21 Верасень, пятніца

Вы тут

Міністр прыроды: Стаўленне да экалогіі становіцца больш свядомым


Хто дапамог Белгідрамету зрабіць магутны рывок у будаўніцтве новых метэастанцый? Што трэба, каб беларускія гарады сталі зялёныя, а землі — чыстыя? Пра гэта і многае іншае напярэдадні Дня навакольнага асяроддзя расказаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык.


Фота Яўгена Пясецкага.

Важней за ўсё — прагноз надвор'я

— Андрэй Паўлавіч, прызначаючы вас на пасаду ў верасні мінулага года, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паставіў некалькі задач першачарговай важнасці. Як яны вырашаюцца?

— Зрухі ёсць па ўсіх кірунках. Найбольш складаная задача — гэта развіццё мінеральна-сыравіннай базы. У нас няма права на памылку, таму павышаная ўвага ўдзяляецца якасці геолагаразведкі. Мэтазгоднасць здабычы таго ці іншага віду сыравіны ў цяперашні момант дыктуе эканоміка.

Прэзідэнт пагадзіўся з нашымі падыходамі адносна ўдасканалення работы Белгідрамета. Мы атрымалі сур'ёзную фінансавую падтрымку, дзякуючы якой будуем адну з самых сучасных гідраметэастанцый у Мінску; у маі адкрылі аўтаматычныя станцыі ў Лепелі і Пружанах; да канца года з'явяцца новыя станцыі ў Гродне, Шчучыне, Салігорску і Полацку. Зараз ідзе сур'ёзная падрыхтоўка, і ў наступным годзе ў Віцебску пачне працаваць доплераўскі лакатар — сучаснае абсталяванне паспрыяе дакладнасці прагнозаў. Ніколі за апошнія гадоў дваццаць у Белгідрамеце столькі не рабілася на працягу аднаго года. Максімальна высокая ступень апраўдвальнасці прагнозаў надвор'я неабходная для грамадства і для эканомікі. Сёння ў гэтым кірунку шмат зроблена, але няма мяжы дасканаласці, і нам ёсць дзе прыкласці намаганні і над чым працаваць.

Трэцяя задача датычыцца навядзення парадку на зямлі. У сталіцы, абласных і раённых цэнтрах пытанняў практычна няма — усё добраўпарадкавана і акультурана. А вось у сельскай мясцовасці пакуль не ўсё і не ўсюды ў гэтым плане добра. Асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць так званым неперспектыўным вёскам, у якіх засталося некалькі жыхароў. Трэба вырашаць пытанні з хатамі, якія ніхто не даглядае, а гэта юрыдычна не заўсёды проста. Лепш за ўсё, каб неперспектыўныя вёскі змянілі свой статус і пачалі развівацца. Гэтаму могуць садзейнічаць і дачнікі, купляючы там хаты. Таксама прадпрымальнікам варта смялей ісці ў глыбінку — дзякуючы Дэкрэту № 7 перашкод няма.

Вада... на экспарт

— Адзін час у прэсе была папулярная тэма экспарту беларускіх слімакоў. А якая яшчэ, скажам так, цікавая і незвычайная прадукцыя адпраўляецца за мяжу?

— Да гэтай катэгорыі адносяцца 9 відаў дзікіх жывёл: вінаградны слімак, лічынкі хіранамід, тры віды жаб, гадзюка звычайная, даўгапалы рак, паласаты рак і ўсходняя рачная крэветка. Акрамя слімакоў, найбольш шырока выкарыстоўваюцца ў гаспадарчых мэтах даўгапалы рак і лічынкі хіранамід, аб'ёмы экспарту якіх у 2017 годзе ўзраслі ў параўнанні з 2016-м у 2,3 раза.

— А якія экспартныя перспектывы вады?

