падтрымкі мясцовага насельніцтва немагчыма, таму неабходна ўвесь час узаемадзейнічаць з жыхарамі памежжа.

Перамога — савецкага народа

Пасля гэтага Прэзідэнт адправіўся ў Брэсцкую крэпасць, дзе ўсклаў кветкі да манумента, а потым адказаў на пытанні журналістаў.

Першае пытанне датычылася таго, што Беларусь нібыта займаецца гістарычным сепаратызмам — такія паведамленні з'яўляюцца ў прэсе саюзнікаў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сочыць за гэтай тэмай, пасля чаго выказаўся даволі рэзка і крытычна:

"Камусьці карціць, што дзіўна — у Расіі, прыватызаваць гэтую Перамогу. Як быццам не было на вайне іншых — беларусаў, украінцаў, грузін, армянаў, таджыкаў, туркменаў... Увесь Савецкі Саюз ваяваў, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Загінулі нават не сотні і не тысячы, а сотні тысяч. Мы кожнага трэцяга скалечылі і страцілі. Уся Беларусь — гэта помнік. Тысячы спаленых вёсак, ні ў чым не вінаватых людзей, старых, дзяцей".

І агульнай святыняй для многіх народаў з'яўляецца Брэсцкая крэпасць, дадаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, дзяліць Перамогу — гэта ліць ваду на млын сапернікаў і праціўнікаў. Прэзідэнт падкрэсліў, што вельмі негатыўна ўспрымае падобныя заявы, што хтосьці гэтую Перамогу заваяваў у адзіночку.

Пачалі ўжо чапляцца і да свят, што праводзяцца ў Беларусі, традыцый, дадаў кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, акцыя "Беларусь памятае" — Прэзідэнт нагадаў, што і ў савецкай час існавалі шэсці ветэранаў да помнікаў з партрэтамі загінулых і дзяржаўнымі сімваламі, каб ушанаваць памяць.

На жаль, усё гэта было страчана ў пачатку 90-х гадоў – падчас "нацыяналістычнага чаду", але, як адзначыў беларускі лідар, з яго прыходам на пасаду Прэзідэнта традыцыя шэсцяў і акцый па просьбе ветэранаў была адноўлена. Дарэчы, у іх Аляксандр Лукашэнка прымаў удзел асабіста, людзі ішлі з партрэтамі, нацыянальнымі чырвона-зялёнымі сцягамі — і тады яшчэ "Бессмяротнага палка" не было. "Дык нам што зараз, перакрэсліць нашу традыцыю, выкінуць нашы чырвона-зялёныя стужачкі і бегчы за кімсьці?" — спытаў ён у адказ.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сэнс і мэта абедзвюх акцый аднолькавыя — ушанаваць памяць загінулых, таму прыватызацыі быць не павінна, паколькі перамог савецкі народ. Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў і іншы папрок у СМІ: нібыта ў нашай краіне ёсць свая перамога — 3 ліпеня замест 9 мая.

Прэзідэнт нагадаў, што ў нашай краіне на Дзень Перамогі ў юбілейныя даты праводзяцца ваенныя парады, тады як у астатнія гады парад праводзіцца 3 ліпеня — у дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што сімвалізуе і вызваленне Беларусі ў цэлым. Ён таксама дадаў, што гэтая дата была зацверджана ў якасці Дня Незалежнасці на рэферэндуме.

Днямі пачуем новыя факты

Другое пытанне датычылася апошніх паведамленняў аб гучных карупцыйных справах — у прыватнасці затрымання памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гродзенскай вобласці Сяргея Раўнейкі.

Паводле слоў Прэзідэнта, Раўнейка трапіў у поле зроку больш за паўтара года таму. Перш за ўсё тут спрацавалі дэкларацыі аб даходах: калі ішло кадравае вывучэнне, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, адкуль у гэтага чалавека такая раскоша: аўтамабілі і кватэры — да дзясятка.

"Але падазрэнне падазрэннем, нейкія былі факты, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Некаторыя бізнесмены звязаны з чыноўнікамі, дык чыноўнік нешта ім робіць. А гэты, дапусцім, каб у Гродзенскай вобласці тытунём гандлявалі, кажа: вы мне плаціце за гэта. Паводзіў сябе як злачынец, самы сапраўдны бандыт".

Беларускі лідар расказаў, што для доказу злачынстваў быў патрэбны выключны факт — так і адбылося: гаворка пра тыя самыя 200 тыс. долараў. Дарэчы, падчас аперацыі, санкцыянаванай самім кіраўніком дзяржавы, Раўнейка быў затрыманы з гэтымі грашыма на руках.

Яшчэ Прэзідэнт расказаў, што днямі мы пачуем новыя факты. Некаторыя людзі ўжо знаходзяцца ў следчым ізалятары, а цяпер рыхтуюцца матэрыялы, якія перададуць сродкам масавай інфармацыі. Ён таксама дадаў, што яму непрыемна даведвацца аб падобных фактах. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Пасланні народу і парламенту ён не тонка — буйна намякнуў, а яшчэ пазней сказаў, што на волі лепш жабраком, чым багатым у турме.

"З усімі будзе тое ж самае, калі будзе выяўлена", — падкрэсліў ён.

Пра работу з моладдзю

Апошняе пытанне датычылася БРСМ: што неабходна для больш эфектыўнай работы гэтай маладзёжнай арганізацыі ў сучасных умовах, спыталі ў Аляксандра Лукашэнкі.

Прэзідэнт адзначыў, што патрэбна жывая работа з моладдзю, каб не было ашуканства, фармалізму, бюракратыі, якія былi ўласцівыя таму камсамолу, у якім быў ён сам, трэба больш жывой справы. Бо, напрыклад, падобныя грамадскія арганізацыі дапамагаюць сфарміраваць той жа кадравы рэзерв. І ў цэлым такую структуру, як БРСМ, можна задзейнічаць у любы час, асабліва — у цяжкі, дадаў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар звярнуў увагу, што тыя ж камсамольцы ўнеслі вялікі ўклад у перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Але сёння ў БРСМ не павінна быць тых недахопаў, што калісьці былі ў камсамола. Для гэтага не варта спяшацца, трэба не фарсіраваць падзеі і спакойна вызначыцца з напрамкамі будучай працы, лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Адміністрацыі Прэзідэнта даручана пачаць цесную работу з БРСМ, каб рэструктурызаваць дзейнасць аб'яднання, вызначыць тыя самыя кірункі працы. Дарэчы, сам кіраўнік дзяржавы ў найбліжэйшы час асабіста сустрэнецца з кіраўніком гэтага і іншых грамадскіх аб'яднанняў, таксама на сустрэчы будуць прысутнічаць і найбольш актыўныя ўдзельнікі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.