— Ключавы момант — якасць. Ёсць праблема, ад якой нікуды не дзенешся, — павышанае ўтрыманне жалеза. Прадпрыемствы па разліве бутыляванай вады часцяком будуюцца бліжэй да буйных гарадоў (напрыклад, Мінска), дзе такая праблема — не рэдкасць. У большасці выпадкаў побач са свідравінамі даводзіцца ставіць станцыі абезжалезвання, а гэта ўжо хоць і мінімальная, але водападрыхтоўка, а паводле еўрапейскіх стандартаў, такая вада аўтаматычна выключаецца з катэгорыі прыроднай. У найбліжэйшай перспектыве плануем вылучыць і ацаніць участкі, дзе можна весці здабычу без усялякай водападрыхтоўкі на працягу доўгага часу. Інвестарам варта звярнуць увагу на Воранаўскі, Баранавіцкі, Салігорскі, Асіповіцкі, Лельчыцкі і Калінкавіцкі раёны, нягледзячы на тое, што пазначаныя там участкі трэба дадаткова вывучаць. Гэта патрабуе некаторых выдаткаў, таму многім арганізацыям пакуль прасцей і выгадней займацца не здабычай вады, а яе аднаўленнем.

Бой пластыку і энергія ветру

— Выкарыстанне якіх відаў аднаўляльных крыніц энергіі вы лічыце найбольш перспектыўным у Беларусі?

— Краіна ўсё больш актыўна выкарыстоўвае магчымасці альтэрнатыўных крыніц энергіі. Дастаткова сказаць, што ў нас ёсць раёны, як, напрыклад, Навагрудскі, дзе чвэрць (!) энергіі для спажыўцоў дае вецер.

На Гродзеншчыне, Магілёўшчыне таксама працуюць магутныя станцыі, здольныя забяспечыць электрычнасцю горад-дзесяцітысячнік. Гэта даволі перспектыўны кірунак, які мы будзем развіваць.

Можа, кагосьці гэта здзівіць, але першая атамная энергія, якую мы атрымаем пасля ўводу ў эксплуатацыю БелАЭС, — таксама «зялёны» праект, бо дазволіць нам знізіць выкіды парніковых газаў больш чым на 7 мільёнаў тон. Дарэчы, гэта толькі 25 % ад пастаўленай перад намі задачы, таму яшчэ шмат намаганняў трэба прыкласці ў гэтай сферы.

Зразумела, што наша краіна, памятаючы пра горкія ўрокі Чарнобыля, робіць усё магчымае, каб на самым высокім узроўні гарантаваць бяспеку атамнай станцыі ў Астраўцы. У гэтым пытанні мы заўсёды адкрыты для супрацоўніцтва з экспертамі профільных міжнародных арганізацый.

«Зялёная» энергія павінна прыйсці ў малыя населеныя пункты — пачынаючы з хутара, невялікай вёскі і заканчваючы райцэнтрамі, дзе няма буйных прамысловых прадпрыемстваў, а значыць, спажыванне энергіі невялікае. У гэтым ёсць логіка. І ў нас такія праекты сумесна з ПРААН рэалізуюцца.

Фота Анатоля Клешчука.

— Тэма Сусветнага дня навакольнага асяроддзя 2018 года — «Бой забруджванню пластыкам». Паводле даных ААН, каля 40 % пластыку ідзе на выраб рознай упакоўкі. Ці плануецца ў нашай краіне зрабіць захады для скарачэння яго выкарыстання ў таварах (напрыклад, забарона продажу поліэтыленавых пакетаў)?

— Гэта праблема ўзнятая на ўзроўні ўрада. У прыватнасці, Мінжылкамгасу разам з Мінпрыроды, МАРГ і іншымі зацікаўленымі ведамствамі даручана прапрацаваць пытанне абмежавання выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі ў арганізацыях гандлю і выйсці ў Саўмін з канкрэтнымі прапановамі ў найбліжэйшы час. Акрамя таго, сёлета плануецца правесці даследаванні марфалагічнага саставу палімерных адходаў, што ўтрымліваюцца ў ЦКА, з наступным унясеннем ва ўрад прапаноў аб неабходнасці распрацоўкі праграмы па іх другасным выкарыстанні.

На добраўпарадкаванне Свіслачы — тры гады

— Кожны год у Беларусі абнаўляюць рэйтынг самых чыстых і самых брудных вадаёмаў. Які ён сёння? І што робіцца, каб сталічная рака Свіслач — «антылідар» апошніх гадоў — стала больш чыстай?

— Даныя Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя дазваляюць казаць, што колькасць проб з павышаным утрыманнем у іх біягенаў, нафтапрадуктаў і інш. паступова зніжаецца. Наяўнасць проб з утрыманнем жалеза агульнага і медзі, што перавышаюць нарматывы, па-ранейшаму звязана з уздзеяннем прыродных фактараў, якія не паддаюцца рэгуляванню. У прыватнасці, яны павялічыліся таму, што было шмат малаводных перыядаў.

У цэлым пераважная колькасць участкаў вадацёкаў (91,5 %), ахопленых рэгулярнымі назіраннямі, адпавядае «добраму» і «выдатнаму» гідрахімічнаму статусу.

Значную антрапагенную нагрузку адчуваюць 8,5 % паверхневых водных аб'ектаў (іх участкаў). Спіс такіх вадацёкаў і вадаёмаў не змяніўся, у яго склад уваходзяць: рэкі Свіслач (н. п. Каралішчавічы, Свіслач), Лошыца (г. Мінск), Уза (10 км ПЗ г. Гомеля), Пліса (г. Жодзіна), Заходні Буг і Мухавец (г. Кобрын), Лясная Правая (н. п. Каменюкі), Ясельда (ніжэй г. Бярозы), Морач (н. п. Яськавічы), Уша (ніжэй г. Маладзечна), а таксама азёры Мёрскае, Лядна і Кагальнае, Асіповіцкае вадасховішча. Асноўная прычына павышанай антрапагеннай нагрузкі на паверхневыя водныя аб'екты — як кропкавыя, так і дыфузныя крыніцы забруджвання.

Наконт Свіслачы ёсць адпаведнае распараджэнне Адміністрацыі Прэзідэнта, а Мінскім гарвыканкамам распрацаваны і зацверджаны мерапрыемствы па аздараўленні гэтай ракі і яе прытокаў, а таксама па добраўпарадкаванні тэрыторый, прылеглых да іх. Работы ажыццяўляюцца ў асноўным за кошт сродкаў, прадугледжаных мясцовым бюджэтам і інвестыцыйнай праграмай горада Мінска. Кантроль за рэалізацыяй гэтых мерапрыемстваў Мінгарвыканкам пакінуў за сабой. У адпаведнасці з планам работы павінны быць завершаны да 2021 года.

Забруджвальнікі — на абясшкоджванне!

— Якія мерапрыемствы па выкананні палажэнняў Стакгольмскай канвенцыі аб стойкіх арганічных забруджвальніках праводзяцца сёння ў нашай краіне?

— Для выканання абавязацельстваў, прынятых Беларуссю, рэалізуецца падпраграма 3 «Абыходжанне са стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі» Дзяржпраграмы «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў на 2016—2020 гады».

Сярод асноўных мерапрыемстваў падпраграмы — вядзенне і актуалізацыя Адзінай базы даных аб САЗ (яна ўтрымлівае інфармацыю пра пестыцыды, аб'екты іх размяшчэння і забруджаныя імі тэрыторыі, крыніцы выкідаў САЗ у выніку іх ненаўмыснай вытворчасці, пра колькасны састаў САЗ у аб'ектах наваколля). Акрамя таго, праводзіцца маніторынг гэтых рэчываў у кампанентах прыроднага асяроддзя; вядзецца работа па ўдасканаленні сістэмы ўліку выкідаў САЗ; рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў па перапакаванні і вывазе на даўгачаснае захоўванне для далейшага абясшкоджвання непрыдатных пестыцыдаў Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей; ідзе працэс ліквідацыі Петрыкаўскага захавання непрыдатных пестыцыдаў і інш.

На базе КУП «Комплекс па перапрацоўцы і захаванні таксічных прамысловых адходаў Гомельскай вобласці» плануецца стварыць стратэгічна важны для нашай краіны аб'ект абясшкоджвання небяспечных (таксічных) адходаў, на якім будзе адбывацца іх канчатковае знішчэнне.

— Сёння вельмі актуальная праблема ўтылізацыі медыцынскіх адходаў...

— Гэта пытанне знаходзіцца пад кантролем Мінпрыроды і Міністэрства аховы здароўя. На пачатку года адбылося сумеснае пасяджэнне калегій двух ведамстваў, дзе абмяркоўвалася выкананне заканадаўства аб абыходжанні з небяспечнымі медыцынскімі адходамі.

Гэты від адходаў значна адрозніваецца ад іншых адходаў і патрабуе асаблівай увагі, што абумоўлена наяўнасцю ў іх складзе ўзбуджальнікаў розных інфекцыйных захворванняў і таксічных рэчываў. Аб'ёмы іх утварэння растуць штогод. Так, за перыяд з 2012-га да 2017 года гэты паказчык павялічыўся больш чым у тры разы (у 2016-м іх утварылася 16,9 тыс. т).

Для рашэння праблемы неабходна ідэнтыфікаваць небяспеку медыцынскіх адходаў для здароўя людзей і наваколля, а таксама выключыць пападанне неабясшкоджаных іх частак на захаванне. Мы таксама працуем над удасканаленнем заканадаўчай базы. Спецыялісты двух ведамстваў прынялі ўдзел у распрацоўцы новай рэдакцыі санітарных нормаў і правілаў «Правілы абыходжання з медыцынскімі адходамі», Мінпрыроды падрыхтаваны і накіраваны на ўзгадненне праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з адходамі». Прадугледжваецца карэкціроўка шэрагу іншых нарматыўных прававых актаў, што дазволіць больш дакладна кіраваць працэсам абыходжання з медыцынскімі адходамі без шкоды для чалавека і наваколля.

Азеляніць гарады і аднавіць землі

— Ад жыхароў краіны паступае шмат нараканняў на работнікаў сістэмы азелянення: няправільна абрэзалі дрэва, ссеклі здаровае, паменшылася колькасць хмызнякоў і інш. Як Мінпрыроды і яго падраздзяленні сочаць за сітуацыяй у гэтай сферы?

— Толькі за першы квартал 2018 года тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды выявілі больш за 40 фактаў незаконнага выдалення, пашкоджання аб'ектаў расліннага свету ў населеных пунктах, вінаватыя асобы прыцягнуты да адказнасці. Часта выяўляць такія парушэнні дапамагаюць неабыякавыя грамадзяне.

Парадак выдалення аб'ектаў расліннага свету дэтальна рэгламентаваны заканадаўствам — у якіх выпадках дазваляецца іх выдаляць, на падставе якіх дакументаў і як гэтыя дакументы афармляць. У адносінах да абрэзкі дрэў, хмызнякоў правілы вызначае Мінжылкамгас. І, зразумела, вельмі важную ролю іграе падбор кадраў у сферы азелянення — гэта павінны быць сапраўды прафесіяналы сваёй справы, тады і парушэнняў будзе менш.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з удзелам Мінпрыроды і іншых зацікаўленых цяпер праводзяць работу па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон «Аб раслінным свеце», якія ў тым ліку будуць накіраваны на ўдасканаленне парадку выдалення аб'ектаў расліннага свету, ажыццяўлення кампенсацыйных мерапрыемстваў. Адна з задач — узмацніць адказнасць заказчыкаў будаўніцтва за выкананне кампенсацыйных пасадак у тых выпадках, калі падрыхтоўчыя работы з выдаленнем выкананы, але з нейкіх прычын будаўніцтва, а разам з ім і правядзенне кампенсацыйных пасадак, зацягваецца ці зусім не завяршаецца.

— Паводле разлікаў ААН, у наступныя 15 гадоў насельніцтва гарадоў у свеце значна вырасце, што ўзмоцніць іх і цяпер складанае экалагічнае становішча. Як рэалізацыя праектаў «Зялёныя гарады» і «Сімбія Сіці» дапамагае вырашыць існуючыя праблемы?

— Міністэрства падтрымлівае праекты, якія спрыяюць камфорту і чысціні гарадскога асяроддзя. Для Беларусі гэта вельмі актуальна, бо ў нас узровень урбанізацыі складае 78 %, у той час як агульнасусветны — 55 %.

Такія праекты развіваюцца там, дзе жывуць неабыякавыя людзі і кіраўнікі мясцовай улады займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Напрыклад, адзін з самых буйных праектаў у краіне па развіцці «зялёнай» эканомікі — «Сімбія Сіці» ў Брэсце. Удзел у праекце прадугледжвае рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў і вадацёкаў — гэтага горад чакаў некалькі гадоў. Частка элементаў праекта будзе ажыццёўлена ў 2019 годзе, калі Брэст адзначыць сваё 1000-годдзе.

Таксама ў рамках «Сімбія Сіці» спецыялісты Мінпрыроды ствараюць зялёную карту Брэста, на якой пазначаюць праблемныя пункты горада. Калі зусім проста тлумачыць, то сутнасць гэтай часткі праекта ў тым, каб не перасякаліся вялікія патокі людзей падчас выкідаў шкодных рэчываў у прамысловых зонах.

Мы зацікаўлены ў рэалізацыі такіх праектаў, але трэба разумець, што, напрыклад, вельмі цікавы досвед Швецыі немагчыма цалкам скапіраваць у Беларусі. Гэта і не трэба. Стасункі з замежнымі спецыялістамі павінны даць штуршок, каб мы стварылі свае тэхналогіі, адаптаваныя пад нашы ўмовы. Усё гэта патрабуе грошай, і я лічу, што мы недастаткова прыцягваем сродкі інавацыйных, інвестыцыйных фондаў. Таксама трэба рацыянальна і з улікам нашых першачарговых патрэб выкарыстоўваць міжнародную фінансавую дапамогу.

Думаю, трэба смялей удзельнічаць у пілотных праектах. Безумоўна, неабходна вучыцца ў замежнікаў, але і свой досвед варта актыўна прапагандаваць сярод калег. Калі да нас прыязджаюць замежныя дэлегацыі, то па выніках візітаў кажуць, што ў нас таксама ўжо ёсць чаму вучыцца.

— У сельскай мясцовасці адна са значных экалагічных праблем — забруджванне глеб і водаў сцёкамі жывёлагадоўчых комплексаў. Як яна вырашаецца?

— Жывёлагадоўля — традыцыйна адна з найважнейшых галін сельскагаспадарчай вытворчасці Беларусі, і яе інтэнсіфікацыя для эканомікі краіны — жыццёвая неабходнасць. Таму і ўвага да яе з пазіцый аховы прыроды павінна быць пільнай.

Для вырашэння праблемы забруджвання наваколля ў зоне ўздзеяння жывёлагадоўчых комплексаў варта ўстанавіць пэўныя экалагічныя абмежаванні пры вядзенні жывёлагадоўлі, праводзіць даследаванні адносна мэтазгоднай колькасці жывёлы на адзінку сельскагаспадарчай плошчы, а таксама сачыць за выкананнем экалагічных патрабаванняў да тэхналогій.

Неабходны індывідуальны падыход і да выкарыстання розных відаў арганічных адходаў, транспарціроўкі і ўнясення гною ў глебу. З мэтай зніжэння ўздзеяння аб'ектаў жывёлагадоўлі на навакольнае асяроддзе сёння сельскагаспадарчыя прадпрыемствы прымяняюць тэхналогіі падрыхтоўкі гною да выкарыстання ў якасці арганічнага ўгнаення, раздзяляюць яго на фракцыі ці кампастуюць, праводзяць анаэробную апрацоўку.

Нягледзячы на тое, што ўкараненне біягазавых комплексаў па перапрацоўцы гною і атрыманні гаручага газу патрабуе значных інвестыцый, гэтыя мерапрыемствы дазволяць эфектыўна перапрацоўваць адходы на жывёлагадоўчых фермах, знізіць экалагічную нагрузку на наваколле, скараціць закупку прыроднага газу, атрымліваць якасныя сельскагаспадарчыя ўгнаенні. Цяпер на базе сельгаспрадпрыемстваў краіны эксплуатуюцца 9 такіх комплексаў.

Але забруджванне — не адзіная праблема, ад якой пакутуюць беларускія землі і глебы. Гэта таксама і дэградацыя ў розных яе формах (водная і ветравая эрозія, мінералізацыя асушаных тарфянікаў, парушэнне зямель пры распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў, правядзенне будаўнічых работ і г. д.). На вырашэнне гэтых пытанняў скіраваны Нацыянальны план дзеянняў па прадухіленні дэградацыі зямель (уключаючы глебы) на 2016—2020 гады, каардынатарам якога выступае Мінпрыроды.

Сярод задач, пастаўленых на 2018 год, — рэкультывацыя 114 унутрыгаспадарчых кар'ераў; унясенне арганічных угнаенняў агульным аб'ёмам больш за 50 млн т для падтрымання ўрадлівасці глеб сельскагаспадарчых зямель; рэканструкцыя і аднаўленне ўчасткаў меліярацыйных сістэм на плошчы звыш 34 тыс. га; перавод участкаў зямель, схільных да дэградацыі, у катэгорыю зямель ляснога фонду з ажыццяўленнем лесаразвядзення; экалагічная рэабілітацыя ўчасткаў выпрацаваных плошчаў тарфяных радовішчаў, парушаных балот; працяг работы па ўкараненні тэхналогій мінімальнай апрацоўкі глебы, тэхналогій дакладнага земляробства і іншыя мерапрыемствы.

Фота Анатоля Клешчука.

У кантакце з грамадскасцю

— Ужо шмат гадоў Мінпрыроды працуе ў галіне экалагічнай адукацыі. Ці змяняюцца адносіны ў грамадстве да пытанняў аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў?

— У нас назапашаны немалы вопыт у сферы экаадукацыі, пачынаючы з дзіцячага ўзросту. Выхоўваць адказныя адносіны падрастаючага пакалення да прыроды, фарміраваць у яго экалагічна дружалюбныя паводзіны дапамагаюць створаныя ў краіне «Зялёныя школы».

Мы максімальна выкарыстоўваем пляцоўку міжнароднага супрацоўніцтва з мэтай прыцягнення ў краіну рэсурсаў, накіраваных на забеспячэнне ўстойлівага развіцця, укараненне прынцыпаў «зялёнай» эканомікі, экалагічнай асветы.

Сёння відавочныя станоўчыя змены: у грамадстве адносіны да экалогіі становяцца больш свядомыя, людзі разумеюць важнасць рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Прыемна, што насельніцтва актыўна ўдзельнічае ў навядзенні парадку на зямлі, адгукаецца на акцыі «Уладкуем малую радзіму», «Моладзь за чысціню гарадоў і сёлаў», «Зробім!», «Тыдзень лесу», «Дзень без аўтамабіля» і інш.

Ва ўсіх рэгіёнах краіны дзейнічаюць грамадскія эколагі, а пры Мінпрыроды з 2001 года працуе грамадскі каардынацыйны савет, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі больш чым 23 грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў. Яго работа забяспечвае ўзаемадзеянне структурных падраздзяленняў Мінпрыроды з экаграмадскасцю, а таксама дазваляе выпрацаваць узгодненыя рашэнні па пытаннях прыродакарыстання, экалагічнай адукацыі, выхавання і асветы.

— Андрэй Паўлавіч, вашы пажаданні беларускім грамадзянам да Сусветнага дня навакольнага асяроддзя.

— Усіх людзей хачу заклікаць удумацца ў гэтыя словы — навакольнае асяроддзе. Гэта ж не толькі прырода, але і дом, вуліца, суседзі. Няхай кожны з нас прыкладзе хоць бы невялікае намаганне для таго, каб наваколле было прыгожым і камфортным. Давайце ўсе разам клапаціцца пра наш агульны здабытак — беларускую прыроду. А калегам хачу падзякаваць за працу і пажадаць яшчэ шмат чаго зрабіць на карысць нашай зямлі і людзей.

Вераніка КОЛАСАВА, Аксана ЯНОЎСКАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!